В Ушачах чествовали тружеников села и подвели итоги аграрного года

Общество

Літаральна на кожным аграрным свяце прыгажуні ў беларускіх касцюмах падносяць хлебаробам традыцыйныя караваі – але калі бачыш, з якім узнёслым хваляваннем гэтыя загартаваныя нешматслоўныя людзі беражліва адломваюць кавалачкі самага смачнага на зямлі ласунку, штораз адчуваеш, як пабеглі па спіне мурашкі. У гэтых боханах – пад’ёмы на досвітку і змены пры святле фар, золь ранішніх палёў і сем патоў у паўдзённую спёку… І вось ён, каравай новага ўраджаю! Запаветны трафей працяглага хлебаробчага марафону!

Дэлегацыя КУСГП “Вялікадолецкае”: Ю.Альбіновіч, М.Хамёнак, В.Алексяёнак, В.Хамічонак, А.Зянюк, Ра Вутх.
Кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў С.Халімоненка, Г.Буркенадзэ, С.Плігаўка.

Сёлета ж і мерапрыемствы па ўшанаванні расцягнуліся для ўшацкіх аграрыяў на некалькі этапаў – раённыя і абласныя “Дажынкі”, імпрэзы ў Віцебску і Мінску, і вось напрыканцы мінулага тыдня ва Ушачах адбылася фінальная ўрачыстасць з нагоды прафесійнага свята працаўнікоў вёскі. І трэба сказаць, што гэты святочны марафон аграрыі цалкам заслужылі. Як зазначыў у сваёй прывітальнай прамове кіраўнік раёна Сяргей Сяргеевіч Садоўскі, сёлетні каравай на Ушаччыне быў важкім і нашы землякі ўнеслі дастойную лепту ў стварэнне харчовай бяспекі краіны. Па выніках працы за 10 месяцаў бягучага года тэмп росту вытворчасці валавай прадукцыі ў сельгасарганізацыях раёна склаў 124,6 працэнта. Намалот зерневых і зернебабовых (26047 тон) удвая перавысіў леташні, амаль на 7 цэнтнераў вышэйшай аказалася ўраджайнасць (27,7) – тройку лепшых па гэтым паказчыку склалі “Сафійскія дары”, філіял “Баброва- Агра” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” і “Ільюшынскі”. На 1 лістапада нарыхтавана 17410 тон травяных кармоў – 109,5 працэнта да леташняга, на 1,9 цэнтнера “плюсавалі” мы і па кармавых адзінках на ўмоўную галаву жывёлы. За 10 месяцаў удой малака ад каровы быў на 3,3 працэнта вышэй, чым на адпаведную мінулагоднюю дату, прадукцыі вырошчвання жывёлы атрымана 117,4 працэнта да ўзроўню 2021 года.

С.Садоўскі, Н.Пранік.
Ю.Ладнова, С.Шчэрбік.

За ўсімі названымі лічбамі стаіць праца людзей, якія выбралі адну з самых складаных прафесій. Тым, хто сёлета шчыраваў з асаблівым плёнам і стараннем, кіраўнік раёна, а таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч, начальнік райсельгасхарча Юлія Міхайлаўна Ладнова ўручылі заслужаныя ўзнагароды. Апроч пераможцаў спаборніцтва аграрыяў, уладальнікаў узнагарод раённага ўзроўню (іх прозвішчы мы агучылі ў папярэднім нумары), на сцэну ў гэты дзень узнімаліся трактарыст-машыніст УП “Сафійскія дары” Анатоль Часлававіч Хадасевіч, які адзначаны Ганаровай граматай Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, аператар па штучным асемяненні ААТ “Ільюшынскі” Алеся Мікалаеўна Кімава, аператар машыннага даення ААТ “Дземенец” Жанна Мікалаеўна Міцкевіч, жывёлавод УП “Сафійскія дары” Наталля Леанідаўна Коршун, ветэран працы ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Алена Фёдараўна Слашчова, адзначаныя Ганаровай граматай раённай арганізацыі названага вышэй прафсаюза. Дземянецкім трактарыстам-машыністам Аляксандру Валер’евічу Атрашкевічу, Івану Іванавічу Долгаму, Артуру Аляксандравічу Ігнатовічу, тэхніку-механіку Паўлу Сяргеевічу Шароху былі ўручаны Лісты падзякі старшыні Ушацкага райвыканкама. Традыцыйна не засталася ў баку ад ушанавання работнікаў АПК раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” – яе старшыня Н.М.Марковіч уручыла падарункі кіраўнікам пярвічак “Ільюшынскага” і райсельгасхарча Алене Віктараўне Халімоненка і Таццяне Яўгенаўне Іванюта.

Д.Бурак, А.Усовік, А.Траян, М.Ражноўскі.

Самым хвалюючым і гучным ва ўсіх сэнсах момантам урачыстасці стала абвяшчэнне шчаслівага ўладальніка каштоўнага святочнага падарунка – універсальнага пагрузчыка “Амкадор” з тэлескапічнай стралой. Пад барабанны дробат у выкананні ўшацкіх дзяўчат ключы ад новай тэхнікі, якая набыта дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, атрымаў дырэктар ААТ “Ільюшынскі” Сяргей Анатольевіч Халімоненка.

Занятыя ў сферы сельгасвытворчасці ўшачане складаюць каля 20 працэнтаў ад агульнай колькасці працуючых.

Сярод тых, хто знаходзіўся ў гэты дзень у святочнай зале, былі маладыя работнікі – такія, напрыклад, як дземянецкі бухгалтар Аня Галаўнёва, якая прыехала ў Глыбачку паўтара года таму, галоўны ветурач “Ільюшынскага” Улад Хубяцоў, які зусім нядаўна пачаў працоўны шлях, але ўжо паспеў сябе добра зарэкамендаваць. Трэці год шчыруе ў гэтай жа гаспадарцы старанны механізатар Юрый Марковіч – на сваім МТЗ-82 усё лета абслугоўваў гурты на пашах, зараз жа развозіць кармы, выконвае іншую работу на комплексе. “Летась на падобным свяце ўзнагароджвалі маю жонку Кацярыну – яна ў нас перадавая даярка, нават на раённую Дошку гонару сёлета занесена!” – з цеплынёй і павагай расказаў нам пра сваю другую палавінку малады работнік. А вось за плячыма яе вялікадолецкай калегі Валянціны Васільеўны Хамічонак ужо не адзін дзясятак год работы на ферме. “Хоць і апынулася сёлета на другім месцы ў раённым спаборніцтве аператараў машыннага даення, хацелася б, каб паказчыкі былі яшчэ лепшымі. Нялёгка працаваць у жывёлагадоўлі, але сваю работу я люблю, падабаецца і дружны калектыў нашага “Цыганка”: статак амаль у 200 галоў абслугоўваем разам з Аленай Бажанавай, Валянцінай Касяк, Людмілай Шыраевай. Рады, што сёлета нашы хлопцы добра папрацавалі на нарыхтоўцы кармоў – будзем спадзявацца, што гэта дазволіць удала правесці стойлавы перыяд і дадаць у паказчыках”, – падзялілася з намі Валянціна Васільеўна.

Ю.Марковіч.

Багаты стаж работы і ў механізатара Міхаіла Міхайлавіча Ражноўскага: працаваў ён сёлета яшчэ больш напружана, і ў выніку другое леташняе месца па выпрацоўцы ўмоўных эталонных гектараў сярод трактарыстаў на тэхніцы сярэдняй магутнасці памяняў на першае. “Стаміўся за сезон”, – шчыра прызнаўся нам работнік “Сафійскіх дароў”. Але расказаў і пра прыемныя моманты, звязаныя з бытам і сям’ёй – пра тое, напрыклад, што нядаўна на прэмію за добрую работу набылі новы халадзільнік “Атлант”. А яшчэ прызнаўся, што на свяце ў яго “рознаўзроставая” група падтрымкі: мама Людміла Андрэеўна і малодшая дачушка Даша, якая танцавала ў гэты дзень на сцэне для таты разам з сяброўкамі з харэаграфічнага аддзялення школы мастацтваў. Хіба не ў гэтым заключаецца простае зямное шчасце!

У выкананне распараджэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Г.Лукашэнкі ад 16 чэрвеня 2022 года №112рп “Аб закупцы тэхнікі і абсталявання” неплацежаздольным сельгаспрадпрыемствам раёна для прыгаданай вышэй мэты накіравана 1270 тысяч рублёў: у тым ліку 141 тысяча – “Агра-Селішчу”, 178 – “Дземенцу”, 390 – “Ільюшынскаму”, 251 – “Вялікадолецкаму”, 302 – “Глыбачанам”.

Работнікі “Дземенца” Г.Галаўнёва, В.Глінская, Ж.Міцкевіч, П.Шарох, І.Долгі, А.Ігнатовіч.

Дарэчы, юных ушачан на мерапрыемстве было шмат: яны выступалі на сцэне, знаходзілі сабе занятак і ў фае: напрыклад, старанна малолі зерне на старажытных жорнах, устаноўленых на тэматычнай пляцоўцы. Да афармлення памяшкання перад залай прыклалі руку многія ўстановы: палюбавацца вырабамі народных умельцаў запрашалі Дом рамёстваў, клуб “Адраджэнне”, цэнтр дзяцей і моладзі, даведацца пра гісторыю ўтварэння калгасаў і саўгасаў, прыгадаць іх былых перадавікоў можна было на выставе музея народнай славы імя У.Е.Лабанка, а раённая бібліятэка паклапацілася пра антураж для памятных фотаздымкаў. Кадры, зробленыя на фоне віншавальных надпісаў і шчодрых дароў палёў, садоў да агародаў, засталіся ў многіх тэлефонах. Як застанецца ў памяці працаўнікоў палёў і ферм гэты няпросты, але адзначаны годнымі дасягненнямі аграрны год.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *