Высокие показатели и большие планы. Ушачский участок электросвязи РУП «Белтелеком» держит марку

Общество

Зараз складана ўявіць жыццё без тэлефона, інтэрнэта, інтэрактыўнага тэлебачання. Такія паслугі аказвае абанентам Ушацкі ўчастак электрасувязі РУП “Белтэлекам”, работнікі якога заўтра адзначаць сваё прафесійнае свята.

Па шэрагу паказчыкаў ушацкія электрасувязісты традыцыйна займаюць высокія пазіцыі ў абласным рэйтынгу. На сённяшні дзень яны абсалютныя лідары па прымяненні тэхналогіі пасіўных аптычных сетак PON (82,4 працэнта карыстальнікаў інтэрнэта маюць да яе доступ), а таксама па продажы ў растэрміноўку рознай тэхнікі: ад мабільных тэлефонаў, камп’ютараў, мульціварак да буйнагабарытных пральных машын, халадзільнікаў. Паслугамі электрасувязі ў раёне зараз карыстаюцца больш за 5000 абанентаў.

– Працягваем працаваць над укараненнем цэнтралізаванай інфармацыйнай сістэмы аховы здароўя – яна звяжа ўсе медустановы Ушаччыны з агульнарэспубліканскай базай даных, – расказвае начальнік участка Арцём Гарбаценка. – Абслугоўванне відэакамер, задзейнічаных у рабоце рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі, – таксама ў зоне нашай адказнасці.

Актыўна працуюць спецыялісты і па падключэнні відэакантролю: паслуга аказалася запатрабаванай як у юрыдычных, так і ў фізічных асоб (прычым, не толькі з ліку жыхароў шматкватэрных дамоў, але і прыватнага сектара). На сённяшні дзень у раёне ўстаноўлена каля 1000 камер, якія дазваляюць весці назіранне за тым, што адбываецца на тэрыторыі, не дапусціць пранікнення злачынцаў.

Аператыўна выязджаюць электрасувязісты – у тым ліку ў святы, выхадныя – на ліквідацыю розных паломак, тлумачаць правілы карыстання прапанаванымі тэхсродкамі. Яны ахвотна падказваюць абанентам пра наяўныя акцыі і новыя паслугі. Сярод нядаўніх, напрыклад – “крэдыт даверу”: з магчымасцю карыстацца электрасувяззю нават пры нулявым ці адмоўным балансе на асабістым рахунку. Усё большую папулярнасць – асабліва ў маладых людзей – набывае падпіска на розныя анлайн-кінатэатры.

Вядома, намнога прасцей выконваць усе запланаваныя паказчыкі тады, калі падабраны адпаведныя кадры. З гэтым ва Ушацкім участку электрасувязі праблем няма! Асобных слоў падзякі ад кіраўніцтва заслугоўваюць электрамеханік Ганна Бугай і кабельшчык-спайшчык Мікалай Шайтар – па выніках 2025 года іх прозвішчы занесены на Дошкі гонару Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам” і Полацкага занальнага ўчастка электрасувязі адпаведна. Такім жа чынам на раённым узроўні адзначаны электрамеханік Міхаіл Сысуеў. Да прафесійнага свята Падзяка дырэктара Віцебскага філіяла аб’яўлена спецыялісту па продажы Алене Федуковіч.

– За нашымі плячыма – нямала годных здзяйсненняў, а наперадзе – яшчэ больш вялікіх планаў, амбіцыйных задач, – кажа А.Гарбаценка. – Сваіх калег, ветэранаў працы віншую з прафесійным святам і надыходзячым Днём Вялікай Перамогі. Жадаю ўсім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і мірнага неба над галавой!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
На здымках: работнікі ўчастка А.Федуковіч; А.Пятроўская, М.Сысуеў, М.Лёля і Г.Бугай.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *