Какие услуги оказывают социальные работники?

Калейдоскоп

Гады праходзяць, мы не маладзеем, а дзеці не заўсёды жывуць побач, каб дапамагчы. Але, на шчасце, у нашай краіне не трэба хвалявацца і пра гэта. Вось ужо 25 гадоў на тэрыторыі Беларусі паспяхова працуе служба сацыяльнай дапамогі на даму. Сацработнікі дапамагаюць у надзённых клопатах пажылым людзям, якія праз узрост і здароўе не могуць абысціся без гэтага. А падыходзяць да сваёй працы адказна і, галоўнае, з душой. Пра тое, якія паслугі сёння аказваюць сацыяльныя работнікі, які кошт гэтых паслуг, даведаліся ў дырэктара ТЦСАН Ушацкага раёна Наталлі Мікалаеўны МАРКОВІЧ.

Комплекс паслуг

Абслугоўванне насельніцтва супрацоўнікамі аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму аказваецца як на пастаяннай, так і на часовай аснове. Пад комплексным надомным абслугоўваннем разумеецца аказанне сацыяльна-бытавых паслуг: пакупка і дастаўка на дом прадуктаў харчавання, прамысловых тавараў першай неабходнасці, вады, садзейнічанне ў нарыхтоўцы агародніны на зіму, забеспячэнні палівам, рамонце і прыбіранні жылых памяшканняў, дапамога ў афармленні дакументаў, атрыманні талонаў на прыём да ўрача і інш. Сацработнікамі аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму і аддзяленнем тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання аказваюцца таксама разавыя паслугі.
З кожным заключаецца дагавор на абслугоўванне, у якім змяшчаюцца звесткі пра перыядычнасць наведвання сацработнікам, від і аб’ём прадстаўляемых паслуг.

Бясплатна або за грошы?

Абслугоўванне пажылых грамадзян можа ажыццяўляцца сацыяльнымі работнікамі як бясплатна, так і на ўмовах частковай ці поўнай аплаты. У тым выпадку, калі пенсія чалавека не перавышае бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ), ён можа прэтэндаваць на бясплатнае абслугоўванне. На ўмовах частковай аплаты абслугоўванне прадстаўляецца тым, у каго пенсія перавышае БПМ. Абавязковай умовай у абодвух выпадках з’яўляецца тое, каб у адным населеным пункце з грамадзянінам не пражывалі яго родныя. Калі ж яны жывуць побач, сацыяльная дапамога можа аказвацца пажылому чалавеку толькі за поўны кошт, незалежна ад памеру яго пенсіі. Трэба адзначыць, што БПМ на 1 лістапада 2011 года складае 574 тысячы 790 рублёў.

Калі чакаць “памочніка”?

Паслугі насельніцтву аказваюцца з улікам груп рухальнай актыўнасці. Да 1-й адносяцца асобы з нязначна зніжанай рухальнай актыўнасцю, да 2-й – з умерана зніжанай, да 3-й – са значна зніжанай, а да 4-й групы адносяцца грамадзяне, якія наогул яе страцілі.
Перыядычнасць наведвання людзей сацработнікамі ўстанаўліваецца ў залежнасці ад групы рухальнай актыўнасці: 1-й групы – 1,5 разы на тыдзень (чаргаванне аднаго і двух разоў), 2-й – два разы, 3-й – тры, 4-й – чатыры-пяць. У залежнасці ад гэтага ўстанаўліваецца і кошт паслуг сацыяльнага работніка.

Па кішэні не ўдарыць!

З першага лістапада бягучага года адбыліся змены расцэнак на комплекснае абслугоўванне насельніцтва работнікамі аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму. Неабходнасць павелічэння тарыфу платнага сацыяльнага абслугоўвання выклікана перш за ўсё павелічэннем заработнай платы сацыяльных работнікаў. Аднак на працягу года неаднойчы павялічваўся і памер пенсій, праводзіліся дадатковыя выплаты з бюджэтных сродкаў, а таму нязначнае павелічэнне расцэнак на сацпаслугі па кішэні грамадзян моцна не ўдарыць. Да таго ж тарыфы на сацыяльнае абслугоўванне ў Віцебскай вобласці застаюцца аднымі з самых нізкіх у рэспубліцы. На сённяшні дзень гэтая сума вагаецца ад 12,5 да 83,5 тысячы рублёў.
* * *
Падаць заяўку або атрымаць больш падрабязную інфармацыю пра аказваемыя паслугі можна па тэлефонах 2-15-42 (аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму) ці 2-14-44 (аддзяленне тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання).
Падрыхтавала К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *