Огородническим опытом делится семья Сафоновых из Казимирово

Калейдоскоп

Праўду кажуць, што лепш не пускаць жонак да суседзяў – не спрыяе ўмацаванню сямейных адносін. Каму ж падабаецца, калі пачынаеш усхваляць зробленыя, а не купленыя апоры пад вінаград, цяністыя альтанкі і зручныя лавачкі? Ну а калі і на агародзе ні травінкі пры такіх дажджах, а ўсё гэта таксама справа мужчынскіх рук, дзе ж утрымаешся ад вокліку: “Ну шчасціць жа людзям”. І вярнуўшыся з Казімірова, дзе зазірнула ў кожны куток сядзібы Рыгора і Святланы Сафонавых, усім расказвала пра агародніцкі вопыт гаспадара. Упэўнена, ён будзе карысны для нашых чытачоў.

Парніковы эфект
Першае, што кінулася ў вочы – цяпліцы з дахам на розным узроўні. Метад Мітлайдара, аказваецца, гэта не толькі нізкія градкі без узнятай зямлі – так у Сафонавых пасаджана літаральна ўсе, а на агародзе толькі адна сцяжына, але і асаблівае будаўніцтва парнікоў. Бакавыя форткі і пад самым верхам дазваляюць “гуляць” халоднаму і цёпламу паветру нават пры закрытых дзвярах, а вентыляцыя спрыяе большай завязі і адсутнасці фітафторы. Вось зараз вулічныя памідоры Сафонавых ужо пашкоджаны гэтым грыбковым захворваннем, а цяплічным яно не пагражае ўжо на працягу дзесяці год. З сакрэтаў вырошчвання таматаў толькі вясенняе абеззаражванне бардоскай сумессю – праліваюць глебу, і летняя апрацоўка для лепшай завязі борнай кіслатой.
Побач з капустай цвіце палын
Акрамя вялікіх цяпліц стаялі і маленькія з адкрытым верхам – там расла пекінская капуста і чарнушка. Першую расцяць замест ранняй, бо больш любяць: лісты ідуць не толькі ў салату, але і на галубцы.
На подсціле ў парніку адпачывала кошка. “Яна тут не проста так, – зазначыў гаспадар. – Кратоў ловіць”. А акрамя гэтага існуе ў Рыгора Уладзіміравіча правераны спосаб барацьбы са шкоднікамі – падпальвае гуму, кладзе ў ход і закрывае яго зямлёй. Дакучаюць на градках мурашы – лепшым адпужвальнікам лічыць соду. Як прыхільнік усяго натуральнага, і ў барацьбе з агароднымі хваробамі не выкарыстоўвае хімію. Па капусце, цыбулі, ды па ўсіх градках растуць аксаміткі. Кажа, што любімыя кветкі, бо непатрабавальныя і карысныя. Яны, таксама як календула і палын адпужваюць розных шкоднікаў. А восенню па ўбраных градках і цяпліцах абавязкова сеяцца крыжакветныя, лепш за ўсё белая ці жоўтая гарчыца, якая выдатна абеззаражвае глебу.
З уласнага насення
Абавязковым на вялізным участку Сафонавых лічыцца севазварот. Добра, што разгуляцца ёсць дзе. Больш двух гадоў на адным месцы не садзіцца бульба. Менавіта для гэтых мэт і зараз стаіць невялікі кавалак зерневых, убрана фацэлія.
Колькі сотак займае толькі цыбуля! Выдатная, буйная – што сявок, што сямейка. Рыгор Уладзіміравіч як няспынны эксперыментатар карыстаецца рознымі сартамі, аднак, якім бы ён не быў, папярэдне абавязкова 6 гадзін апрацоўкі – па дзве ў содзе, солі і марганцоўцы. Пастаянна сочыць і за чысцінёй культур. Часнок і цыбулю, у тым ліку і сямейку, вырошчвае з насення адцвілых стрэлак. Зараз на вызваленых градках прыступіў да закладкі новых плантацый клубніц з вусоў. Усе культуры, як і кусты маліны і парэчак – даўгімі роўнымі радамі. Ля дома і на ўчастку прывітыя рукамі гаспадара яблыні і грушы. Свой першы і паспяховы прышчэп Рыгор зрабіў шасцігадовым хлапчуком пад наглядам дзеда, заўзятага садавода. Напэўна, ад яго і перадалася да прадаўжальніка роду стаўленне да кожнай расліны як да жывой істоты. А поўны парадак на паўгектарнай плошчы – як ад любові да зямлі, так і няспыннай працы на ёй – падымаецца гаспадар штодня ў палове пятай гадзіны.
Лёгкі іван-чай
На ўчастку Сафонавых шмат лекавых раслін. Іх нарыхтоўкай, выцяжкамі і настойкамі займаецца Святлана Уладзіміраўна. Залітымі кіпенем сушанымі лістамі шалфею палошчуць рот і горла пры запаленчых працэсах. Дзівасіл нездарма носіць такую назву – яго карэнні лечаць і суставы, і падагру, і цукровы дыябет, а таксама клапоцяцца пра здаровую скуру і валасы. Падушачкі з палыну кладуць у спальні, бо спыняе галаўны боль і спрыяе здароваму сну. У наваколлі з блізкім запаведнікам шмат і дзікіх лекавых раслін. І хочацца падказаць нашым чытачам лёгкі спосаб ферментацыі іван-чаю ад Сафонавых. Маладыя лісты збіраюць у час цвіцення і вельмі шчыльна ўтрамбоўваюць іх у трохлітровы слоік, закрываюць яго і ненадоўга ставяць у цёмнае месца. Як з’явіцца ружовы пах (трэба правяраць, адкрываючы накрыўку) трава вымаецца, наразаецца і высушваецца ў цёмным месцы. Духмяная, карысная і дарагая, калі набываць у магазінах, гарбата гатова.
Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *