Калядны канцэрт сабраў у аўторак поўную залу дзіцячай школы мастацтваў. Яно і не дзіўна: паглядзець на выступленні сваіх дзяцей заўсёды прыходзяць родныя. А свята ладзілася сумесна ўдзельнікамі музычнай і нядзельнай школы прыходу храма Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры. Хоць сюжэт пастаноўкі заўсёды аднолькавы – нараджэнне Хрыста, міні-спектакль падрыхтавалі новы, як і большасць музычных нумароў. Артысты атрымалі падарункі ад благачыннага Ушацкай праваслаўнай акругі Аляксандра Таляронка, а епіскап полацкі і глыбоцкі Ігнацій перадаў іх для 25 маладых актывістаў храма – як школьнікаў, так і студэнтаў.
Не першы год рыхтуе салодкія наборы для выхаванцаў нядзельнай школы і галоўны ўрач ЦРБ, дэпутат райсавета Юрый Пацёмкін.

