ХI областная патриотическая акция «Прорыв Победы» прошла в Ушачском районе. Большой фоторепортаж

Главное Общество

Яркім сонечным днём 4 мая ўсе шляхі вялі на Ушаччыну. У адзінаццаты раз на нашым мемарыяльным комплексе гучна, маштабна, узнёсла разгарнула сваё велічнае дзейства абласная акцыя “Прарыў Перамогі”. Адзначыць разам з ушачанамі 82-ю гадавіну прарыву варожай блакады народнымі мсціўцамі Полацка-Лепельскай партызанскай зоны прыехалі дэлегацыі ўсіх рэгіёнаў Прыдзвіння, розных гарадоў Беларусі і Расіі.

Традыцыйна абласное свята “Прарыў Перамогі” распачынаецца ў музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка. Хоць большасць ганаровых гасцей не ўпершыню бачаць экспазіцыю, тым не менш, шмат пытанняў задаюць экскурсаводам. Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Мялешкін, напрыклад, зацікавіўся камісарам атрада імя Гастэла Сільвестрам Аляксеевічам Жэнавым. Нядаўна да сенатара звярнулася жыхарка Міёрскага раёна і прасіла добраўпарадкаваць магілу гэтага ўдзельніка прарыву, што і было зроблена. Пяты раз прысутнічае на свяце намеснік старшыні Пскоўскага абласнога Савета дэпутатаў Армен Манацканян. Ну а лідар віцебскай ветэранскай арганізацыі Сяргей Альсевіч – яшчэ з часоў суботнікаў па рэканструкцыі мемарыяла. Шматколькаснай была дэлегацыя “Патрыётаў Беларусі”: абласная арганізацыя грамадскага аб’яднання ініцыявала аўтапрабег “За адзіную Беларусь”, які стартаваў з плошчы Перамогі ў Віцебску, пралягаў праз Обаль і фінішаваў на “Прарыве”.

Мемарыял у чарговы раз расквеціўся сотнямі сцягаў. Ганаровыя госці, дэлегацыі з усіх раёнаў Прыдзвіння, суседніх абласцей Расійскай Федэрацыі, працоўныя калектывы, жыхары розных гарадоў і вёсак прайшлі шляхам партызанскіх брыгад, а кульмінацыяй патрыятычнай акцыі, як заўсёды, стаў урачысты мітынг на плошчы Памяці.

“Нязломная воля да перамогі, самаадданая любоў да сваёй зямлі павінны стаць арыенцірам для цяперашняга пакалення. Праз восем дзесяцігоддзяў пасля кровапралітнай вайны тэма міру як ніколі актуальная. Узброеныя канфлікты адбываюцца не за тысячы кіламетраў ад нас, а фактычна ля мяжы. Каб наступным пакаленням не прыйшлося ўзводзіць падобныя манументы, давайце разам берагчы мір і родную Беларусь. Сёння перад намі стаяць новыя выклікі – здзейсніць прарыў у галінах эканомікі, унесці свой пасільны ўклад у развіццё рэгіёна”, – падкрэсліў у сваім выступленні старшыня аблвыканкама Аляксандр Рагожнік.

Не першы год падтрымліваюць акцыю нашы суседзі-расіяне. Як зазначыла дэпутат Смаленскай абласной думы Вольга Васільева, у Расіі вельмі цэняць сяброўства з нашай краінай, ганарацца агульным гераічным мінулым. Кожны год у гэтыя майскія дні на наш мемарыял прыязджае старшыня рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Іван Гардзейчык, які ў сваім выступленні заклікаў маладаое пакаленне ісці да такіх вось помнікаў і абеліскаў, расказваць дзецям і ўнукам гісторыю, каб ведаць і помніць.
Удзельнікі ўрачыстасці ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання, усклалі да манумента вянкі і кветкі. У гэты вечар пліты на мемарыяле сталі чырвонымі ад мноства гваздзікоў і руж. Шчымлівых эмоцый дадалі выступленні полацкіх кадэтаў, культработнікаў, выкладчыкаў і вучняў Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў.

На жаль, няма больш у нашым раёне ветэранаў Вялікай Айчыннай, але сёлета на “Прарыў” прыехаў Раман Раманавіч Прыбышчук з Полацка, якому хутка споўніцца 99 гадоў. Ён родам з Іванаўскага раёна, практычна з першых дзён вайны знаходзіўся ў саставе партызанскага атрада імя Сталіна, быў сувязным Пінскай партызанскай брыгады, а таму гісторыя легендарнага прарыву для яго вельмі блізкая. За мужнасць і гераізм у гады Вялікай Айчыннай Раман Раманавіч узнагароджаны медалём “За адвагу”. “Галоўнае пажаданне – даўжэй будзьце ў страі! Сваёй актыўнай жыццёвай пазіцыяй натхняйце маладое пакаленне!” – паціскаючы руку ветэрану, казалі Аляксандр Рагожнік і старшыня аблсавета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў.

Апошнім часам эстафету носьбітаў ваеннага гераізму ў пакалення ветэранаў Вялікай Айчыннай перанялі былыя воіны-афганцы – і наша патрыятычная акцыя стала месцам штогадовай сустрэчы людзей, баявое братэрства якіх гартавалася ў цяснінах Кандагара. Упершыню пабывала на “Прарыве” масквічка Алена Астраханцава – былы ваенны ўрач з гераічнай афганскай біяграфіяй. “Прыехала на адпачынак у “Лясныя азёры” і калі пачула пра патрыятычную акцыю на мануменце – вырашыла да яе далучыцца. Уражана тым, як свята захоўваюць беларусы памяць пра подзвігі продкаў”, – падзялілася з намі госця з Расіі. Не хаваюць у гэты дзень узнёслых эмоцый і ўшацкія ветэраны Афганскай вайны – на правах гаспадароў яны вітаюць сяброў з іншых раёнаў. А вось Пётр Турчыновіч у гэты раз са сваімі хлопцамі ў калоне не ішоў, бо меў адказную місію: удзельнічаў у тэатралізаваным пралогу, што ладзіўся перад пачаткам мітынгу. І хоць гэта быў яго творчы дэбют – з роллю вяскоўца, што пайшоў у партызаны, справіўся добра. Як, дарэчы, і ўся творчая ўшацкая каманда – пастаноўка атрымалася жывой і пранікнёнай.

Трапна ўпісаўся ў канву дзейства і рэгіянальны конкурс сцэнічнага майстэрства “Майскі вецер”, а склад яго ўдзельнікаў праілюстраваў тое, што памяць жыве ў сэрцах прадстаўнікоў розных пакаленняў. Пераможцам у самай юнай намінацыі чытальнікаў стаў чацвёртакласнік Коля Вайцяховіч з аграгарадка Чарневічы, што на Глыбоччыне, тады як лепшым у старэйшай групе прызнаны 90-гадовы палачанін Генадзь Аляксеевіч Булаў, які сам быў сведкам ваенных падзей. Нам жа прыемна, што першае месца сярод дэкламатараў сярэдняга ўзросту заваявала наша зямлячка Марына Барысенка.

Гэта ўнікальная акцыя, дзе журботныя і патэтычныя моманты пераплятаюцца з жыццесцвярджальнымі матывамі. А таму ў розных куточках комплексу госці разам з артыстамі спявалі “Кацюшу”, “Жураўлёў” і “Дзень Перамогі”, а салдацкая каша, антураж ляснога побыту і творчых пляцовак пагружалі прысутных у асаблівую атмасферу. Падкрэсліў яе і канцэрт узорна-паказальнага аркестра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Традыцыйна на свяце было шмат моладзі. “Калі атрымаў прапанову стаць вядучым на ўрачыстым мітынгу, адчуў неверагодны гонар і адказнасць. У нашых мясцінах няма такой сям’і, якая б не страціла ў час прарыву сваіх родных, блізкіх, знаёмых – і для мяне, як і для кожнага ўшачаніна, гэтае месца свяшчэннае!” – падзяліўся эмоцыямі Арцём Бірукоў. А маладыя бацькі Анастасія і Ягор Полазавы падкрэслілі, што прывялі на свята свайго маленькага сына, бо ўпэўнены, што дзецям трэба з самага маленства расказваць пра гісторыю роднай зямлі, вучыць іх ганарыцца Бацькаўшчынай. Менавіта для гэтага найперш і патрэбны падобныя мерапрыемствы.

Вольга КАМАРКОВА,
Наталля БАГДАНОВІЧ, Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *