1 декабря — Всемирный день борьбы со СПИДом

Здравоохранение

ВІЧ-інфекцыя – гэта цяжкае інфекцыйнае захворванне, якое характарызуецца паражэннем імуннай і цэнтральнай нервовай сістэмы чалавека, далучэннем другасных інфекцый, утварэннем пухлін. Не трэба думаць, што ВІЧ і СНІД (апошняя стадыя ВІЧ) – гэта нешта абстрактнае, што пужае нас з экрана тэлевізара ці газетнай старонкі. На вялікі жаль, ВІЧ-інфекцыя ўжо стала рэальнасцю не толькі ў мегаполісах, але нават у глыбінцы. З кожным годам колькасць ахвяр віруса павялічваецца. Па стане на 1 лістапада 2011 года ў нашай рэспубліцы зарэгістравана 12 тысяч 751 выпадак ВІЧ-інфекцыі, з іх у Віцебскай вобласці – 660. За дзесяць месяцаў бягучага года ў нашай вобласці быў выяўлены 61 новы выпадак заражэння. Раней урачы вылучалі пэўную групу рызыкі, а цяпер у яе ўваходзіць кожны чалавек незалежна ад узросту, роду заняткаў, статусу…

У Беларусі асноўнымі шляхамі заражэння па-ранейшаму застаюцца палавы і праз кроў. Інфіцыраваная цяжарная жанчына можа перадаць вірус нованароджанаму. Высокая рызыка заражэння вірусам у наркаманаў, якія ўводзяць наркотыкі шпрыцамі.
Вірус не перадаецца пры размове, кашлі, чханні, пры рукапацісканні, праз прадукты харчавання. Няма рызыкі заразіцца пры карыстанні агульным посудам, ваннай, у басейне, грамадскім туалеце. Не было выпадкаў заражэння на рабоце і нават у сям’і, дзе даглядалі хворага на СНІД. 
Паколькі ВІЧ-інфекцыя не вылечваецца радыкальна, галоўным спосабам у барацьбе з яе распаўсюджваннем з’яўляецца прафілактыка. Каб знізіць рызыку заражэння ВІЧ, трэба выконваць элементарныя правілы бяспекі. Нельга прымяняць паўторна іголку або шпрыц. Пры палавых кантактах выкарыстоўвайце прэзерватыў. Заўсёды карыстайцеся індывідуальнымі ці прадэзінфіцыраванымі прадметамі асабістай гігіены, не дапускайце выкарыстання іншымі людзьмі вашых брытваў, зубных шчотак, манікюрных прыналежнасцей і медыцынскіх інструментаў.
Барацьба з ВІЧ-інфекцыяй і СНІДам вядзецца ўжо на працягу дзесяткаў гадоў. Гэты вірус вывучаны лепш, чым вірусы многіх іншых захворванняў. Тым не менш, выратавацца ад яго пакуль немагчыма. А таму кожны чалавек павінен весці такі лад жыцця, які дазволіць яму пазбегнуць заражэння. Папярэдзьце бяду!
В.КУЦ,  урач-інфекцыяніст Ушацкай ЦРБ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *