Самый быстрый водитель на отвозке зерна в Глыбочанах!

Ими гордятся Сельское хозяйство

Вось і настаў прыемны момант ушаноўвання перадавікоў жніва. Як і прадугледжвалася ўмовамі раённага спаборніцтва, Дыплом і прэмія ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу чакала вадзіцеля, які першым у раёне перавязе 700 тон зерня ад камбайнаў. Пераможца вызначыўся на мінулым тыдні, ім стаў Леанід Мікалаевіч Сапега з КУСГП “Глыбачаны”, які з самага пачатку жніва перавозіць зерне на аўтамабілі МАЗ-555.
Хто стане першым пераможцам сярод вадзіцеляў, нельга было прадбачыць. У самым пачатку жніва розніца ў тонах паміж імі была невялікая, потым упэўнена набліжаўся да сямісот тон і быў абсалютным перадавіком малады вадзіцель з “Ільюшынскага” Раман Шопа. Менавіта яго і абышоў Л.Сапега на рубяжы названай лічбы. 
У суботу прама ў полі віншавалі пераможцу і ўручалі прэмію начальнік райсельгасхарча А.Я.Вайцянкоў і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК П.М.Хвашчэўскі. На момант ушаноўвання перадавік ужо перавёз больш 800 тон і спяшаўся хутчэй разгрузіць камбайн, каб той не прастойваў у чаканні. Пакуль зерне з камбайна сыпалася ў машыну і прайшла “хвіліна славы”. Менавіта хвіліна, бо ў гэты дзень ледзьве паспявалі разгружаць камбайны, бункеры якіх хутка напаўняліся, а адлегласць вялікая – тэхніка працавала на полі каля Усвіцы.
З пачатку жніва ў гаспадарцы ўжо намалочана больш двух тысяч тон, ураджайнасць складае каля 25 цэнтнераў з гектара. Як заўсёды, тут праводзіцца і ўнутрыгаспадарчае спаборніцтва, лепшыя працаўнікі будуць заахвочаны.
Дыплом і прэмія чакае экіпаж зернеўборачнага камбайна, які першым у раёне намалоціць таксама 700 тон. Хутка вызначыцца пераможца і ў гэтай намінацыі, хто ім стане – справа часу, аднак у ліку лідараў зноў жа ёсць глыбачанцы.
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *