Экспериментальный полевой лагерь кольцевания птиц на Ушаччине оказался вполне успешным

Общество

“Чаму людзі не лётаюць так, як птушкі?” – усклікала ў знакамітым маналогу гераіня класічнай п’есы. І сапраўды гэтыя здольнасці крылатых спрадвеку выклікалі захапленне і нават зайздрасць у “гаспадара прыроды”. Чалавеку заўсёды было цікава, па якіх законах жыве птушыны свет. Названую тэму вывучаюць не толькі спецыялісты-арнітолагі, а і звычайныя людзі, захопленыя хараством жывой прыроды. Нядаўна ж нам выпала магчымасць далучыцца да іх суполкі і зазірнуць у таямніцы царства птушак.

У час праверкі сетак.

Напэўна, усе нашы чытачы чулі пра кальцаванне. Галоўная мэта гэтага даследчага працэсу – даведацца, дзе зімуюць розныя віды, па якіх маршрутах рухаюцца. Птушак адлоўліваюць на спецыяльных пунктах, замацоўваюць на іх лапках колцы з лічбавым кодам і ўказаннем краіны (гэта своеасаблівы птушыны пашпарт), пасля чаго выпускаюць. І калі потым на гэту асобіну натрапляюць спецыялісты ў іншай краіне, яны могуць прасачыць шляхі яе міграцыі. Стацыянарныя пункты кальцавання існуюць паўсюдна. У Беларусі іх два: у пасёлку Тураў на Палессі і ў вёсцы Сасновы Бор Расонскага раёна. А сёлетняй восенню арнітолагі грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” вырашылі ў якасці эксперыменту арганізаваць першы палявы лагер для кальцавання. І нам прыемна, што свой выбар яны спынілі на Ушацкім раёне.

Як патлумачылі спецыялісты, мясцовасць выбіраецца такім чынам, каб навакольныя кусты і дрэвы былі не надта высокімі і птушкі, што шукаюць корм у іх кронах, не праляталі над сеткамі. Такім патрабаванням цалкам адпавядалі зараснікі на ўскрайку вёскі Ветча, дзе і быў абсталяваны палатачны лагер, які працаваў на працягу тыдня. Прапанаваў жа навукоўцам гэтую пляцоўку, а таксама сваю дапамогу ў вырашэнні бытавых пытанняў мясцовы жыхар Юрый Акудовіч – спецыяліст па турызме і вялікі аматар прыроды, пра якога мы нядаўна расказвалі ў нашым выданні.

Малы дзяцел.

“Вы якраз своечасова! Мы толькі што сеткі праверылі і вяртаемся з уловам. Зараз дапаможаце нам птушак кальцаваць!” – прыветліва сустрэла нас арнітолаг Анастасія Кузьмянкова – рэгіянальны прыродаахоўны каардынатар прыгаданай вышэй грамадскай арганізацыі і кіраўнік праекта. У наваколлі лагера ля поймы ракі Ушачы спецыялісты ўсталявалі пяць сетак. Трапіўшы ў іх, птушкі аказваюцца ў своеасаблівых кішэньках, адкуль іх вымаюць і змяшчаюць у мяшочкі з тканіны, каб даставіць у лагер. Канечне, для крылатых гэта стрэс, і каб зменшыць час іх “зняволення”, абходы сетак робяцца кожную гадзіну. Але варта зазначыць, што памяць у дробных птушак кароткая – і большасць з іх у той жа дзень забывае пра свае прыгоды. Галоўная ж маніпуляцыя доўжыцца ўсяго мінуту: металічнае колца (іх, дарэчы, вырабляюць за мяжой) з дапамогай спецыяльных абцужкоў замацоўваецца на лапе, птушачка ўзважваецца і вымяраецца, вызначаецца яе прыблізны ўзрост – у малога дзятла, напрыклад – па выглядзе пер’я, а таксама колеры вачэй, гэтая ж прыкмета актуальная для лясной завірушкі, а ўзрост чарнагаловай валасянкі выдае форма пёраў хваста. Усе даныя заносяцца ў журнал.

– За першыя тры дні працы палявога лагера мы акальцавалі 114 птушак 19 відаў, – расказвае А.Кузьмянкова. – Сярод іх былі, напрыклад, вялікая сініца, пеначкі цянькоўка і веснічка, валасянкі чарнагаловая і завірушка, жоўтагаловы каралёк – дарэчы, самая маленькая птушка нашага кантыненту, вага якой усяго 5-6 грамаў, за што яе называюць “еўрапейскім калібры”.

Кальцаванне зябліка.

Непасрэдна ж нам дазволілі патрымаць у руках і выпусціць на волю зябліка і малога дзятла – апошні, па словах арнітолагаў, трапляе ў сеткі даволі рэдка, злавіць яго ў вятчанскіх кустах не разлічвалі і былі рады цікаваму экзэмпляру.

Трэба адзначыць, што ў працэсе кальцавання было задзейнічана некалькі памочнікаў. Стварэнне палявога лагера мела не толькі навуковую, а і асветніцкую мэту: сюды мог прыехаць любы сябра грамадскай арганізацыі, каб паназіраць за птушкамі ў натуральным асяроддзі, пагутарыць з прафесіяналамі і наладзіць стасункі з аднадумцамі. У момант нашага візіту ў лагеры апроч кіраўніка знаходзіліся дзве маладыя дзяўчыны, якія спецыяльна прыбылі са сталіцы, а на наступны дзень тут чакалі гасцей з Віцебска.

Да слова, у нашым абласным цэнтры, як і ў некаторых іншых гарадах, “АПБ” правяла сёлета школу бёрдвотчараў (у перакладзе з англійскай мовы – назіральнікі за птушкамі). Гэта выдатнае хобі для занятых людзей, якім хочацца часцей бываць на прыродзе, але рабіць гэта з сэнсам: назіраць за птушкамі, фатаграфаваць іх і расказваць пра ўбачанае на тэматычных сайтах. Зарадзілася яно ў Англіі і зараз шырока распаўсюджана ў ЗША і краінах Заходняй Еўропы, а апошнім часам заваёўвае папулярнасць і ў Беларусі. Вось што расказаў нам актывіст арганізацыі Аляксандр, з якім мы пазнаёміліся ў палявым лагеры:

– Жыву ў сталіцы, працую ў IT-сферы, а калі выдаецца вольны час, бяру бінокль і адпраўляюся на прыроду. Гэта вельмі захапляльна: лепш за звычайнае паляванне, бо не наносіць шкоду жывым істотам, і больш цікава, чым проста прагулка, паколькі мае навуковую падаплёку. Напрыклад, падчас апошняга паходу ў парк Горкага налічыў там каля паўсотні відаў. Прыцягнуў да свайго хобі і некаторых сяброў. Дарэчы, у пандэмічны перыяд бёрдвотчынг прываблівае людзей і тым, што не патрабуе калектыўных зносін у памяшканнях.

◆ Прыдзвінскі край арнітолагі лічаць самабытным і багатым на цікавых птушак. Сярод аб’ектаў вывучэння – змеяед і беркут, чорны бусел і сакол-каршачок, няясыць, вераб’іны і махнаногі сычы і шэраг іншых відаў. Водзіцца ў нашым рэгіёне і скапа: дзве пары гэтай чырванакніжнай птушкі былі выяўлены летась ва ўгоддзях Вялікадолецкага лясніцтва ў ходзе сумеснага абследавання, якое праводзілі супрацоўнікі “АПБ” і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Напрыканцы варта зазначыць, што эксперымент па арганізацыі палявога лагера кальцавання аказаўся цалкам паспяховым. Нам жа асабліва прыемна, што дзясяткі аматараў прыроды з усёй Беларусі будуць з захапленнем прыгадваць ушацкія краявіды, рамантычныя золкі і вечары пад акампанемент птушыных спеваў і адчуваць сваё дачыненне да годнай доследнай справы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *