Выставка работ М.Казицкого

Общество

У выставачнай зале нашага музея адкрылася выстава-рэквіем работ ушацкага мастака Міхаіла Казіцкага. Гэта даніна памяці майстру.

Міхаіл Антонавіч Казіцкі нарадзіўся 27 лютага 1949 года ў далёкім Архангельску, дзе аказаліся яго бацькі, карэнныя ўшачане. Калі хлопчыку было дзевяць гадоў, сям’я вярнулася на радзіму.

У 1966 годзе Міхаіл скончыў Ушацкую сярэднюю школу. Працаваў мастаком-афарміцелем у трэсце № 16 Наваполацка. З 1968 да 1970 года – служба ў дэсантных войсках Савецкай Арміі. Пазней скончыў тэатральна-мастацкі інстытут у Мінску. Быў мастаком-пастаноўшчыкам п’есы-спектакля «Пінская шляхта» з удзелам народных артыстаў Беларусі.

У 1980 годзе Міхаіл вярнуўся на Ушаччыну, працаваў у мастацкай майстэрні, пісаў пейзажы, партрэты, нацюрморты. Аформіў насценныя пано ў памяшканні дзіцячай раённай бібліятэкі.

Ва ўзросце сарака гадоў Міхаіл Антонавіч Казіцкі прыняў хрышчэнне ў царкве Святой Параскевы г.Лепеля, што дало штуршок да духоўнага жывапісу. Гэта такія яго работы, як «Сашэсце Іісуса Хрыста», «Святы Пётр», «Прасвятая Багародзіца Каспероўская», «Спакушэнне» і многія іншыя. На палотнах майстра пераважаюць яркія, цёплыя, светлыя таны.

Наш ушацкі майстар выканаў заказ на выраб іканастаса і ікон для Свята-Параскевіцкай царквы ў Арэхаўне. Творы яго пэндзаля – іканастас царквы святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры, а таксама ікона Святога Лаўрэна для каталіцкага храма ва Ушачах.

З 1997 года Міхаіл Антонавіч працаваў у Доме рамёстваў кіраўніком гуртка разьбы па дрэве, многіх дзяцей зацікавіў сваёй творчасцю.

М.А.Казіцкі прымаў удзел у выставах рознага ўзроўню. Яго работы выстаўляліся ў Віцебску, Глыбокім, Шаркаўшчыне, Полацку, Наваполацку, у нашым музеі – тры разы. У 1989 годзе была наладжана персанальная выстава да 40-годдзя мастака «Жывапіс. Графіка», у 2000-м –«Жывапіс. Графіка. Партрэты. Работы на біблейскія сюжэты» і ў 2005-м – прысвечаная 55-годдзю мастака.

Многія работы ўшацкага майстра знаходзяцца ў прыватных калекцыях.

На цяперашняй выставе, прысвечанай памяці М.Казіцкага, можна ўбачыць як самыя раннія работы мастака, так і тыя, якія былі напісаны незадоўга да яго адыходу ў іншы свет. Сярод такіх – апошняя незавершаная карціна: аўтапартрэт на фоне царквы.

Запрашаем жыхароў і гасцей раёна наведаць выставу, дакрануцца да свету цудоўнага.

І.ВЕР’ЯСАВА,

навуковы супрацоўнік музея народнай славы імя У.Е.Лабанка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *