У народзе кажуць, што глядзець на ваду, агонь і тое, як працуе іншы чалавек, можна бясконца. А калі гэта майстар, які круціць ганчарнае кола – гумарыстычны падтэкст выразу ўвогуле знікае, бо ад такога магічнага відовішча сапраўды вока не адарваць. Упэўніліся ў гэтым, калі назіралі за работай кераміста Ушацкага дома рамёстваў Юліі Аржанай.
Дзяўчына дастае з бочкі кавалачак звычайнай гліны, размінае яго, запускае ганчарны круг і пачынае чараваць, па чарзе беручы ў рукі лапатку, струну, нож, губку. Праходзіць некалькі хвілін – і вось ужо вымалёўваюцца абрысы будучай вазачкі…
Дарэчы, прыгаданыя вышэй вада з полымем у гэтым спрадвечным народным рамястве таксама задзейнічаны. “Гліну пастаянна трэба змочваць, бо яна імгненна высыхае і перастае быць пластычнай, а пасля фарміравання выраб спачатку пэўны час сохне ў пакоі, а потым адпраўляецца ў спецыяльную печ для абпальвання, тэмпература ў якой можа дасягаць 1000 градусаў, – распавядае Юлія пра тэхналагічныя нюансы справы. – Апроч таго керамічную рэч трэба ўпрыгожыць: пакрыць глазурай, нанесці ангоб (малюнак з вадкай гліны з пігментамі) або апрацаваць па тэхналогіі малачэння. Яе сутнасць у тым, што выраб акунаюць у малако, вяршкі ці кефір і зноў змяшчаюць у печ – малочныя бялкі і тлушчы пры абпальванні згусаюць і ўтвараюць плёнку, якая надае рэчы матавае адценне залаціста-карычневай палітры”.
Усе гэтыя веды і навыкі ўраджэнка Лепеля атрымала ў Віцебскім тэхналагічным каледжы, дзе набывала прафесію мастака-настаўніка, а ў якасці другой спецыяльнасці выбрала кераміку. Старажытнае народнае рамяство настолькі захапіла, што рэалізоўвацца вырашыла менавіта ў ім. Пры размеркаванні мінулым летам Юля мела выбар паміж Магілёвам і Ушачамі – і без ваганняў спынілася на нашым райцэнтры: прызнаецца, што жыццё ў маленькіх гарадках з іх размераным укладам ёй больш даспадобы, ды і малая радзіма побач.
Пра зроблены выбар не пашкадавала: і калектыў Дома рамёстваў ёй вельмі падабаецца, і ў справе сваёй дзяўчына актыўна ўдасканальваецца. За невялікі час, што працуе ва ўстанове, паспела паўдзельнічаць у творчых конкурсах і нават даць майстар-клас на выставе дасягненняў суверэннай Беларусі ў Мінску.
У ліку самых адметных работ маладога майстра – паўметровы сувенірны фантан з фігурай казачнага цмока, адмысловы набор посуду “Масленіца”, а да знакавых майскіх святаў яна вырабіла керамічныя вазы з выявай ушацкага “Прарыву”, стылізаваныя пад салдацкія пляшкі.
Дарэчы аказаліся і атрыманыя ў каледжы педагагічныя навыкі: Юля вядзе гурток па кераміцы. “Ляпіць любяць усе дзеці, і хоць гліна адрозніваецца ад пластыліну, мае юныя выхаванцы ўжо самі могуць змайстраваць сувеніры. Шчыра цікавяцца гэтым напрамкам Паліна Коршун, Злата Ярмош, Арсеній Бездзель, развіваюць свае таленты і іншыя гурткоўцы. Навучыць вырабляць керамічныя рэчы можам і дарослых”, – зазначае Юлія і паказвае нам размешчаныя на палічках майстэрні свістулькі, фігуркі жывёл, блюдцы і кубачкі, домікі-падсвечнікі.
У час нашай размовы маладая рукадзельніца не стамлялася паўтараць, як моцна любіць сваю справу. Мы нават пацікавіліся: няўжо ў ёй няма ніводнага мінуса?
“Магчыма, некаторых жанчын-керамістаў засмучае тое, што мы не можам сабе дазволіць стыльны манікюр: далоні пастаянна ў вадзе і гліне, ды і з даўгімі ногцямі нязручна фарміраваць выраб на ганчарным коле, – разважае гераіня аповеду. – Але ж асабіста я лічу, што прыгажосць рук – не ў яркім лаку, а ў магчымасці ствараць імі штосьці цудоўнае!”
Наталля БАГДАНОВІЧ.


