В церкви Великомученицы Параскевы Пятницы в агрогородке Ореховно прошёл храмовый праздник

Калейдоскоп

У час святочнага богаслужэння.

Штогод 10 лістапада царква Вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы ў аграгарадку Арэхаўна апранаецца ў элегантны ўбор кветкавых кампазіцый. Удвая больш у гэты дзень і людзей на літургіі – у госці да прыхаджан на іх прастольнае свята традыцыйна прыязджаюць вернікі і духавенства не толькі з нашага раёна. Вось і сёлета ў храме сабралася больш паўсотні чалавек.

Пасля набажэнства, якое ўзначаліў настаяцель прыхода протаіерэй Вячаслаў Лобец, прысутныя прайшлі хрэсным ходам вакол храма. Усе жадаючыя мелі магчымасць у гэты дзень паспавядацца і прычасціцца.

За ўменне настаяцеля, нягледзячы на ўсе жыццёвыя цяжкасці, захоўваць сілу і веліч духа, праяўляць гаспадарлівасць у няпростых, але патрэбных справах праваслаўных прыходаў ад імя вернікаў ушацкага храма святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры дзякаваў В.Лобецу Аляксандр Радзюш. Не шкадавалі цёплых слоў у адрас бацюшкі, які стаў для ўсіх сапраўды блізкім чалавекам, удзельнікі мясцовага прыходу (дарэчы, многія – не з аграгарадка: прыязджаюць у асноўным з райцэнтра).

Хрэсны ход вакол храма

Ад раённага кіраўніцтва слова трымалі намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Ягораў і начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Пётр Алексяёнак. Яны павіншавалі настаяцеля, яго спадарожніцу жыцця і памочніцу – матушку Любоў, усіх вернікаў са святам, пажадалі далейшага развіцця і дабрабыту прыходу.

Дарэчы, для адной з самых старэйшых удзельніц мерапрыемства Зінаіды Максімаўны Зыль гэтая служба стала ў многім асаблівай. Айцец Вячаслаў павіншаваў яе з днём нараджэння і падарыў на малітоўную дапамогу абраз Казанскай Божай Маці.

Няма сумненняў: у гэты храм, любімы не толькі жыхарамі Арэхаўна, і надалей будуць ісці людзі, каб памаліцца заступніцы сямейнага дабрабыту, папрасіць Параскеву пазбавіць ад цяжкіх цялесных і душэўных хвароб.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *