В Ушачах обсудили проект программы патриотического воспитания населения Республики Беларусь на 2022-2025 годы

Общество

Ва Ушачах у фармаце дыялогавай пляцоўкі адбылося абмеркаванне праекта праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2022-2025 гады. У разглядзе стратэгічна важнага і актуальнага дакумента прынялі ўдзел кіраўнікі органаў выканаўчай улады, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, арганізацый раёна.

Як адзначыў у сваім выступленні начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама П.А.Алексяёнак, калі раней у краіне стаўку рабілі на патрыятычнае выхаванне моладзі як прыярытэтны напрамак у рабоце, выкарыстоўваючы патэнцыял сферы адукацыі, то зараз актуаліі такія, што неабходна не толькі вывучаць светапоглядныя пазіцыі грамадства, але і фарміраваць яго патрыятычную перакананасць. Па даных Інстытута сацдаследаванняў Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, які правёў нядаўна адмысловае апытанне, наша краіна асацыіруецца з Радзімай толькі ў 56 працэнтаў рэспандэнтаў, астатнія лічаць яе проста месцам жыхарства. Пры гэтым старэйшыя за 65 гадоў грамадзяне часцей праяўляюць любоў да Беларусі і атаясамліваюць яе з зямлёй, на якой ваявалі іх дзеды і прадзеды (46 працэнтаў). На пытанне “Што для Вас значыць быць патрыётам?” палова рэспандэнтаў адказала “любіць Беларусь”, далей былі варыянты “жыць і працаваць у роднай краіне для яе дабрабыту”, “любіць беларускую мову і культуру”, “паважаць дзяржаўныя сімвалы”. Каля 58 працэнтаў беларусаў назвалі сябе патрыётамі, 17 – не лічаць сябе такімі, 25 – устрымаліся ад адказу. У ліку першых, дарэчы, найперш прадстаўнікі старэйшага пакалення. Да таго ж, большасць з іх лічаць дзяржаўную сімволіку галоўным сімвалам ідэнтычнасці беларусаў, а сярод грамадзян ва ўзросце да 20 гадоў такіх толькі 35 працэнтаў.

Інфармацыя, як бачым, неаптымістычная. У той жа час, упэўнены Пётр Аляксандравіч, у нас ёсць патэнцыял, галоўная ўмова – прывіваць патрыятызм з маленства. Прысутныя абмеркавалі, як гэта зараз робіцца ва ўстановах адукацыі Ушаччыны. У прыватнасці, прыгадалі ўдзел падрастаючага пакалення ў святочных мерапрыемствах з нагоды святкавання знакавых дзяржаўных дат, у месячніку патрыятычнай работы, розных акцыях, конкурсах, экскурсіях па памятных гістарычных мясцінах Беларусі. Толькі сёлета школьнікі далучыліся да рэспубліканскіх акцый “Беларусь адзіная”, “Прыдзі і пакланіся”, “За моцную Беларусь”, культурна-патрыятычнага кінамарафону “Глядзі і помні”, да стварэння адзінай карты помнікаў Вялікай Айчыннай вайны. У штатны расклад усіх школ уведзена сёлета і новая пасада – кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні.

І ўсё ж ёсць моманты, якія патрабуюць большай увагі, дапрацоўкі. Трэба ўзмацніць узаемадзеянне ўстаноў адукацыі з музеем, актывізаваць экскурсійную работу. Паколькі дзеці многае бяруць з сям’і, варта прывіваць патрыятызм і дарослым. А зрабіць гэта дапамогуць экскурсіі, якія арганізуюцца ў працоўных калектывах, мерапрыемствы, што ладзяцца цэнтрам культуры і народнай творчасці, цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай і іншымі зацікаўленымі службамі.

“Выхаванне патрыётаў трэба пачынаць з вывучэння роднага краю, – зазначыла намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч. – Выходзячы са школы, кожны ўшачанін павінен ведаць, калі быў прарыў варожай блакады, што ўяўляе сабой мемарыяльны комплекс “Прарыў” і многае іншае. Усё гэта юнакі і дзяўчаты панясуць з сабой па жыцці як своеасаблівы доказ гонару за свой раён. А таму ўжо зараз варта распрацаваць план, згодна з якім да канца бягучага года ўсе нашы школьнікі змогуць пабываць на знакавых аб’ектах Ушаччыны”.

Прапісаць комплекс канкрэтных мерапрыемстваў, на думку ўдзельнікаў дыялогавай пляцоўкі, трэба і ў праграме патрыятычнага выхавання насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2022-2025 гады. У прыватнасці, прапанавана прадугледзець пералік абавязковых да наведання месцаў: гісторыка-культурнага комплексу “Лінія Сталіна”, мемарыялу “Хатынь” і многіх іншых. І ў іх ліку адназначна павінен быць наш “Прарыў”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *