На Ушаччине массово прошла областная патриотическая акция «Прорыв Победы»

Главное Общество

1 мая без перабольшвання ўсе дарогі вялі на ўшацкі “Прарыў”. У дзявяты раз тут адбылася абласная патрыятычная акцыя “Прарыў Перамогі”, але, напэўна, упершыню яна аказалася настолькі масавай: ганаровыя госці, дэлегацыі з усіх куточкаў Прыдзвіння, суседніх абласцей Расійскай Федэрацыі, працоўныя калектывы, жыхары розных гарадоў і вёсак прыехалі на наш мемарыял, каб аддаць даніну памяці загінуўшым і разам адзначыць 80-ю гадавіну прарыву варожай блакады партызанамі Полацка-Лепельскай партызанскай зоны і 50-годдзе з дня адкрыцця комплексу. Планавалася, што ў мерапрыемстве прыме ўдзел каля трох тысяч чалавек, на самой справе іх аказалася ўдвая больш. 

Усе дарогі вялі на Ушаччыну

Пачалося ж маштабнае мерапрыемства з аўтапрабега “Пераможныя вёрсты”, які стартаваў на “Дзісненскім рубяжы” і рухаўся па месцах баявой славы. Трэба сказаць, што ўшачане бачылі нямала падобных дзействаў, але гэтае ўразіла асабліва і нават звычайных абывацеляў прымушала спыніцца і дастаць тэлефон, каб зрабіць фота і відэа: праз гарпасёлак на “Прарыў” рушылі “Кацюша” і баявая разведвальная дэсантная машына, УАЗы і Уралы, іншая ваенная тэхніка. Арганізатарам і ініцыятарам такіх аўтапрабегаў ужо шмат гадоў з’яўляецца патрыёт сваёй радзімы жыхар Дзісны Эдуард Цярэшка. Удзельнікі аўтапрабегу фінішавалі на мемарыяле і далучыліся да ўрачыстага мітынгу “Ніхто не забыты, нішто не забыта”.

Прыбылі на свята Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Сяргеенка, старшыні Віцебскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Субоцін і Дзмітрый Дзямідаў, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Сяргей Ляўковіч, ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна Уладзімір Андрэйчанка, першы намеснік губернатара Пскоўскай вобласці Вера Емяльянава, члены Савета Рэспублікі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, кіраўнікі рэспубліканскіх і абласных ведамстваў і іншыя ганаровыя госці. Такая прадстаўнічасць і колькасць гасцей зусім невыпадковыя: пра легендарны прарыў варожай блакады партызанамі Полацка-Лепельскай зоны ведае кожны беларус.

 

Тут мужнасць смерць перамагла

“Памяць назаўжды жыве ў сэрцах нашага народа і лепш пра гэта не скажаш, чым словамі аднаго з аўтараў, які ствараў манумент: “Іх было 17195 супраць 60 тысяч. Мужнасць народа перамагла. Смерць стала неўміручасцю”, – зазначыў Ігар Сяргеенка.

Перадаць пачуцці і атмасферу першых ваенных дзён змаглі ў тэатралізаваным пралогу ўдзельнікі заслужанага аматарскага калектыву “Пілігрым” з Полацка.
“Мы дзякуем нашым ветэранам за мужнасць, гераізм, за тое, што маем сёння магчымасць мірна жыць, працаваць, гадаваць дзяцей. У сучасным свеце няма стабільнасці, вакол Рэспублікі Беларусь адбываюцца падзеі, якія могуць прывесці да самых непрадказальных наступстваў, аднак, як адзначыў наш Прэзідэнт – мы ваяваць ні з кім не хочам, але і свайго не аддадзім. Кожны год на мемарыял едуць тысячы людзей, а “Прарыў Перамогі” штораз дапаўняецца новымі ініцыятывамі”, – сказаў Аляксандр Субоцін.

Рады былі бачыць ушачане на свяце Уладзіміра Андрэйчанку. Ды і ён не раз адзначаў, што за гады дэпутацтва наш раён стаў для яго родным. “Вельмі прыемна, што сёння на “Прарыве” столькі моладзі – зрэшты, менавіта для яе найперш і праводзіцца гэта мерапрыемства”, – зазначыў высокі госць.

“Патрыятычная акцыя пацвярджае нашу вечную ўдзячнасць тым, хто бясстрашна ваяваў, коштам уласнага жыцця абараняў родную зямлю і падарыў нам мірнае неба. Падобныя мерапрыемствы маюць важнае значэнне ў патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, у справе ўвекавечання памяці загінуўшых салдат”, – падкрэсліў у сваім выступленні старшыня Ушацкага райвыканкама Сяргей Садоўскі.

Дарэчы, на Ушаччыне не спыняецца архіўна-даследчая дзейнасць па ўстанаўленні імёнаў партызан, воінаў-землякоў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай. Сёлета на мемарыяле ўвекавечана імя Віктара Кляцко, ураджэнца Чашніцкага раёна, партызана брыгады “Аляксея”, які прапаў без вестак 4 мая 1944 года. Ушанаваць памяць героя прыехалі яго родныя са Жлобінскага раёна. “Тыдзень таму даведалася, што мой дзядуля пахаваны на ўшацкай зямлі, не раздумваючы паехалі на “Прарыў”, – падзялілася ўнучка партызана Ірына Мартыненка.

 

Пасланне нашчадкам

Адметнасцю сёлетняй патрыятычнай акцыі стала ўрачыстая перадача “капсулы часу” з відэапасланнямі жыхароў усіх рэгіёнаў Віцебшчыны нашчадкам. Першы сакратар абласнога камітэта БРСМ Жанна Нарыцына і прызёр міжнароднага маладзёжнага праекта “100 ідэй для СНД” і самы малады дэлегат Усебеларускага народнага сходу Лізавета Іванова перадалі артэфакт Сяргею Садоўскаму і вучаніцы Ушацкай школы, трохразовай пераможцы рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі Ксеніі Барысёнак.

“Капсула часу” будзе захоўвацца ў музеі народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У.Е.Лабанка. Відэаматэрыялы зманціруюць у адзінае пасланне, якое будзе прадэманстравана ў 2034-м годзе ў дзень святкавання 90-годдзя прарыву варожай блакады партызанамі Полацка-Лепельскай зоны.

На жаль, няма ўжо ў нашым раёне ветэранаў Вялікай Айчыннай, і ў гэты раз не гучалі на мітынгу ўспаміны з першых вуснаў. Але вялікай дэлегацыяй прыбылі на свята былыя воіны-інтэрнацыяналісты, якія лічаць сябе правапераемнікамі ў патрыятычна-выхаваўчай справе.

Удзельнікі ўрачыстасці ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання, усклалі да мемарыяльных пліт вянкі і кветкі. Узнёслых эмоцый дадалі выступленні полацкіх кадэтаў, культработнікаў Ушаччыны, выкананне гімна нашай краіны выкладчыкамі і вучнямі Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў.

 

Ажывіць мінулае… магчыма!

Адметнай сёлетнюю акцыю зрабіў і асаблівы сюрпрыз: ваенна-гістарычная рэканструкцыя падзей 80-гадовай даўніны, якую прадставілі ўдзельнікі сталічнага гісторыка-патрыятычнага аб’яднання “Будзем помніць”. Думаецца, што большасці гледачоў пастаноўку падобнага маштабу бачыць яшчэ не даводзілася: у сцэнічную пляцоўку ператварылася вялікае поле насупраць комплексу, на якім узвялі амаль рэальную даваенную вёску, сапраўднай была і тэхніка, на якой уварваліся ў яе акупанты. Зрэшты, нават танк не дапамог ім устаяць перад націскам народных мсціўцаў – бой быў працяглым і цяжкім, але партызаны прарвалі абарону і знішчылі карнікаў. Дзейства ж было настолькі рэалістычным, што гледачы горача суперажывалі героям пастаноўкі: напрыклад, у час сцэны, калі фашысты і паліцаі прыгналі з лесу мірных жыхароў і пачалі іх расстрэльваць, дарослыя побач з намі ўголас пракліналі нелюдзяў, а дзеці ў момант бою хварэлі за партызан і падбадзёрвалі іх воклічамі.

“Пра вайну нам расказваюць на ўроках гісторыі, а сёння старонкі падручніка быццам ажылі”, – падзялілася з намі вучаніца Глыбачанскай школы Таня Гусёнак. А нашы госці з Верхнядзвінскай Асвеі Вольга Аржанік і Кацярына Маслоўская пасля ўбачанага яшчэ доўга не маглі прыйсці ў сябе: “Настолькі ўсё па-сапраўднаму, што і зараз дрыжыкі па целе…”. Жанчыны падкрэслілі, што іх малая радзіма, як і наша Ушаччына, была адным з цэнтраў партызанскага руху, і каб падавіць супраціўленне, фашысты спалілі тут 158 вёсак, знішчылі больш 3,5 тысячы жыхароў.

Сёлета указам Прэзідэнта пасёлку Асвея ў ліку іншых 9 населеных пунктаў Беларусі быў уручаны вымпел “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Нагадаем, што Ушачы атрымалі яго аднымі з першых – у 2009 годзе.

Пад моцным уражаннем у гэты дзень былі і жыхаркі полацкай вёскі Будзькаўшчына Святлана Рыбчынская і Галіна Муравей. Пра мерапрыемства ў нашым раёне жанчыны даведаліся з інтэрнэту і сабраліся ў дарогу. “Калісьці тата даў мне наказ: будзеш на “Прарыве” – знайдзі прозвішча Прыстаўка і пакланіся майму дзядзьку, які там загінуў. Сёння я выканала яго просьбу”, – ускладаючы кветкі да пліты, падзялілася з намі Галіна Канстанцінаўна. А яе сяброўка распавяла, што ў час блакады быў забіты яе дзядуля Улас Макаравіч Мілы, а бацьку Мікалаю, які, дарэчы, родам з Канцавых, на пачатак вайны было ўсяго 12, і каб трапіць у атрад, ён прыбавіў сабе ўзрост. “Той страшны факт, што вада ў бліжэйшай рачулцы некалькі дзён была чырвонай ад крыві, я чула з яго вуснаў”, – зазначае Святлана Мікалаеўна. І нядзіўна, што галасы нашых субяседніц уліліся ў адзіны хор, калі над “Прарывам” разнесліся гукі ўсім вядомага “Дня Перамогі”. Менавіта гэты твор быў абраны шляхам інтэрнэт-галасавання для выканання падчас народнай акцыі “З песняй да Перамогі”. Права ж выступіць на свяце ў якасці саліста атрымаў самадзейны спявак з Лёзненшчыны Аляксей Агееў: як вядома, гэты беларускі раён быў першым ачышчаны ад фашыстаў, а бацька выканаўцы Міхаіл Фёдаравіч вызваляў Віцебск і дайшоў да Берліна.

Дзед Талаш і жывыя скульптуры

Але не толькі апісанымі вышэй буйнымі мерапрыемствамі ўразіла сёлетняя абласная акцыя. Як ніколі шмат цікавых лакацый прапанавалі арганізатары гасцям. Каб проста абысці і разгледзець іх, нам спатрэбілася некалькі гадзін. Вабіла гледачоў перасоўная экспазіцыя музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Хлопчыкі цягнулі сваіх татаў да выставы зброі, якую разгарнулі віцебскія дэсантнікі: вайскоўцы ахвотна тлумачылі, як правільна цэліцца і трымаць вінтоўку, дапамагалі прымерыць амуніцыю. А колькі памятных здымкаў тут было зроблена! Паспаборнічаць у гэтым магла хіба што тэматычная пляцоўка БРСМ, “разынкай” якой стала жывая скульптурная кампазіцыя з пафарбаваных у срэбраны колер удзельнікаў Народнага тэатра мініяцюр з Браслава. У тройку фота-хіт-парада ўваходзіў і чашніцкі Дзед Талаш: як і належыць партызану, у гутарцы з намі ўсіх козыраў ён не выдаў, так што высветліць удалася толькі тое, што Леанід Іванавіч ужо на пенсіі, але любіць тэатральнае мастацтва і імкнецца праз яго даносіць для моладзі гераічныя старонкі нашай гісторыі.
Літаральна кожны раён аформіў на свяце сваю пляцоўку. Гарадоцкая настаўніца гісторыі Таццяна Бульбяннікава, напрыклад, з гонарам распавяла нам пра свае гераічныя мясціны – Шчалбоўскія лясы, дзе таксама дзейнічала вялікая партызанская зона, што вырасла з атрада легендарнага Бацькі Міная.

 

 

Лясная школа, на заняткі якой, нібы з дапамогай машыны часу, перанесліся ўшацкія вучні і настаўнікі, прыцягнула ўвагу здымачнай групы “АНТ”. Мы ж разам з іншымі гасцямі свята акунуліся ў быт народных мсціўцаў, які выдатна адлюстравалі нашы культработнікі і бібліятэкары: у партызанскім лагеры і параненых лячылі, і бялізну ў старых начоўках мылі, і песні спявалі, і ежу на вогнішчы гатавалі – як жа смачна пахла юшка, над якой чаравалі Галіна Рудзёнак і Дзмітрый Ярмош! А ў штабе тым часам злоўленага “языка” дапытвалі – далучыліся да працэсу і мы: загадалі палоннаму на нямецкай мове павіншаваць усіх са святам Перамогі. Такі вось крэатыўны інтэрактыў панаваў на свяце. Дарэчы, у памяць пра яго можна было набыць сувеніры, якія прапаноўвалі многія ўшацкія арганізацыі. А на пляцоўцы ТЦСАН людзей ратавалі ад смагі: толькі за першыя гадзіны тут разышлося 200 літраў вады.

“Падобных мерапрыемстваў ніколі не прапускаем, прыязджаем усёй сям’ёй: двух сыноў стараемся выхоўваць патрыётамі сваёй краіны. Сёлета ж свята проста ўразіла велічнасцю, насычанасцю праграмы. Вялікі дзякуй усім, хто для нас яго арганізаваў!”, – падзяліўся з намі ўшачанін Віктар Обух і, думаецца, перадаў уражанні тысяч гасцей маштабнага дзейства.

Свой каларыт мела і яго вячэрняя частка. Літаральна ўсе песні канцэртнай праграмы, падрыхтаванай групай “Паўночны Захад” упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама, слухачы спявалі разам з артыстамі. Той, хто бачыў вячэрні “Прарыў” у падсветцы – назаўсёды запомніць гэтае велічнае відовішча. А што ўжо казаць пра выгляд манумента ў аздабленні агеньчыкаў салюту – словамі гэта проста не апішаш… Падалося, што ўсе, хто ў гэты вечар у захапленні ўзняў вочы ў неба, думалі пра адно: няхай толькі мірныя залпы гучаць у гэтым гаротным і гераічным месцы.

Мерапрыемствы дзён партызанскай славы, прысвечаныя 80-й гадавіне прарыву варожай блакады, працягнуліся і на наступны дзень. Падрабязней пра іх раскажам у чарговым нумары газеты.

 

Вольга КАМАРКОВА,
Наталля БАГДАНОВІЧ,
Караліна КЛАЧОК.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *