Юные воспитанники Ушачской детской школы искусств радуют своим талантом и победами на конкурсах

Образование и молодежь

С.Люцько, І.Барысёнак, В.Харак, Г.Сакалова, К.Сіманаў, Г.Бехава, Я.Барысёнак, Я.Мялешка.

Ва Ушачах рэдка сустрэнеш сям’ю, у якой хаця б хтосьці з дзяцей не наведваў школу мастацтваў, творчыя аб’яднанні. Некаторыя вывучаюць ноты найперш для агульнага развіцця, а іншыя ставяць перад сабой высокія мэты і штурмуюць конкурсныя вяршыні. Сённяшні наш аповед – якраз пра такіх амбіцыйных і таленавітых вучняў Ушацкай ДШМ, якія выдатна выступілі на ІІІ Адкрытым абласным конкурсе выканаўцаў на народных інструментах, што праходзіў нядаўна ў Віцебску.

Калі мы папрасілі педагога па класе домры Ніну Жукаву ахарактарызаваць яе падапечную Яўгенію Мялешка, яна назвала дзяўчыну адной з лепшых сваіх вучаніц за ўвесь час работы ў школе. Працавітая і мэтанакіраваная, да цяперашніх высокіх пазіцый Жэня ішла паступова, старанна рыхтавала для канцэртаў усё больш складаныя творы, была надзейным звяном Узорнага аркестра народных інструментаў – і нарэшце вырашыла, што гатова спрабаваць сябе на конкурснай сцэне сольна.Выступленне ў Віцебску атрымалася бездакорным, а дыплом лаўрэата І ступені стаў самым значным дасягненнем Яўгеніі і падмацаваў яе жаданне паступаць у музычны каледж.

Гэткай жа ўзнагародай і найлепшым вынікам у сваёй конкурснай кар’еры адзначылася цымбалістка Валерыя Харак. “Гэта той выпадак, калі атрымалася ўсё і нават больш, таму выступленне ацэньваю на 110 працэнтаў! Лера не з тых музыкантаў, хто спрабуе схаваць агрэхі за артыстызмам і ўсмешкамі. Сур’ёзная, уседлівая, цярплівая – як і належыць Цяльцу па знаку Задыяка – яна імкнецца ва ўсім быць бездакорнай!” – уносіць астралагічную нотку ў аповед пра сваю вучаніцу Наталля Тарасенка.

Ну а ў тым, што ў лік лаўрэатаў І ступені трапіць баяніст Ілья Барысёнак, мала хто сумняваўся. Хоць і быў выхаванец Алесі Анціпавай самым юным удзельнікам ушацкай музычнай каманды, але хлопчык ужо замацаваў за сабой статус фаварыта.

У вучняў Ірыны Коршун Ані Бехавай і Косці Сіманава – працяглы і зорны конкурсны шлях: у складзе ансамбля цымбалістаў “Перазвоны” яны выступалі нават у вялікай студыі Дома радыё. Не засталіся незаўважанымі і іх сольныя праграмы ў Віцебску (дыпломы лаўрэатаў ІІ і ІІІ ступені адпаведна). Не губляецца на сцэне і больш юная вучаніца гэтага педагога Аня Сакалова – што і нядзіўна, бо з музыкай сябруе ўся яе вялікая сям’я. На гэтым абласным конкурсе дзяўчынка выступала ўпершыню – і заваявала дыплом лаўрэата ІІІ ступені.

Парадавалі і балалаечнікі. “Адказны, старанны, з выдатнай музычнай памяццю”, – так характарызуе Ягора Барысёнка выкладчык Генадзь Савіцкі. А Галіна Хвошч асабліва вылучае ў свайго вучня Святаслава Люцько ўменне сабрацца ў адказны момант і выдаць найлепшы вынік. У гэты раз у музыкантаў – дыпломы лаўрэатаў ІІ і ІІІ ступені адпаведна.Абодва хлопчыкі – з мнагадзетных сем’яў, і родныя шчыра радуюцца іх поспехам.

У выступленнях юным музыкантам дапамагалі канцэртмайстры Наталля Сісковіч, Святлана Валова і Людміла Сляцкая.
Ганарымся юнымі ўшацкімі талентамі і мы і, канечне, жадаем ім новых гучных перамог!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *