Старшыня райвыканкама вельмі часта бывае ў гаспадарках раёна, пастаянна трымае на кантролі сельскагаспадарчую тэму. Сустрэча Сяргея Сяргеевіча Садоўскага з працаўнікамі “Ільюшынскага” на гэтым тыдні была нерадавой: калектыву прадстаўлены новы кіраўнік. Як мы ўжо паведамлялі, на гэту пасаду назначаны Мікіта Васільевіч Завадскі.
Ён не новы чалавек на прадпрыемстве – ураджэнец нашага раёна пачынаў кар’еру ў “Ільюшынскім” у якасці эканаміста, а апошні час выконваў абавязкі дырэктара. І зарэкамендаваў сябе даволі станоўча.
– Адказны, старанны, умее гаварыць з людзьмі і настроіць іх на работу. Хоць за плячыма Мікіты Васільевіча пакуль невялікі працоўны вопыт, але ёсць жаданне працаваць на карысць гаспадаркі і раёна. Нягледзячы на яго малады ўзрост, вы павінны паважліва ставіцца да кіраўніка і згуртавацца вакол яго”, – падкрэсліў на сустрэчы С.С.Садоўскі і, канечне, абазначыў ключавыя задачы.
Мікіта Завадскі:
“Сельская гаспадарка – няпростая, але вельмі важная сфера. Прыкладу ўсе намаганні, каб апраўдаць аказаны мне давер і дабіцца годных паказчыкаў”.
У самы бліжэйшы час ільюшынскім аграрыям трэба завяршыць сяўбу азімых культур і ўборку кукурузы. Дарэчы, апошняя культура сёлета ў гаспадарцы не ўрадзіла, і для папаўнення кармавой базы ільюшынцы нарыхтуюць сілас для свайго пагалоўя на глыбачанскіх палетках.
Каб мець прыбытак і адпаведна годную заработную плату, жыццёва важна падцягнуць паказчыкі ў жывёлагадоўлі. Гэта тая сфера, дзе можна атрымліваць прыбытак круглы год. Формула нескладаная: чым вышэй надоі і іх якасць – тым больш грошай паступіць у казну прадпрыемства. Хоць “Ільюшынскі” практычна не мае запазычанасці перад малочным камбінатам, высокімі надоямі пахваліцца не можа. Калі ў раслінаводстве многае залежыць ад надвор’я, ураджайнасці зямель, то ў жывёлагадоўлі ў большасці – ад чалавечага фактару. Таму як кіраўнік раёна, так і новы дырэктар сельгаспрадпрыемства асаблівую ўвагу работнікаў звярнулі на дысцыпліну – вытворчую і тэхналагічную. Кожны на сваім месцы павінен працаваць добрасумленна. Жывёле патрэбны якасны корм і належны догляд.
У планах на наступны год частковае абнаўленне тэхнічнага парка гаспадаркі, у 2027-2028 гадах на тэрыторыі сельгаспрадпрыемства чакаецца будаўніцтва новага малочна-таварнага комплексу. Пакуль жа ільюшынскім аграрыям трэба старанна папрацаваць на вынік – не дзеля лічбаў, а для свайго ж дабрабыту.
Вольга КАМАРКОВА


