Семья, два высших образования и две должности. В 26 лет Игорь Малахов успевает всё и не останавливается на достигнутом

Общество

Аб тым, што ў апаросе можа быць 20 парасят, а F-1 – гібрыд не толькі раслін, Ігар Андрэевіч Малахаў даведаўся непасрэдна на вытворчасці, калі яго “пераманілі” на пасаду заатэхніка-селекцыянера ўчастка Хадакова ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Курс свінагадоўлі ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, дзе ён вучыўся на заатэхнічным факультэце, канечне, быў. Аднак паглыблена павадкі і хваробы парасят не праходзіў, таму тры гады таму ў чарговы раз абклаўся падручнікамі, унікаў у шматлікія асаблівасці галіны. І вучыўся амаль што з усім штатам новаўтворанага аб’екта.

– Спачатку ўсё рабілі разам, тлумачыла нюансы начальнік комплексу Вольга Мікалаеўна Шумінская, неаднойчы тэлефанаваў калегам з іншых участкаў, ну а зараз ужо кожны аператар ведае, як сарціраваць малых ці хто падыдзе на ролю карміцелькі, – расказвае малады спецыяліст. – Прасцей стала працаваць, бо з паўслова разумеюць, што ад іх патрабуецца, аднак аб’ёму работ гэта не зменшыла: не хачу ні скардзіцца, ні хваліцца, аднак ён вельмі вялікі.

Раніца ў Ігара пачынаецца з апрыходавання народжаных за папярэдні дзень парасят. Не проста запісваецца за аператарамі колькасць, а вядуцца карткі па кожнай свінаматцы, ім ставяцца біркі, лішніх парасят пры вялікай колькасці апаросу падсаджваюць у другія клеткі. Храчкі пазней накіруюцца на адкорм, а “дзяўчынкі” і з’яўляюцца тымі “эфкамі” – гібрыдамі першай селекцыі, якія будуць даваць патомства на іншых комплексах аграхолдынгу. Усё гэта перамяшчэнне таксама афармляецца дакументальна. Пасля гэтага ідзе “рэвізія” літаральна ўсіх сектароў, высвятляецца стан малых і мамак. Калі ў нейкай з іх прапала малако, што здараецца нярэдка, то аператыўна знаходзіцца карміцелька – чужая маці, ад якой толькі што аднялі сысункоў. Выбракаваныя свінаматкі пакідаюць цэх, а напрыканцы дня ўсе аператары паведамляюць І.Малахаву колькасць падапечных.

Акрамя непасрэдна работы на вытворчасці Ігар Андрэевіч вядзе бухгалтэрыю і кадры. Малады чалавек мае і другую вышэйшую адукацыю эканаміста-менеджэра, выдатна разбіраецца ў камп’ютарызаваным уліку, таму ў прамым сэнсе слова незаменны спецыяліст на комплексе. Калі ў заатэхніі яго могуць падмяніць, то ў дакументацыі – не. Таму тры гады працуе фактычна без адпачынку, ды і калі хварэў, усё роўна прыходзіў на ўчастак.

“Забягаўся з намерам правесці пару гадзін, каб падцягнуць справы, аднак так жа ніколі не атрымліваецца – вось і праводзіў лічы што дзень. Разумны, здольны і вельмі адказны. Проста суперхлопец”, – характарызуючы свайго падначаленага, кіраўнік участка В.М.Шумінская перасыпае шматлікімі эпітэтамі. На час адпачынку самой Вольгі Мікалаеўны менавіта Ігар Андрэевіч застаецца за старэйшага, хоць самы малады на комплексе.

Яму ўсяго 26 год. Зусім юнак з выгляду і абсалютна сталы мужчына па стаўленні да абавязкаў і ступені адказнасці за падначаленых і блізкіх. Ігар і ўласную сям’ю стварыў, а дачушцы Аленцы хоць толькі 2,5 гады, аднак яна ўжо заядлая рыбачка. “Жонцы ж таксама трэба адпачыць. Таму я бяру санкі і мы ідзём на возера. Гадзіны дзве дачушка круціцца ля мяне, дапамагае лавіць”, – вось так ён адпачывае, даючы перадых жонцы, ды і бацькам не забываецца дапамагчы. Жывуць яны пакуль разам у Двор Усвеі, прыгожы дом Андрэя Мікалаевіча і Наталлі Леанідаўны Малахавых стаіць на беразе маляўнічага возера. Зразумела, што вудзіць рыбу Ігар з маленства, а таксама прывучаны да любой сялянскай працы.

Як усё паспявае? Адказвае на гэтае пытанне Ігар без замінкі: “Дык я заўсёды на максімальнай загрузцы. Мой “працоўны” дзень у студэнцтве пачынаўся ў 8, а заканчваўся ў 23 гадзіны – апошнія дзве – на занятках па самаабароне без зброі, якую я, дарэчы, магу выкладаць – атрымаў і такія “корачкі”. Быў старастам групы, з трэцяга курса пачаў вучыцца на двух факультэтах, і на абодвух паспяхова. Па размеркаванні я быў трэцім, апынуўся ў гаспадарцы “Ілья” Мінскага раёна, як і жонка-аграном пасля заканчэння Гродзенскага ўніверсітэта. Ну а дыплом эканаміста-менеджэра атрымліваў падчас службы ў арміі – мне давалі па некалькі дзён водпуску на здачу экзаменаў і абарону дыплому. А вучыў тэорыю, канечне, пасля адбою”. Служыў жа Ігар Андрэевіч у славутай 103 дэсантнай брыгадзе – зразумела, што і здароўе мае выдатнае. Ну сапраўды – суперхлопец. Знаёмства з ім асабіста мне надало аптымізму – магу з любым паспрачацца, што ў нас мэтанакіраваная, працалюбівая і адказная моладзь.

Вольга КАРАЛЕНКА.



1 комментарий по теме “Семья, два высших образования и две должности. В 26 лет Игорь Малахов успевает всё и не останавливается на достигнутом

  1. Очень давно знаю семью Малаховых. Андрей и Наталья приветливые, разговорчивые, скромные люди, которые воспитали двоих детей. Всегда готовы прийти на помощь. Очень плотно общалась с ними на протяжении 15 лет моей работы. Очень рада, что написали в газете про их сына Игоря. Приятно, что им есть кем гордиться. Действительно, парень замечательный!!!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *