В Ушачах прошла диалоговая площадка на тему укрепления и защиты семьи

Общество

Пад такім дэвізам ва Ушачах прайшло чарговае пасяджэнне дыялогавай пляцоўкі. Удзел у ім прынялі спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, ТЦСАН, аддзела па адукацыі, а таксама прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў.

У краіне вялікая ўвага надаецца захаванню традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, падтрымцы сямей з дзецьмі, маленькіх сірот і тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія засталіся без апекі бацькоў. Такая прынцыповая пазіцыя захоўваецца і ў праекце новай Канстытуцыі.

80 працэнтаў жыхароў нашай краіны маюць сем’і. Паводле даных перапісу насельніцтва за 2019 год, у нас налічваецца больш за 1 млн. 143 тысячы ячэек грамадства з дзецьмі ва ўзросце да 18 гадоў.

Годнае фінансаванне

Дзяржаўная падтрымка сямей з дзецьмі ўключае ў сябе выплату дапамог у сувязі з нараджэннем і выхаваннем малых, сацыяльнае абслугоўванне, прызначэнне сямейнага капіталу мнагадзетным, фінансавыя льготы пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылля, забеспячэнне бясплатным харчаваннем дзяцей першых 2 гадоў жыцця. Прадугледжаны таксама гарантыі ў сферы адукацыі, аховы здароўя, пенсійнага, працоўнага, падатковага заканадаўства. У 2021 годзе на гэтыя мэты ў краіне затрачана каля 5,1 млрд. рублёў.

У Беларусі дзейнічае разгалінаваная сістэма дзярждапамог. У яе ўваходзяць 3 групы выплат: па мацярынстве, сямейныя і па часовай непрацаздольнасці па доглядзе за дзецьмі – усяго 11 відаў. Пры гэтым права на іх атрыманне ў аднолькавай суме маюць як удзельнікі сістэмы сацстрахавання, так і не. Гэта асаблівасць нашага заканадаўства.

Важнае месца ў сістэме падтрымкі мнагадзетных сямей займае сямейны капітал. Дэпазітны рахунак адкрываецца ў беларускіх рублях са штогадовай індэксацыяй базавага памеру, эквівалентнага 10 тысячам долараў ЗША. З 2015 года яго аформілі больш за 108 тысяч сямей. У 2020-м праграма мадэрнізавана – дазволена датэрмінова расходаваць сродкі на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне платных медыцынскіх паслуг і адукацыі. Такой магчымасцю скарысталіся каля 47 тысяч сямей. А з 12 кастрычніка 2021-га капітал можна загадзя выкарыстаць на набыццё рэчаў для сацыяльнай рэабілітацыі і інтэграцыі інвалідаў, дзяцей-інвалідаў з парушэннямі органаў зроку, апорна-рухальнага апарата.

Няня дапаможа

Развіваецца сістэма сацыяльнага абслугоўвання. Са студзеня 2021 года пашыраны катэгорыі сямей, якім аказваецца паслуга кароткачасовага догляду за дзецьмі (паслуга няні) на бясплатнай аснове: выхоўваецца дзіця-інвалід да 18 гадоў (пры ўмове, калі вучыцца на доме) ці абое бацькоў (адзін у няпоўнай) з’яўляюцца інвалідамі І ці ІІ групы і выхоўваюць дзіця да 6 гадоў. Летась на Ушаччыне такой паслугай скарысталіся 2 ячэйкі грамадства.

З 1 студзеня 2021-га перыяд аказання паслугі сацыяльнай перадышкі для вызвалення бацькоў (членаў сям’і) ад догляду за дзіцем-інвалідам павялічаны з 28 да 56 дзён.

У дэкрэтны можна і тату

На заканадаўчым узроўні сям’і дадзена права самастойна вызначаць, хто з працуючых бацькоў будзе ажыццяўляць догляд за дзіцем ва ўзросце да 3 гадоў і, адпаведна, знаходзіцца ў такім водпуску. Калі гэта бацька, то ён можа працаваць на ўмовах няпоўнага рабочага часу (не больш паловы месячнай нормы). У такім выпадку дапамога па доглядзе выплачваецца ў поўным памеры.

Па заяве бацька (айчым) можа атрымаць кароткачасовы водпуск пры нараджэнні дзіця (да 14 дзён перад і да 6 месяцаў пасля нараджэння). Калі ён выхоўвае непаўналетняе дзіцяці з інваліднасцю – мае права выбраць працоўны водпуск у летні час, дваіх і больш дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў або дзіцяці-інваліда да 18 – можа разлічваць на водпуск да заканчэння 6 месяцаў работы ў наймальніка.

Працуючыя маці ці тата, якія выхоўваюць непаўналетняга інваліда або 3 і больш дзяцей да 16 гадоў, маюць права на адзін дадатковы выхадны дзень у месяц, які аплачваецца ў памеры сярэдняй зарплаты (у першым выпадку – за сродкі дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, у другім – наймальніка).

Прэферэнцыі – матулям

Жанчыны, якія годна выхавалі 5 і больш дзяцей, узнагароджваюцца ордэнам Маці (выплата да яго складае 5 бюджэтаў пражытачнага мінімуму). З 1996 года яго атрымалі звыш 12 тысяч беларусак, у тым ліку 28 ушачанак. Штогод адной нашай зямлячцы прысуджаецца і прэмія Віцебскага аблвыканкама імя Героя Савецкага Саюза З.М.Тусналобавай-Марчанка.
Дадатковыя прэферэнцыі мнагадзетным матулям утрымліваюцца ў пенсійным заканадаўстве. Жанчынам, якія выхавалі 5 дзяцей, пенсія прызначаецца на 5 гадоў раней. Тым жа, хто мае 9 і больш нашчадкаў, устанаўліваецца пенсія за асаблівыя заслугі. З 1 студзеня 2021-га павялічана працягласць перыядаў догляду за дзецьмі ва ўзросце да 3 гадоў, якія ўключаюцца ў агульны стаж і ўлічваюцца пры назначэнні пенсіі, з 9 да 12 гадоў. Маці, якія выхавалі 4 дзяцей, маюць права на працоўную пенсію пры наяўнасці страхавога стажу не менш 10 гадоў і агульнага не менш 20.

Дзеці адны не застануцца!

Акцэнтавалі ўвагу ўдзельнікі дыялогавай пляцоўкі і на праве кожнага дзіцяці мець сям’ю, годны ўзровень жыцця ў ёй. Ва Ушацкім раёне сфарміравана сістэма выяўлення непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Апошнія перадаюцца зараз на выхаванне ў замяшчальныя сем’і, паколькі дзіцячы сацыяльны прытулак з 1 красавіка 2021-га спыніў работу. Спецыялісты СПЦ аказваюць пярвічную сацыяльную, псіхалагічную, юрыдычную дапамогу хлопчыкам і дзяўчынкам, іх бацькам у ліквідацыі цяжкай жыццёвай сітуацыі, праводзяць рэабілітацыйную работу, карэкцыйныя заняткі.

На момант правядзення сустрэчы на ўліку ў аддзеле па адукацыі знаходзілася 50 дзяцей, якія адносяцца да ліку сірот і тых, якія засталіся без папячэння бацькоў. Яны выхоўваюцца ў 12 прыёмных, 16 апякунскіх сем’ях і ў доме сямейнага тыпу. Дарэчы, ушачан, якія хацелі б стаць для адзначанай катэгорыі дзяцей прыёмнымі бацькамі, чакаюць у аддзеле па адукацыі.

* * *

Прысутныя абмеркавалі дапаўненні і змены, якія датычацца сям’і і шлюбу, прапанаваныя ў праекце новай Канстытуцыі. Усе яны адпавядаюць духу часу, адлюстроўваюць імкненне да развіцця, пабудовы стабільнай дзяржавы.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *