Жнівень абвешчаны ў Беларусі месяцам падзейнага турызму. І гэта натуральна, бо ён лічыцца самым фестывальным – перад заканчэннем сезона адпачынкаў людзі імкнуцца максімальна папоўніць скарбонку ўражанняў, а арганізатары ў розных куточках Беларусі гатовы іх прапанаваць.
Пералічым некалькі самых адметных мерапрыемстваў – магчыма, і ўшачане захочуць да іх далучыцца. Пачнём з тых, што прывабяць гурманаў. 9-10 жніўня ў аднайменным мястэчку на Брэстчыне пройдзе фестываль “Мотальскія прысмакі”, а 16 – каравай-фэст “Бацькава булка” ў Свіслачы (дарэчы, летась ён перамог у конкурсе “Пазнай Беларусь”, дзе адзначыўся і наш “ЭкстрымПрарыў”). Аматараў сярэднявечнай культуры 9 жніўня парадуюць фэст “Навагрудскі замак” і фестываль-кірмаш “Кераміка Крэва”, а меламанаў – “Minsk Open Fest” з маштабнай музычнай і спартыўнай праграмай на стадыёне “Дынама” (15-17 жніўня) і “Wostrau Nesvizh Fest” ля сцен нясвіжскага замка Радзівілаў (23-24).
Разнастайныя відовішчы прапануюць гледачам і ў Прыдзвінні. У бліжэйшыя пятніцу і суботу ў Докшыцах пройдзе фестываль сяброўства і мастацтва “Дзве ракі”, а 9-10 у Бярэзінскім запаведніку – міжнародны фэст славянскай міфалогіі “Шлях Цмока”. Святы ў Шаркаўшчыне і Сянно (16 і 19 жніўня адпаведна) будуць прысвечаны Яблычнаму спасу, а ў апошні ўік-энд месяца фэст “Пойма” збярэ ў Цэнтры культуры “Віцебск” аматараў электроннай музыкі.
Цікавыя масавыя мерапрыемствы запланаваны і ў нашым раёне. 15 жніўня ў скверы райцэнтра пройдзе традыцыйнае Свята мёду. А 23 ва Ушачах упершыню будзе ладзіцца новы фэст з незвычайнай назвай “УХО”.