Всё под силу женщинам! Ушачанка Татьяна Кандратская о непростой работе сиделкой

Общество

На Ушаччыне Таццяну Кандрацкую ведаюць многія. Землякі з Касароў – як прыхільніцу здаровага ладу жыцця, якая з дзяцінства захаплялася валейболам і меркавала звязаць лёс з фізкультурай. Жыхары і госці райцэнтра – як былога прадаўца гандлёвай сеткі “Родны кут” з дзесяцігадовым стажам. Дарэчы, на слыху яна яшчэ і таму, што зараз – з’яўляючыся работнікам ТЦСАН – выконвае даволі спецыфічныя функцыі: даглядае нямоглых землякоў, тых, хто прыкаваны да ложка і самастойна сябе не абслугоўвае.

– Калі знаёмыя даведваюцца, кім працую, толькі разводзяць рукамі – маўляў, не для маладой жанчыны гэта, – прызнаецца ўшачанка. – Я спачатку таксама думала, што не спраўлюся, тым больш з мужчынамі: трэба ж гігіенічныя працэдуры праводзіць, памперсы мяняць… У першыя дні плакала ад сваёй сарамлівасці, меркавала звальняцца. Але потым задумалася: жыццё ў гэтых людзей няпростае – некаму ж трэба дапамагаць! Ды вельмі хутка прызвычаілася да ўсіх нюансаў.

У сацыяльную службу Таццяна Валер’еўна прыйшла тры гады таму – калі з закрыццём магазіна ва Ушачах засталася без працы, а маці, якую пэўны час даглядала, пайшла на папраўку. Спачатку была нянечкай – клапацілася пра малыша, які нарадзіўся ва ўшачанкі з інваліднасцю. Паколькі сама – двойчы матуля, праблем не ўзнікла, хоць яе “падапечнаму” на момант іх першай сустрэчы было ўсяго 16 дзён. Калі ж праз дзесяць месяцаў дзіця забралі ў апякунскую сям’ю, Т.Кандрацкай прапанавалі вельмі запатрабаваную пасаду памочніка па доглядзе, прасцей кажучы, сядзелкі.

Людзі з шэрагам сур’ёзных хвароб і групай інваліднасці, кожны са сваім характарам і крыўдамі на жыццё… Кантынгент, з якім даводзіцца штодня працаваць, вельмі няпросты – патрэбна каласальная маральная вытрымка!

– Памыць ды пераапрануць, накарміць і выслухаць, правесці нескладаныя медыцынскія маніпуляцыі – усё гэта прывычныя справы, – кажа ўшачанка. – Але ж бываюць сітуацыі, калі людзі не хочуць нікога бачыць, крычаць, праяўляюць агрэсію. Да гэтага трэба аднесціся з разуменнем, супакоіць і падтрымаць.

Зараз на абслугоўванні Таццяны Валер’еўны – двое грамадзян, з якімі за дзень сумарна праводзіць 10 гадзін. Раніцай спяшаецца ў бок лясгаса да жанчыны, якую перанесены інсульт усяго ў 60 з невялікім пакінуў часткова паралізаванай. А бліжэй да абеда імчыць на другі бок Ушач да пажылога мужчыны, які застаўся без ног.

– Адлегласці даводзіцца пераадольваць немалыя, аднак мне гэта толькі ў радасць: такім чынам фізічную форму падтрымліваю, – усміхаецца Т.Кандрацкая. – У тэрытарыяльным цэнтры меркавалі выдаць веласіпед, але я адмовілася – пешшу мне спадручней. Ну а калі непагадзь на вуліцы, заказваю таксі – праўда, сваім бабулям і дзядулям пра гэта прынцыпова не гавару: каб не спрабавалі грошы ў кішэню непрыкметна пакласці.

Рознае здараецца ў практыцы. Быў нядаўна выпадак: заходзіць у хату, а падапечны на падлозе ляжыць – так няўдала за пледам пацягнуўся. Кінулася да яго і нават сама не зразумела, як адна падняла грузнага мужчыну на ложак. У стрэсавай сітуацыі арганізм, сапраўды, здольны на многае.

– Перасцяліць у адзіночку ложак пад ляжачым чалавекам – таксама задача не з простых, – прызнаецца наша суразмоўца. – Але ж гэтаму і многаму іншаму навучылася на нядаўніх курсах у сталіцы. Добра, што насычаную праграму ўсяго ў два дні ўмясцілі – падапечным давялося нядоўга мяне чакаць. У нас з імі вельмі цёплыя, даверлівыя адносіны. У любы час сутак, у святы і выхадныя мы з імі на тэлефоне.

Увесь вольны час ушачанка праводзіць з роднымі – радуецца поспехам сыноў (старэйшы Данііл зараз вучыцца ў Акадэміі авіяцыі, а малодшы Мацвей заваёўвае медалі на спартыўных спаборніцтвах), стараецца як мага часцей наведваць бацькоў. Яе работа дазволіла перагледзець уласныя прыярытэты, навучыла цаніць жыццё і радавацца кожнаму новаму дню.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *