Собрание акционеров в ОАО «Ушачский райагросервис»

Общество

ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс” трымае высокія пазіцыі і дастойна выглядае на фоне іншых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна. Гэта пацвердзіў і агульны сход акцыянераў таварыства, які прайшоў на мінулым тыдні.
У зале пераважна маладыя працаўнікі, бо калектыў у апошнія гады маладзее, і яму пад сілу многія задачы.
2010 год стаў вельмі складаным для аграрыяў. Засушлівае надвор’е пазбавіла магчымасці сабраць чаканы ўраджай. Валавы збор зерневых і зернебабовых склаў 3375 тон, што на 1164 тоны менш, чым у папярэднім годзе, ураджайнасць — толькі 20,3 цэнтнера з гектара. Тым не менш, уклад “Райаграсэрвісу” ў агульны раённы каравай аказаўся самым важкім. Кармоў на адну ўмоўную адзінку ў прайшоўшым годзе было нарыхтавана больш.
У жывёлагадоўлі ўмацавалі свае пазіцыі і, як у папярэднім годзе, сталі першымі ў раёне па вытворчасці малака. Валавы надой склаў 2394 тоны малака, а гэта 111 працэнтаў да ўзроўню папярэдняга года, надой на адну карову – 3925 кілаграмаў. А вось таварнасць малака знізілася з 90 да 87 працэнтаў. Гатункам “экстра” ў 2010 годзе прададзена 324 тоны малака, а з-за вытворчасці прадукцыі 1 і 2 гатункамі недаатрымана значная выручка. Сёння розніца ў кошце на “экстру” і першагатунковае малако вельмі адчувальная, таму пастаўлена задача павысіць вытворчасць “экстры”. На працаўніках новага малочнатаварнага комплексу ляжыць высокая адказнасць, бо менавіта там уся прадукцыя ідзе гэтым гатункам, і самая вялікая колькасць пагалоўя. Лідарам па надоях стала ферма Ліпавец, дзе надоена 4738 кілаграмаў на карову. Высокія вынікі і на ферме Старое Сяло. Падцягнуцца да іх узроўню неабходна і жывёлаводам Матырына. Усе ўмовы для гэтага ёсць.   
Вытворчасць мяса склала 679 тон, а гэта 90 працэнтаў да ўзроўню папярэдняга года, сярэднесутачныя прывагі – 738 грамаў. Між тым магчымасці паляпшэння спраў ёсць. Аб гэтым сведчыць зладжаная і старанная праца работнікаў комплексу “Маяк”.
На 2011 год пастаўлены сур’ёзныя і складаныя задачы як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі.
Галоўныя напрамкі ў раслінаводстве вызначаны: пашырэнне плошчаў, сяўба насеннем лепшых рэпрадукцый, павышэнне якасці і культуры земляробства, захаванне тэхналогіі.
Паколькі ў раёне запланавана атрымаць ураджай 56 тысяч тон зерневых, то доля “Райаграсэрвіса” ў гэтых планах, відавочна, павінна быць таксама вялікай. Пастаўлена задача засеяць 2350 гектараў зерневымі і атрымаць ураджай іх не менш 8 тысяч тон.
У жывёлагадоўлі неабходна павялічыць колькасць пагалоўя, у паўтара раза павысіць вытворчасць малака, на 130 працэнтаў – мяса.
У сельскай гаспадарцы ўсё ўзаемазвязана: каб справіцца з задачамі ў жывёлагадоўлі, неабходна ўдзяліць немалую ўвагу раслінаводству, – зазначыў дырэктар І.І.Баруноў. Для гэтага ў таварыстве ёсць усё: і насенне, і тэхніка, і адказныя работнікі. Калі некалькі гадоў таму ў гаспадарцы не было ніводнага новага, высокапрадукцыйнага пасяўнога агрэгата, то цяпер імі засейваюцца ўсе плошчы. А як многа залежыць ад якасці – вядома: ураджай не параўнаеш з тым, дзе працавалі звычайныя сеялкі.
Ну а даверыць самыя важныя ўчасткі работ у “Райаграсэрвісе” сапраўды ёсць каму. Штогод працаўнікі сельгаспрадпрыемства выходзяць пераможцамі ва ўсіх галінах і намінацыях. Экіпаж маладых камбайнераў К.Казакевіча і С.Андрэйчыка адзіны ў раёне ў мінулым годзе пераадолеў намалот у тысячу тон, а вадзіцель С.Багрэц прадстаўляў наш раён на рэспубліканскіх дажынках. Прозвішчы лепшых працаўнікоў, а іх тут нямала, называліся падчас сходу.
Выканана праграма па падрыхтоўцы тэхнікі да веснавой пасяўной, якая ўжо не за гарамі.
Было адзначана і тое, што вырасла сярэднеямесячная зарплата работнікаў прадпрыемства. За год яна склала 837 тысяч рублёў, а ў студзені стала самай высокай сярэднямесячнай зарплатай сярод сельгаспрадпрыемстваў – 1 мільён 68 тысяч рублёў. Таварыствам атрымана прыбытку 2 мільярды рублёў.
Вынікі ў гаспадарцы падведзены, акрэслены арыенціры, а галоўнае – адчувалася жаданне іх дасягнуць, нарасціць тэмпы, бо ад кожнага работніка залежыць агульны поспех.  
На сходзе таксама выступілі намеснік дырэктара Г.С.Юрчак, галоўны ветэрынарны ўрач А.І.Кабяк, галоўны заатэхнік С.Б.Владзіёнак, галоўны эканаміст С.В.Есіпёнак, намеснік начальніка райсельгасхарча па эканоміцы В.Л.Хамёнак.
Была заслухана інфармацыя прафсаюзнага камітэта аб выкананні калектыўнага дагавора, унесены некаторыя змяненні ў яго палажэнні.
Выбраны члены назіральнага савета і рэвізійнай камісіі.
Скончыўся сход святочным канцэртам, які падрыхтавалі для працаўнікоў “Райаграсэрвіса” работнікі культуры.
В.ПОЛАЗАВА.
На здымках: удзельнікі сходу настроены на вырашэнне намечаных задач; з выніковым дакладам выступае І.І.Баруноў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *