
Зрабіць падарунак для жанчын Ушацкага раёна, якія былі ўдастоены звання “Чалавек года Віцебшчыны”, вырашылі супрацоўнікі музея народнай славы, сабраўшы іх у апошні дзень красавіка на камернае мерапрыемства. Адпаведны настрой стварала і новая, вельмі жаноцкая выстава хустак і шаляў, і лірычныя спевы музыканта Алега Дыммана, і здымкі мінулых гадоў.
Аднак усім віноўніцам вечарыны здавалася, што гэта было зусім нядаўна. Так, не змянілася ні месца работы, ні актыўная жыццёвая пазіцыя майстра камунгаса Ніны Мікалаеўны Маковіч і юрысконсульта Валянціны Эдуардаўны Анкудовіч. Дарэчы, УП ЖКГ за час існавання з 2009 года гэтай прэстыжнай прэміі вылучыла не аднаго, як астатнія арганізацыі, а ажно трох лаўрэатаў. Па-ранейшаму павялічвае колькасць даследаванняў калектыў клінічнай лабараторыі ЦРБ пад кіраўніцтвам Святланы Віктараўны Шыла. Адной з распаўсюджаных на сёння навінак яна назвала аналізы на вітамін Д. Аднолькавымі былі і ўражанні лаўрэатак аб самой імпрэзе – вельмі хваляваліся перад выхадам на сцэну, і кожная, даведаўшыся, што прайшла вялікую канкурэнцыю, здзіўлялася, чаму вылучылі менавіта яе, і лічыла гэта заслугай ўсяго калектыву, а тое і ўсіх калег па цэху. “Бухгалтар – прафесія ценевая, мы не перавозім груз, не ўкладаем асфальт, не вырошчваем хлеб. Таму лічу, што ў маёй асобе былі намінаваны ўсе бухгалтары нашага раёна”, – выказалася былы глаўбух ДРБУ-105 Зоя Сцяпанаўна Ільінова. У 2011 годзе разам з ёй на ўрачыстасць ездзіла адразу тры прадстаўнікі Ушаччыны, у тым ліку і швачка “Прамкамбіната” Святлана Цімафееўна Леснічэнка (Масцяева). Сціплай жанчыне, якая зараз працуе прадаўцом у магазіне “Санта”, расказаць, чаму выбар паў на яе, дапамагла былая калега Валянціна Мугака: “Старанная, акуратная, а галоўнае – надзейная, яна ніколі не адмаўлялася ад перапрацовак, калі гэта патрэбна было для прадпрыемства”.
Якім бы сціплым ні здаваўся асабісты ўдзел кожнай з намінантак, ён бясспрэчны і заслужаны. Прыкладам таму – прысутнасць на мерапрыемстве першай раённай лаўрэаткі-жанчыны Алы Мікалаеўны Коўшаль, якая ў 2010-м працавала аператарам свінакомплексу “Сарочына”. У гэты дзень яна паднялася намнога раней, чым рабіла тады: сабрала малако ва ўсіх малаказдатчыкаў раёна, прыбрала памяшканне Сарочынскага лясніцтва, дзе таксама працуе, справілася са сваёй вялізнай гаспадаркай і, прыбраная, прыгожая, без спазнення паспела на свята. Не змаглі прысутнічаць на ім Таццяна Міхайлаўна Малак, Марына Рыгораўна Камінская, Святлана Фёдараўна Папко, Алена Віктараўна Вашчанка, аднак іх імёны таксама назаўсёды застануцца ў залатым фондзе Ушаччыны.
Імпрэза ў музеі, канечне, прысвячалася Году беларускай жанчыны і таму старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Д.М.Садоўская ўручыла кожнай з удзельніц падарункі. На памяць аб вечарыне, якая закончылася чаяпіццем, будуць і магніты-сувеніры – іх і ласункі для салодкага стала падрыхтавала раённая арганізацыя рэспубліканскага аб’яднання “Белая Русь”.
Вольга Караленка.
