17 сентября Беларусь отмечает государственный праздник – День народного единства

Общество

Мы мацней, калі разам

Гадзіннік у выглядзе карты Беларусі ўстановяць у Мінску, калі з усіх 118 раёнаў рэспублікі “Патрыёты Беларусі” прывязуць сімвалічныя шасцяронкі. Ён будзе далей адлічваць час нашай суверэннай краіны, якая развіваецца, бо на адзіны вынік “круцяцца”-працуюць усе рэгіёны. Вось такая вельмі прыгожая канчатковая задума ў арганізатараў патрыятычнай рэспубліканскай акцыі “Сімвал адзінства”, якую ініцыіравала грамадскае аб’яднанне “Патрыёты Беларусі” сумесна з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі да Дня народнага адзінства. У аўтапрабега ёсць і яшчэ адна высакародная мэта – устаноўка таблічак з QR-кодамі на месцы помнікаў загінуўшым воінам і мірным жыхарам. Дзякуючы праекту “Захаваем гісторыю” на мабільным тэлефоне ці любым іншым электронным дадатку можна знайсці не толькі інфармацыю пра памятнае месца, але і пазнаёміцца з успамінамі сведак Вялікай Айчыннай вайны.

Стартавала акцыя ў Полацку 12 верасня, а на наступны дзень калону “Патрыётаў Беларусі” хлебам-соллю сустракала Ушаччына. Урачысты мітынг ля помніка мірным жыхарам па вуліцы Кастрычніцкай адкрыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Сяргеевіч Садоўскі. Яму кіраўнік аб’яднання “Патрыёты Беларусі” Мікалай Зарубіцкі перадаў сімвалічны макет гадзінніка, а яго намеснік Ганна Харута ў сваім выступленні падкрэсліла, што пра ўнікальную гераічную старонку Ушаччыны павінны ведаць як мага больш людзей. І таму алічбаваная таблічка выраблена не толькі для гэтага помніка. Падобныя старшыня абласной арганізацыі Вольга Мацюсь перадала на брацкія магілы ў Бабовішчы, Загаваліне, Усаі, Жарах, на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, да помніка на былым аэрадроме на возеры Вечалле, Надзеі Касцючэнкі ў Арэхаўне і Алены Броўкі ў Пуцілкавічах. З часам іх, канечне, з’явіцца больш, бо гэтая выдатная ідэя вартая працягу. Зараз жа адбіраліся тыя памятныя месцы, дзе ёсць успаміны сведак пра канкрэтныя трагічныя падзеі. Інфармацыю для дзевяці таблічак нашага раёна падрыхтавалі і перадалі арганізатарам праекта супрацоўнікі музея народнай славы імя У.Е.Лабанка.

У створаным у 2020 годзе аб’яднанні “Патрыёты Беларусі” афіцыйна пакуль толькі каля 2500 чалавек. Але дэвіз арганізацыі: “Мы тыя, хто верыць у сваю краіну, ганарыцца ёю, ведае сваю гісторыю, цэніць сённяшняе і стварае будучыню” лічаць сваім мільёны беларусаў.

Дарэчы, падчас мітынгу праверылі “спраўнасць” таблічкі: сфатаграфавалі QR-код і на маніторы з’явіліся ўспаміны Яўгена Пятровіча Васілеўскага і іншая інфармацыя пра страшны студзеньскі дзень 1942 года, калі расстралялі амаль тысячу ушачан яўрэйскай нацыянальнасці.

Прадстаўнікі ўсіх калектываў Ушаччыны ўсклалі кветкі да абеліска, а “Патрыёты Беларусі” ўзялі накірунак на Лепельскі раён.

Алея як сімвал адзінства

Напярэдадні дзяржаўнага свята – Дня народнага адзінства лясгасы Віцебшчыны закладвалі памятныя алеі ў знакавых месцах, дэндрапарках, на тэрыторыях навучальных і дашкольных устаноў. Падтрымаў такую добрую ідэю і Ушацкі лясгас. Алею туй лясгасаўцы заклалі каля памятнага знака на беразе возера Вечалле. Як вядома, вадаём зімой 1943-1944 гг. з’яўляўся партызанскім аэрадромам. Адметна, што высаджаны былі тут дэкаратыўныя расліны з уласнага лесапітомніка напярэдадні прафесійнага свята лесаводаў. Далучыліся да працоўнай акцыі і актывісты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

А на тэрыторыі аддзялення кругласутачнага прабывання для пажылых людзей і інвалідаў у Вяркудах работнікі лясгаса і актывісты пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын ТЦСАН на чале са старшынёй раённай арганізацыі Аленай Пашковіч высадзілі алею дэкаратыўных кустоў.

 

Аб’ектыўны погляд на гісторыю

Акцыя “Беларусь адзіная”, прысвечаная Дню народнага адзінства, праводзіцца рэспубліканскім аб’яднаннем “Веды” ўжо другі год. Сёлета яна прымеркавана Году гістарычнай памяці. Дыялогавыя пляцоўкі разгарнуліся ва ўсіх раёнах краіны. На Ушаччыне ж яна аб’яднала прадстаўнікоў ідэалагічнага актыву, грамадскіх арганізацый, органаў улады і старшакласнікаў.

Мадэратарам выступіў настаўнік гісторыі Ушацкай школы Уладзімір Леанідавіч Хамёнак. Чалавеку, улюбёнаму ў сваю справу, удалося выклікаць аўдыторыю на дыялог. Так, яго калега Святлана Дзмітрыеўна Галай прыгадала расказ суседа, ветэрана вайны Франца Восіпавіча Муравіцкага. Мужчына да пераезду ва Ушачы жыў у Далгінаве Мінскай вобласці, скончыць змог толькі чатыры классы польскай школы. На гэтай мове ён і зачытваў радкі, зазубраныя ў пачатковых класах. “Хто ты есць? Поляк малы. Які знак твой. Ожыл (арол) бялый”. Ні беларуская мова, ні традыцыі продкаў не развіваліся, больш таго – забараняліся. Ішла магутная хваля паланізацыі, а таксама запісванне беларускіх каталікоў у палякі.

Ад гэтага прыватнага ўспаміну спікеры перайшлі да афіцыйных крыніц. Вядомы сваёй жорсткасцю, нават зверствам канцлагер “Бяроза-Картузская”, “адкрыты” ў дваццатыя гады для палонных салдат Чырвонай Арміі, потым ператварыўся ў гулаг для палітычных зняволеных – беларусаў, якія не адмаўляліся ад сваёй нацыянальнасці і радзімы.

Намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч прадоўжыла тэму генацыду беларускага народа, які ў час Вялікай Айчыннай вайны масава праводзілі фашысцкія захопнікі, і заклікала моладзь наведваць экспазіцыю, адкрытую ў Доме культуры аграгарадка Кублічы. Там шмат фотаздымкаў і дакументаў яўрэйскіх сямей, што жылі да 1942-года ў мястэчку… Так, гісторыя складаецца з канкрэтных лёсаў, яна часта суб’ектыўная, таму і прасіў У.Хамёнак сваіх вучняў адказна ставіцца да сацыяльнай памяці: з таго, як яны пададуць падзеі сённяшняга дня, будзе складацца гісторыя для будучых пакаленняў.

Падрыхтавала Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *