Среди будущих военных офицеров есть представители Ушаччины.Дмитрий Протасевич выбрал для себя профессию военного химика

Образование и молодежь

Убачыўшы гэтага сур’ёзнага хлопца ў ваеннай форме, зусім не пазнала ў ім свайго суседа па вуліцы. Не верылася, што гэта той хлопчык, які яшчэ летась кожную раніцу з рукзаком спяшаўся ў школу. Памужнеў, выцягнуўся, стаў больш самастойным. Сёння Дзмітрый Пратасевіч з Ушач ужо не бесклапотны школьнік, а курсант ваеннага факультэта  галоўнай навучальнай установы краіны – Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Пра прафесію ваеннага Дзіма нават  не задумваўся і ў пачатку 11 класа яшчэ канкрэтна не мог вызначыцца, куды будзе паступаць. А калі летась у школу з мэтай агітацыі патэлефанаваў палкоўнік Васіль Палішчук, які мае дачыненне да Ушаччыны і хацеў бачыць сярод ваенных хімікаў ушацкіх хлопцаў, задумаўся аб прафесіі афіцэра. Вядома, што для тых, хто ідзе на ваенныя спецыяльнасці, існуе іншы парадак пры паступленні. Вось і Д.Пратасевічу спачатку трэба было прайсці папярэдні прафесійны адбор (камісія ацэньвала стан здароўя, фізічную падрыхтоўку і прафесійна-псіхалагічную накіраванасць асобы) па месцы жыхарства і ў абласным ваенкамаце. Паралельна хлопец рыхтаваўся і да праходжання цэнтралізаванага тэсціравання. А паколькі абраў спецыяльнасць “Радыяцыйная, хімічная і біялагічная абарона”, акрамя абавязковых мовы і матэматыкі трэба было грунтоўна падрыхтавацца і да профільнага прадмета – хіміі. Хоць для гэтага ў яго было не так і шмат часу – крыху больш чатырох месяцаў, але ўсе іспыты ён здаў паспяхова. І сёння ўжо сам агітуе юнакоў за сваю прафесію.

– Паўгода я ўжо з’яўляюся курсантам  першага курса ваеннага факультэта БДУ і, шчыра кажучы, мне вельмі падабаецца тут вучыцца. Па заканчэнні вучобы я атрымаю спецыяльнасць “хімік-эколаг”.  Адразу хачу сказаць усім тым, хто сумняваецца наконт выбару прафесіі ваеннага:  нічога страшнага і занадта складанага тут няма, і не трэба баяцца цяжкасцей. Напрыклад, на нашым факультэце, лічу, вельмі прэстыжныя і цікавыя спецыяльнасці па чатырох накірунках: хімія (профіль – радыяцыйная, хімічная і біялагічная абарона, хімік-эколаг), правазнаўства (юрысконсульская работа ў ваеннай сферы), геаграфія (географ, спецыяліст па геаінфармацыйных сістэмах), прыкладная крыптаграфія (матэматык, спецыяліст па абароне інфармацыі). Тэрмін навучання зараз складае 4 гады, нас забяспечваюць бясплатным абмундзіраваннем, як і ўсе студэнты, мы пражываем у звычайным інтэрнаце і атрымліваем стыпендыю ў залежнасці ад паспяховасці. На факультэце ёсць выдатная магчымасць да 4 курса атрымаць вадзіцельскія правы катэгорый А, В, С. Акрамя тэарэтычных прадметаў – ваеннай гісторыі, мовы, эканомікі, вышэйшай матэматыкі і іншых, займаемся агнявой і страявой падрыхтоўкай, а гэта дазваляе трымаць сябе ў добрай фізічнай форме. Наогул я вельмі рады, што абраў гэты факультэт, і ганаруся, што вучуся тут, – расказвае першакурснік.

Апошнія два канікулярныя тыдні Дзмітрый праводзіць дома разам са сваёй мамай Вольгай Паўлаўнай і малодшай сястрычкай Насцяй. Адзін дзень свайго адпачынку Д.Пратасевіч прысвяціў прафарыентацыйнай рабоце і выступіў перад адзінаццацікласнікамі Ушацкай школы і Арэхаўскай, якую сам скончыў. Дзмітрый паказаў маладым людзям відэафільм аб БДУ і сваім факультэце, падрабязна расказаў пра спецыяльнасці, якія на ім можна атрымаць, нюансы паступлення і многае іншае, адказаў на пытанні, якія задавалі будучыя абітурыенты. Некаторыя яшчэ абдумваюць плюсы і мінусы прафесіі ваеннага, а, напрыклад, вучань Арэхаўскай школы Сяргей  Гардзіёнак адразу ўсур’ёз зацікавіўся атрыманай інфармацыяй, а значыць намаганні Дзмітрыя не былі дарэмнымі і, магчыма, прадстаўнікоў Ушаччыны сярод будучых ваенных афіцэраў будзе больш.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *