

Не першы тыдзень на ўшацкіх палетках працягваецца ўборачная кампанія, і лічбы ў зводцы зноў прыводзяць да высновы, што сабраць вырашчанае – самая складаная для аграрыяў задача.
Паказчыкі ўраджайнасці зніжаюцца літаральна ва ўсіх не таму, што не ўрадзіла. На мінулым тыдні ў КУСГП “Глыбачаны” па азімым рапсе яна была самая высокая па раёне – 19,8, а сёння ўжо няма і 14-ці. Праліўныя дажджы ўкралі самы спрыяльны час. На другім месцы гаспадарка пакуль па ячменю – 25,4, але яе атрымалі на невялікай плошчы. Выдатныя віды і на гарох. Ён ужо падыходзіць і імкнецца абаперціся на трывалае плячо напарніцы-пшаніцы, аднак, канечне, саступае першачарговае месца азімым. Ім чакаць немагчыма: не любіць вятроў і дажджоў спелы ячмень, раскрывае каробачкі і выліваецца на зямлю рапс. Па-добраму, паралельна трэба ўбіраць гэтыя культуры, толькі нагрузка на камбайн тут вельмі вялікая, а з-за нізінных зямель яшчэ, бадай, і самыя неспрыяльныя ўмовы для самога жніва.Пра гэта сведчыла і вялікая колькасць тэхнікі на полі ля Бадзяліна. Двума адзінкамі на адвозцы, канечне, нікога не здзівіш, яны чакалі, калі на камбайнах загарацца чырвоныя лямпачкі. Ну а вось Сяргею Гатоўку дасталася незвычайная для жніва роля цягача – на магутным МТЗ ён чакаў, калі спатрэбіцца яго дапамога. А ёй карысталіся не раз і не два: на ўзгорыстым, парэзаным каналамі полі гразнуць у нізінах камбайны і самастойна выбрацца не могуць, а каб не ганяць тэхніку за столькі кіламетраў, яна проста дзяжурыць на жніве.
Ёсць участкі, на якія наогул не ведаюць як заехаць. Гэта дадатковыя і, прама скажам, неспадзяваныя нязручнасці – асаблівасці сёлетняга дажджлівага лета. А яшчэ ёсць і традыцыйныя, як выхад са строю ўжо няновай тэхнікі. Вось і гутарка наша з Аляксандрам Малахавым і Максімам Целяпнем адбылася ў час прастою камбайнаў, прычым па адной і той жа прычыне – не падымаў у бункер насенне элеватар.Настрой у механізатараў, аднак, быў аптымістычны. “На месцы выправім”, – сказаў Максім, які адкрыў бакавіну “Палесся” і на лесвіцы падняўся пад самы верх механізму, без якога абмалот немагчымы. Пад рукамі ў выпадку неабходнасці аказаўся б генератар і зварка – самае неабходнае для рамонту ў палявых умовах возяць на дапаможнай тэхніцы. Аляксандр наадварот, раскручваў жалезную абшыўку элеватара ў самым нізе. Насенне няспешна пасыпалася, аднак дабрацца да затору так і не атрымалася. “Гэтая культура маслянічная і моцна каксуе ўсе механізмы”, – тлумачыў Аляксандр Аляксандравіч, спрабуючы адшукаць няспраўнасць. Праўда, на полі, нягледзячы на шчырыя старанні мужчын, іх так і не знайшлі – паехалі ў майстэрню. Пагодлівы дзянёк быў згублены, а разам з ім і частка неблагога ўраджаю, што выцякаў скрозь выспелыя стручкі. Сродкаў на тое, каб закупіць клейкі апырсквальнік, які не дазваляе верхнім каробачкам раскрыцца раней, чым іх дагоняць ніжнія, не было, таму і страты непазбежныя. А гэта значыць, што ўраджайнасць насамрэч была лепшай за фактычную. І яно не дзіўна, бо пасеяна тут эліта беларускага гатунку “Мікалай”.
“Глыбачаны” ўжо здалі 100 тон масланасення ў лік дзяржзаказу і столькі ж – па “чыстай”, больш дарагой цане. Культура гэта выгадная: ніколі няма праблем са здачай, бо сыравіна патрэбна для шэрагу перапрацоўчых заводаў. Прымаюць рапс і сухім, і прама з поля. Самае галоўнае – сабраць. Вось і праходзіў пасля капрамонту абкатку трэці камбайн. Пакуль без жняяркі “бегаў” па мехдвары – рэанімавалі яго пазаштатныя работнікі Павел Павукоў і Васіль Камовіч. Нават з гэтай адзінкай нагрузка на камбайн атрымліваецца больш 400 гектараў. Дэфіцыт з зернеўборачнай, як і наогул тэхнікай, у “Глыбачанах” не першы год. Няма спраўнай ні адной уласнай машыны, таму курсіруюць на адвозцы на трактарах два Аляксандры – Баратынскі і Лях. А па неабходнасці не толькі на ўборку, але і па іншых гаспадарчых патрэбах Генадзя Радзевіча выклікаюць. Ажно з Двор Пліна на ўласным грузавіку прыязджае ветэран працы, які пачынаў вадзіцелем у саўгасе “Ушацкі”. Добра, што перапрацоўшчыкі забіраюць сыравіну самі. А іх сёлета трое. Сухое, да 8 працэнтаў вільготнасці насенне прымаў Віцебскі маслаэкстракцыйны завод, сырэйшае – у Талочыне і Лёзна.

Колькасць прадпрыемстваў, якія выпускаюць механічнае масла і рапсавы харчовы алей, з кожным годам у Беларусі павялічваецца. Як і плошчы пад перспектыўнай культурай, і запатрабаванасць у спажыўцоў. Вось і ў сталовай, якую запусцілі ў “Глыбачанах” да ўборачнай, алей таксама ў хаду. Стравы і кансервы прывезлі прама на поле, аднак Аляксандр з Максімам не паспяшаліся на перапынак. І ў звычайны дзень вельмі кароткім атрымліваецца абед. Хлопцы выкарыстоўваюць па максімуме кожную спрыяльную гадзіну, з цёмным вяртаюцца з палёў, каб кампенсаваць шматлікія замінкі сёлетняга жніва.
У гарачую пару ўборачнай кампаніі медыкі Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы, як і іх калегі па ўсёй краіне, выязджаюць на палі для кантролю здароўя аграрыяў: правяраюць агульнае самаадчуванне механізатараў і вадзіцеляў, іх артэрыяльны і ўнутрывочны ціск, сатурацыю, узровень глюкозы ў крыві. Нагадваюць хлебаробам і аб захаванні пітнога рэжыму, а таксама кансультуюць па пытаннях прафілактыкі артэрыяльнай гіпертэнзіі, цукровага дыябету і іншых хранічных захворванняў.
Вольга КАРАЛЕНКА.