Ушачанка Татьяна Гордиенок стала победительницей в номинации «Материнская слава» республиканского конкурса «Женщина года — 2021»

Общество

Пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года-2021” узнагародзілі ў пятніцу ў Мінску ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Прыемна паведаміць, што ў ліку тых, хто атрымаў гэтае ганаровае званне, і ўшачанка Таццяна Гардзіёнак (на здымку).

Як мы раней паведамлялі на старонках газеты, конкурс ужо не першы год праводзіць Беларускі саюз жанчын. Сёлета Таццяна аказалася ў ліку пераможцаў на абласным этапе ў намінацыі “Мацярынская слава” – у ёй адзначаюць мнагадзетных маці, якія выхавалі дзяцей, што дабіліся значных дасягненняў на розных узроўнях. Пра тое, што пройдзе на рэспубліку, нават не думала, бо ўсяго на заключным этапе ў конкурсе прынялі ўдзел каля 400 беларусак, 64 з якіх сталі пераможцамі.

– Для мяне такая навіна стала нечаканасцю, бо ўсе ўдзельніцы дастойныя. І калі ехала ў сталіцу, вельмі хвалявалася, – расказвае Таццяна Сцяпанаўна. – На цырымоніі пераможцаў у кожнай з намінацый – “Паспяховы кіраўнік”, “Актыўная грамадзянская пазіцыя”, “Сэрца аддаю людзям», “Гаспадыня вёскі”, “Духоўнасць і культура”, “Не старэюць душой ветэраны”, “Ганарымся і памятаем” – віншавалі выключна мужчыны, якія займаюць высокія пасады. Я атрымлівала дыплом і падарунак з рук намесніка міністра адукацыі Сяргея Рудага. Нягледзячы на высокія рангі, мерапрыемства не было падобнае на афіцыйнае, хутчэй наадварот. Да таго ж, упершыню мне давялося быць у музеі Вялікай Айчыннай вайны, а экскурсія, якую праводзілі для нас, пакінула самыя незабыўныя ўражанні. Тэма вайны мяне заўсёды вельмі цікавіла. Калі многія жанчыны аддаюць перавагу прыгодам і раманам, то я ў свабодную хвіліну чытаю ваенныя творы”.

У гэты ж дзень Т.Гардзіёнак і старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Алена Пашковіч прынялі ўдзел у II рэспубліканскім жаночым форуме “Свет у руках жанчыны”, які праходзіў у Палацы Рэспублікі. Мерапрыемства аб’яднала больш за 2500 прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва з усёй краіны. Дарэчы, першы форум быў праведзены восенню 2020-га года і сабраў тады каля 13 тысяч беларусак у “Мінск-Арэне”. У праграме жаночага форуму былі выступленні спікераў ад Беларускага саюза жанчын, якія расказвалі аб асноўных напрамках дзейнасці грамадскага аб’яднання. Увага, вядома ж, была нададзена пытанням гістарычнай памяці, патрыятызму, выхаванню моладзі, развіццю міжнароднага супрацоўніцтва.

Як адзначыла старшыня БСЖ Алена Богдан, жанчыны з’яўляюцца грамадскай сілай, якая гатова адстойваць інтарэсы сваёй краіны. Але робіць яна гэта чыста па-жаночаму: праз добрыя справы, падтрымку сем’яў, тых людзей, якім патрэбна дапамога, праз шматлікія акцыі. Роля жанчыны – стваральная. Беларускі саюз жанчын расце ў сваёй колькасці і сёння ў яго радах ужо больш за 150 тысяч чалавек. А справы, якія робяць жанчыны, патрэбныя нашаму грамадству і дзяржаве.

Па выніках мерапрыемства была прынята рэзалюцыя, якая заклікае ўсіх беларускіх жанчын згуртавацца, каб працаваць на карысць нашай краіны і захаваць яе. Таксама адбыўся канцэрт, на якім выступілі творчыя калектывы краіны.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *