“Гравійная дарога да вёскі Пораўна не вельмі зручная, асабліва пасля дажджоў, разбіваецца яна і тэхнікай, якая возіць з кар’ера пясок. Чаго не скажаш пра новую лясную шашу, якую летась увялі ў строй. Такі праезд нас задавольваў, аднак зараз на ім шлагбаумы. Атрымліваецца, што лясная дарога не для ўсіх? Чаму ёй нельга карыстацца?
За каментарыямі па ўзнятым грамадзянамі пытанні мы звярнуліся ва Ушацкі лясгас.
– У кастрычніку мінулага года ў эксплуатацыю здадзена “Лясная дарога №1 у Вялікадолецкім лясніцтве” – гэта наш аб’ект працягласцю 10 кіламетраў. Падкрэслю, што яна з’яўляецца лесагаспадарчай, а не агульнага карыстання, пабудавана і прызначана ў першую чаргу для выканання нашых мерапрыемстваў: вывазкі лесу, аховы фонду ад пажараў, догляду за культурамі і інш., – падкрэслівае дырэктар Ушацкага лясгаса Аляксей Мікалаевіч Апёнак. – Згодна правіл вядзення лясной гаспадаркі, у час абмежавання або забароны на наведванне лясоў рух на прыгаданай дарозе і астатніх лесагаспадарчых закрываецца. Зараз на тэрыторыі ўсёй вобласці якраз дзейнічае трэці клас пажарнай небяспекі, і ў лес грамадзянам можна толькі пешшу, заязджаць на механічных транспартных сродках, разводзіць вогнішчы там нельга. “Я ж проста праеду па дарозе і ніякай шкоды не прынясу!” – так скажуць многія, аднак нават не наўмысна кінуты з акна аўто акурак, запалка, прамасленая ануча ці шкляная бутэлька могуць прывесці да ўзгарання і знішчыць дарослы лес ці маладыя пасадкі. Па статыстыцы са 100 выпадкаў лясных пажараў 90 адбываюцца менавіта па віне чалавека. Каб зберагчы наша зялёнае багацце ў пажаранебяспечны перыяд, Мінлясгас ідзе на такія меры. За парушэнне правіл (падняцце шлагбаумаў і праезд па лясной дарозе) прадугледжаны штраф. Як толькі ўсталюецца спрыяльнае надвор’е, грамадзяне зноў змогуць карыстацца лясной дарогай.
Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.

