Пра новую тэхніку, якой дзяржава падтрымала аграрыяў, мы ўжо неаднаразова прыгадвалі ў артыкулах аб сёлетняй пасяўной.
А вось паназіраць за тым, як працуюць на палетках шыроказахопныя сеялкі “Бярэзіна”, што папоўнілі парк далецкіх і ільюшынскіх хлебаробаў, пакуль не ўдавалася. Прыйшлося зладзіць спецыяльную “палявую экспедыцыю” ў Воцькавічы, дзе ў пачатку гэтага тыдня засяваў рапсавыя ўчасткі механізатар “Вялікадолецкага” Віталь Бука.
Для маладога аграрыя слова “новы” стала трэндам сёлетняга сезона. Спачатку менавіта яму кіраўніцтва гаспадаркі даручыла ключы ад энерганасычанага Беларуса-3522, які ў сакавіку прыбыў з МТЗ. На гэтай тэхніцы ён паспеў папрацавць і з плугамі, і з 10-метровым культыватарам (яшчэ адной навінкай далецкага аўтапарку). А паколькі прадукцыйную “Бярэзіну” выводзіць у поле павінен магутны трактар, то і працэс сяўбы трапіў у зону адказнасці механізатара.
Хоць стаж работы ў яго ўжо немалы, але сеяць раней не даводзілася, таму шчыра прызнаецца, што хваляваўся. Аднак на дапамогу прыйшлі спецыялісты гаспадаркі і вопытны сейбіт Сяргей Філімонаў, які ў любы момант гатовы даць параду і на мехдвары, і па тэлефоне, калі працуюць на розных палях. Фактычна, на тое, каб разабрацца з сеялкай і адчуць упэўненасць, Віталю спатрэбілася ўсяго адна змена.
“Працаваць – адно задавальненне!” – канстатаваў наш суразмоўца, дэманструючы ўтульную кабіну трактара, а таксама дысплэй, на якім адлюстроўваюцца ўсе нюансы работы прычапнога агрэгата. Электронная прылада інфармуе не толькі пра тое, колькі насення засталося ў бункерах, а і падказвае, што варта пачысціць пэўны сашнік.
“На годных участках на такой сеялцы можна вельмі прадукцыйна працаваць: напрыклад, на роўным шырокім полі ля аграгарадка за палову дня я 30 гектараў засеяў. Шкада, канечне, што не так шмат у нас спрыяльных палеткаў – але ж апрацоўваць трэба і такія дробнаконтурныя, як тут”, – разважае аграрый.
Сяўбу зерневых і зернебабовых далецкія аграрыі ўжо завяршылі, і ў дзень нашага візіту Сяргей Філімонаў рыхтаваў сеялку да сяўбы кукурузы на сілас, а ўніверсальны майстар аграрнай справы Васіль Алексяёнак на СТВ-8 (таксама амаль новым агрэгаце, атрыманым гаспадаркай летась) сеяў каралеву палёў на зерне. Намаганнямі гэтага стараннага звяна сейбітаў, а таксама іх калег, што шчыруюць на падрыхтоўчых працэсах, “Вялікадолецкае” з пачатку пасяўной утрымлівае лідарства па тэмпах. На ўчарашнюю раніцу яравыя культуры тут былі пасеяны на 55 працэнтах адведзеных пад іх плошчаў.
Наталля БАГДАНОВІЧ.

