Культурна-асветніцкая акцыя “Бібліяноч” прайшла ў Беларусі ў 9-ы раз і аказалася сёлета самай маштабнай: ініцыятыву падтрымалі каля 150 устаноў у розных кутках краіны. Увечары пятніцы аматараў чытання і цікавых зносін сабрала і Ушацкая раённая бібліятэка імя Е.Лось.
Дзяцей арганізатары захаплялі займальнымі квэстамі, майстар-класамі. Насычаная праграма чакала і дарослых чытачоў. Гартаючы тэматычныя альбомы, удзельнікі імпрэзы прыгадвалі гісторыю ўстановы, яе былых работнікаў, а цяперашнія – Людміла Абадкова і Марына Шайтар – распавялі прысутным пра кніжныя навінкі і рарытэтныя выданні фондаў, у тым ліку экзэмпляры з аўтографамі нашых славутых землякоў-літаратараў. Спецыяльна для гэтай сустрэчы былі падрыхтаваны выставы карцін бібліятэчных работнікаў Галіны Талстой і Валерыі Касцючэнкі: калі першая аддае перавагу партрэтам, то другая – даволі нечаканай для дзяўчыны аўтамабільнай тэматыцы.
Удзельнікі з захапленнем спаборнічалі ў літаратурных ведах, адгадвалі папулярныя мелодыі і атрымлівалі прызы, а напрыканцы сустрэчы шчыра дзякавалі бібліятэцы за такія цёплыя і пазітыўныя зносіны.
Наталля БАГДАНОВІЧ.

