31 октября в Беларуси отмечают День автомобилиста и дорожника

Общество

Паважаныя работнікі
і ветэраны аўтамабільнага транспарту
і дарожных арганізацый Ушаччыны!

Шчыра віншую вас з Днём аўтамабіліста і дарожніка!

Ад стану аўтамабільных дарог і тэхнікі, іх правільнай эксплуатацыі залежыць своечасовая дастаўка пасажыраў і грузаў, камфорт людзей. І дзякуючы вашаму прафесіяналізму забяспечваецца бесперабойная праца галіны транспарту і дарожнай гаспадаркі. Разам з тым, перад работнікамі сферы стаяць важныя задачы па павышэнні якасці і надзейнасці перавозак, мадэрнізацыі транспартнай інфраструктуры, удасканаленні сферы паслуг.

Асаблівай павагі дастойны ветэраны галіны, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё сваіх прадпрыемстваў, выхавалі дастойную змену і заслужылі пашану і прызнанне за сваю шматгадовую дзейнасць.

Прыміце словы ўдзячнасці за нялёгкую працу. Усім аўтамабілістам і дарожнікам жадаю шчасця і здароўя, ладу і дабрабыту ў сем’ях, бяспечнай і безаварыйнай работы, узаемапавагі з удзельнікамі дарожнага руху!

Старшыня Ушацкага
райвыканкама У.Г.АЎДОШКА.

 

Уважаемые работники дорожного хозяйства,
ветераны труда, работники отрасли
находящиеся на заслуженном отдыхе!

Примите искренние поздравления с профессиональным праздником – Днём автомобилиста и дорожника! Хорошая дорога – это залог того, что в районе есть перспективы, есть будущее. Спасибо вам, коллеги, за преданность профессии и ответственность по отношению к порученному делу. Желаем вам крепкого здоровья, дальнейших успехов в нашей нелёгкой работе, благополучия, хорошего настроения и удачи на жизненном пути.

Работа дорожная так нелегка,
Сегодня поздравить хотим вас друзья.
Желаем здоровья, сил и успеха,
Погоды хорошей, дорог без огрехов.
Техники новой, зарплаты приличной,
Чтобы дела шли всегда на отлично.
Чтобы работа лишь в радость была,
Дорога ровно и гладко легла.

Администрация и профсоюзный комитет
филиала «Ушачское ДРСУ № 105» КУП «Витебскоблдорстрой».


 

І стала яшчэ менш гравіек

Сваё прафесійнае свята супрацоўнікі філіяла дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення №105 сёлета сустракаюць, можна сказаць, на рабочым месцы – завяршаюць укладку асфальту на трасе Ушачы – Немірова. Нячаста такое было апошнім часам. І няхай канец кастрычніка – не самы спрыяльны месяц па надвор’і, тым не менш гэта добра, бо сведчыць пра наяўнасць аб’ёмаў. Дарэчы, сёлета іх выканалі на 300 працэнтаў больш, чым летась.

С.Шчэрбік, Д.Салодкін, М.Коўшаль, А.Емяльянаў.

Калектыў, у якім зараз працуе 55 чалавек, быў заняты цэлы год. Акрамя зімовых работ па абслугоўванні дарог ужо ў красавіку быў запушчаны асфальтабетонны завод, і палова Ленінскай апранулася ў новае палатно. Сродкі на рамонт менавіта вуліц гарпасёлка выдзелены з раённага бюджэту, аднак гэта не адмяняла ўдзелу нашых дарожнікаў у тэндары. 7600 метраў квадратных укладзена на прыгаданай вуліцы, якая з’яўляецца транзітнай. І прыкладна палова гэтага аб’ёму прыпала на рамонт участкаў Калінінскай, Полацкай, Савецкай, які завяршалі на мінулым тыдні.

Пагодлівым майскім днём укатчыкі “гуськом” хадзілі па крутых схілах Гуты, перад гэтым “размяўшыся” на роўнай шашы да Строктаў. Нямнога, па 0,9 кіламетра ўкладзена там, аднак і дарога на Матырына, і пад’езды да Гуты пазначаны ў бліжэйшых планах дарожнікаў. Былі б сродкі, а яны на такія аб’екты паступаюць з рэспубліканскага бюджэту. І прыемна, што днямі поўнасцю заасфальтаваны выезд на мінскую трасу праз Завячэлле. Няхай і за тры заходы, аднак сёлета дакладзены 2,1 кіламетра запатрабаванай шашы. А на картах дарожнікаў адбудуцца перамены: яшчэ 3,9 кіламетра ўжо не носяць статус гравійных.

В.Федарэнка, А.Селівёнак, Г.Маслоўскі, М.Паўленка.

Гэта, канечне, невялікія аб’ёмы ні для раёна, ні для арганізацыі, якая шукае іх і за межамі Ушаччыны. Сёлета супрацоўнікі ДРБУ-105 працавалі ў Шуміліне і Наваполацку. У апошнім асфальтуюць вуліцы жыллёвага катэджнага кааператыва – дагавор даўні, таму з’яўляецца ў горадзе нафтавікоў наша тэхніка па меры паступлення сродкаў. Ну а ў абласной сталіцы “Дажынак” ушачанам для добраўпарадкавання аддалі самыя цэнтральныя вуліцы. Ля вакзала, РДК, школы яны рабілі пад’езды, укладалі плітку, бартавы камень, займаліся азеляненнем. Не адмаўляюцца ад любых, нават зусім дробных заказаў накшталт асфальтавання рынку ў гарпасёлку.

На жаль, вельмі многае ў гэтай галіне залежыць менавіта ад фінансавання. А вось што застаецца нязменным у гэтым прадпрыемстве – атмасфера калектывізму, узаемадапамогі, паважлівых адносін. У любыя часы яны віншуюць з юбілеямі цяперашніх і былых работнікаў. Вось і напярэдадні гэтага прафесійнага свята будуць асабліва радавацца за Генадзя Пятровіча і Аляксандра Пятровіча Васілеўскіх. Не родныя браты і нават не радня – майстар вытворчасці і вартаўнік проста цёзкі, у якіх да таго ж практычна аднолькавы тэрмін працы ў ДРБУ-105 – 22 гады. Сёлета ім прысвоена ганаровае званне “Ветэран працы КУП “Віцебскаблдарбуд”. Ганаровую грамату галаўнога прадпрыемства атрымала начальнік планава-вытворчага аддзела Наталля Мікалаеўна Круценак, а Падзяку генеральнага дырэктара “Віцебскаблдарбуда” – дарожны рабочы Анатоль Васільевіч Емяльянаў і токар Леанід Анатольевіч Мельнікаў.

Вольга КАРАЛЕНКА.

 

Праходзьце, калі ласка, у салон

За апошнія гады нам даводзілася пісаць пра многіх работнікаў участка г.п.Ушачы філіяла АТП №6 г.Наваполацка – і трэба заўважыць, што ладзіць стасункі са спецыялістамі арганізацыі заўжды было проста і прыемна: усе яны паказалі сябе адказнымі, камунікабельнымі, добразычлівымі. Да гэтага абавязвае прафесія: вадзіцелі, якія бяруць на сябе адказнасць за жыццё людзей, механікі і тэхнічныя кантралёры, ад якіх напрамую залежыць бяспека рэйсаў, дыспетчары, што непасрэдна кантактуюць з пасажырамі, павінны быць сапраўднымі прафесіяналамі.

На жаль, апошнім часам аб’ём пасажырскіх перавозак пастаянна змяншаецца. Яшчэ пяць год таму ў раскладзе значылася больш 30 маршрутаў, а зараз па будных днях ушацкія аўтобусы накіроўваюцца па 9, а па выхадных – толькі па 6. Гэта натуральны працэс – і аўтатранспартныя прадпрыемствы вымушаны шукаць баланс паміж неабходнасцю аптымізацыі і захаваннем сацыяльных стандартаў. Больш-менш акупляльнымі з’яўляюцца толькі рэйсы на Полацк і Наваполацк. Адносна стабільнымі па напаўняльнасці застаюцца паездкі ў Дубраўку, Глыбачку і Старае Сяло Жарскага сельсавета – апошні маршрут, напрыклад, запатрабаваны ў работнікаў філіяла “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, якія набываюць штомесяц парадка 30 праязных білетаў. Але бываюць і рэйсы, калі ў салоне едуць адзін-два пасажыры.

Ёсць праблемы і са станам аўтобусаў. З 2017-га года, калі парк папоўніўся чатырма МАЗамі, паступленняў больш не было, тэхніка зношваецца, і вадзіцелям, механікам даводзіцца вельмі беражліва яе эксплуатаваць, своечасова і карпатліва рамантаваць.

З дзейнасцю ўчастка звязаны і такі важны для многіх ушачан працэс, як праходжанне тэхагляду. Для магчымасці яго правядзення сёлета на тэрыторыі базы была заасфальтавана спецыяльная пляцоўка – сродкі вылучыла АТП, а работы выканала ДРБУ-105. І зараз паслугай з задавальненнем карыстаюцца як уладальнікі прыватных машын і матацыклаў, так і арганізацыі.

◆ У верасні 2020-га ўшацкія аўтобусы перавезлі па прыгарадных маршрутах 18847 пасажыраў, сёлета за гэты ж месяц паслугамі скарысталіся 18003 чалавекі.

На сённяшні дзень калектыў участка складаецца з 26 чалавек (10 год таму ён быў удвая большы). У адрас літаральна кожнага работніка цяперашні кіраўнік Раман Фёдаравіч Рудзёнак выказаў добрыя словы. Надзейнай апорай прадпрыемства з’яўляюцца яго старажылы – не адзін дзясятак год правялі ў кабіне аўтобуса Іван Аляксеевіч Контараў, Мікалай Віктаравіч Падсаднік, Алег Рыгоравіч Якубёнак, Мікалай Віктаравіч Зімніцкі, Канстанцін Юр’евіч Каваленка, Аляксандр Мікалаевіч Правада. Высокую адзнаку атрымала сёлета праца Віталя Мікалаевіча Пятніцы, прозвішча якога занесена на Дошку гонару філіяла АТП №6. Старанна выконваюць сваю справу касіры Наталля Леанідаўна Клачок і Вольга Васільеўна Махонька, аператар Алена Канстанцінаўна Крысёнак, тэхнік Алена Васільеўна Барздзей.

“Напярэдадні свята хочацца падзякаваць усім калегам за прафесіяналізм і самаадданасць, вернасць нашай няпростай справе, – кажа Р.Рудзёнак. – Асаблівыя словы прызнання – былым работнікам, якія і зараз шчыра перажываюць за лёс роднага прадпрыемства, цікавяцца яго справамі. Моцнага ўсім здароўя і сямейнага дабрабыту, няхай ваша жыццёвая дарога будзе доўгай і шчаслівай!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.

 

Памятны кожны аб’ект

Усе сёлетнія аб’екты начальнік Ушацкага ўчастка дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення №37 г.Лепель Пётр Пятровіч Кляшчонак называе па памяці: “На пяці кіламетрах ад Ушачы ў напрамку Ільюшына ўклалі новы слой асфальту, далей на працягу чатырох – выраўноўваючы, як і ля Вяркуд. Да Чарсцвяд спачатку закладалі ямкі, а потым абнавілі ўвесь слой. У гэтым населеным пункце памянялі пляцоўку аўтобуснага прыпынку без замены павільёна. А вось у Заазер’і Лепельскага раёна яго ўстанаўлівалі з нуля. Калі наша ДЭУ-37 не паспявае з нейкімі заказамі, то і нас прыцягвае, як у гэтым выпадку. Наогул жа толькі абслугоўванне дарог мы праводзім сіламі свайго ўчастка, а ўкладку асфальту абвязкова з тэхнікай галаўнога прадпрыемства. Таму і дзялення на свой і чужы не існуе, мы ўсе з ДЭУ-37”.

Гэтыя аб’екты, канечне, не такія памятныя, як яго першы ў якасці начальніка ўчастка ў 2005 годзе. У раёне рыхтаваліся да святкавання Дня Перамогі абласнога ўзроўню. За красавік тады абнавілі літаральна ўсе аўтобусныя прыпынкі ад Ушач да Стай на шашы Р-113. Не толькі штат участка, а і лепельскіх работнікаў з ДЭУ-37 працавала ў нашым раёне нямала, а вось за старшага П.Кляшчонак быў адзін. Ні дыспетчара, ні майстра – тры ў адным у яго асобе.

Не такім напружаным, аднак памятным застанецца і гэты год. Першы сезон, калі кладуць асфальт на прафесійнае свята – 170 метраў ля садка і школы ў аграгарадку Арэхаўна і больш паўкіламетра ў вёсцы Вашкова, жыхары якога абрывалі тэлефон, каб падзякаваць дарожнікам за створанае свята і павіншаваць з іх прафесійным. Што мы ахвотна і робім.

Вольга КАРАЛЕНКА.

 

Мовай лічбаў

Напярэдадні Дня аўтамабіліста і дарожніка Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Віцебскай вобласці апублікавала інфармацыю па адпаведнай тэме. Прывядзём некаторыя цікавыя факты.

  • На 1 студзеня бягучага года працягласць сеткі аўтадарог агульнага карыстання Віцебскай вобласці склала 20,4 тысячы кіламетраў, з іх 17,1 тысячы маюць цвёрдае пакрыццё.
    За 9 месяцаў бягучага года аўтамабільным транспартам рэгіёну было перавезена 9,3 мільёна тон грузаў.
  • У агульным аб’ёме перавозак пасажыраў 73 працэнты займаюць аўтамабільныя (аўтобусныя) перавозкі. У студзені-верасні 2021 года штодзень імі карысталіся 307,8 тысячы чалавек, а ўсяго было перавезена 84 мільёны пасажыраў. Пры гэтым 88,5 працэнта ў агульным аб’ёме складаюць гарадскія перавозкі.
  • На 1 студзеня бягучага года ў індывідуальных уладальнікаў вобласці налічвалася 33 электрамабіля. З верасня на гарадскім маршруце ў Віцебску задзейнічаны электробус.
  • На 1000 жыхароў вобласці на пачатак года прыходзілася 334 легкавыя аўтамабілі.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *