День Независимости в Ушачах

Общество

Як дабрацца да вашага “Прарыву?” – спытаў незнаёмец у цэнтры ўшачаніна, а той з гонарам і радасцю адказаў, як праехаць да свяшчэннага месца раёна. У Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь да мемарыяльнага комплексу накіроўваліся не толькі самі ўшачане, але і шматлікія госці.

Святкаваць галоўнае свята рэспублікі Ушаччына, як і ўся краіна, пачала з раніцы. Падарункам да свята стала цёплае і сонечнае, па-сапраўднаму летняе надвор’е. У той час, калі ў сталіцы пачынаўся ваенны парад, на цэнтральнай плошчы нашага гарпасёлка разгарнулася культурна-забаўляльная праграма для самых маленькіх. Атракцыёны, гульнявыя пляцоўкі, тэатралізаванае прадстаўленне, конкурс малюнкаў на асфальце і многія іншыя – усё гэта ўздымала настрой як дзеткам, так і іх бацькам.
А да гадзіны дня вуліцы Ушач напоўніліся яшчэ большай колькасцю людзей. На традыцыйнае шэсце да помніка загінуўшым воінам і партызанам прыйшлі не толькі прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, але і многія жыхары – дарослыя, як заўсёды, з дзецьмі. Пад сцягамі БРСМ і “Белай Русі” — самыя актыўныя члены грамадскіх арганізацый. Калона расцягнулася ад плошчы ледзьве не да помніка.

А затым па традыцыі ўшачане і госці горада адправіліся на мемарыяльны комплекс “Прарыў”. Наперадзе калоны са сцягамі Беларусі і Ушач — байкеры.
Усё менш становіцца ветэранаў, часцей падводзіць іх здароўе, але ў гэты знакавы дзень яны не маглі не прыняць удзел у мерапрыемстве, разам з усімі ўшанаваць памяць загінуўшых хвілінай маўчання. З пранікнёнымі словамі і ўдзячнасцю да вызваліцеляў звярнуліся старшыня райвыканкама Алег Анатольевіч Кавалёнак, ветэран працы Іван Пятровіч Кабяк, дырэктар ААТ “Ільюшынскі” Сяргей Анатольевіч Халімоненка – ад прадпрыемства, занесенага на раённую Дошку гонару, і “Чалавек года Віцебшчыны-2011” Святлана Цімафееўна Леснічэнка.
Вянкі і кветкі ляглі да падножжа салдата, Вечнага агню і мемарыяльных пліт, прагрымеў салют. На 16 дубоў, якія сімвалізуюць 16 партызанскіх брыгад, былі павазяны сімвалічныя стужкі.
Святочныя мерапрыемствы прадоўжыліся ў цэнтры гарпасёлка.
Мнагалюдна было ў скверы. Тут па ўжо добрай традыцыі з канцэртам выступіў духавы аркестр з ваеннай часці “Заслонава”. Свае вырабы на любы густ прапаноўвалі майстры Ушаччыны з народнага клуба “Адраджэнне” на выставе-продажы “Мелодыі творчасці”, а таксама цэнтр дзяцей і моладзі, шмат віктарын і конкурсаў прайшло на пляцоўцы “Ушачы – горад чытаючы”. 
Немалую цікавасць выклікалі байкеры, якія са сцягамі ехалі наперадзе святочнай калоны. Яны сабралі на плошчы мноства ўшачан. Ад жадаючых паглядзець на іх матацыклы, сфатаграфавацца не было адбою. Самыя смелыя змаглі адчуць адрэналін і з ветрыкам прака-ціцца на байках па плошчы.
А ўвечары жыхары змаглі адпачыць усе разам падчас канцэрта “Мы – беларусы”, дзе ўшацкія артысты радавалі вясёлымі і ўсім добра знаёмымі песнямі.
У Дзень Незалежнасці яшчэ адной добрай традыцыяй стала акцыя “Спяём гімн разам”. У сталіцы рэспублікі яго спявала больш за 350 тысяч беларусаў, у Віцебску ў акцыі прыняло ўдзел каля 20 тысяч чалавек. Актыўнымі былі падчас акцыі і ўшачане. Прыгожым і гучным акордам гімна стаў святочны феерверк, які расквеціў незалежнае неба над Ушачамі прыгожымі фарбамі.
Тыя, каму не спалася ў гэтыя вечар і ноч, працягвалі адзначаць галоўнае свята краіны на святочнай дыскатэцы на плошчы райцэнтра.
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *