Калядаванне ў Касарах


Многія лічаць, што жыццё ў глыбінцы сумнае, нецікавае, аднастайнае. Гэты факт мне хочацца аспрэчыць. Так, яно можа быць такім, калі не ствараць настрой самім. Прайшоўшыя Навагоднія святы і Каляды ў нас на вёсцы – яскравы прыклад таго, што можна жыць цікава.

Напярэдадні Новага года нас, жыхароў вёскі Касары, парадавалі дзве навагоднія вечарыны, падрыхтаваныя сіламі вучняў школы, настаўнікамі і культработнікамі. Удзельнікі канцэртаў прапанавалі нам шырокую праграму, у якой былі самыя розныя навагоднія персанажы. Чым толькі ні здзіўлялі нас самадзейныя артысты! Гэта і песні, і вясёлыя прыпеўкі, і народныя хараводы. Цудоўны вясёлы настрой стваралі выканаўцы арыгінальных інтэрмедый. А як жа без жартоўных гумарэсак у выкананні мастацкага кіраўніка Пятра Алексяёнка?

На сцэне мы ўбачылі цудоўны прыклад супрацоўніцтва вучняў школы, настаўнікаў, вясковай моладзі і работнікаў культуры. Натхняльнікамі школьнага навагодняга прадстаўлення «Хай казка не канчаецца» з’яўлялася педагог-арганізатар школы В.І.Вусько, а пераднавагодняй праграмы для дарослых у сельскім клубе вёскі Касары «Сустракай, народ, тыгрыны год» – П.А. Алексяёнак і Н.У.Азаронак.

Многіх жыхароў вёскі здзівіў сюрпрыз, падрыхтаваны П.А. Алексяёнкам, – абрад Калядавання. У хаты завітвалі і Музыка, і Каза (Улад Войніч), і Механоша (Вераніка Лабэцкая), былі Дзед-павадыр (Ганна Вусько), Цыганка (Таццяна Вусько), Маладзіца (Аляксандр Азевіч) і Хлопчык-звяздар (Аляксандра Алексяёнак). Абрадавы абыход панадворкаў з пажаданнямі добрага ўраджаю, дабрабыту і шчасця гаспадарам суправаджаўся каляднымі песнямі, танцамі і прыпеўкамі. Калядоўшчыкі збераглі народныя традыцыі.

Ад імя ўсіх жыхароў вёскі хочацца сказаць вялікі дзякуй усім, хто ствараў для сябе і для нас такі цудоўны настрой. Вы робіце вельмі патрэбную справу.

Г.ХОМІЧ,

настаўніца Касарской сярэдняй школы-дзіцячага сада.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *