Семинар идиологических работников прошёл недавно на базе Ушачского лесхоза

Общество

Семінар ідэалагічных работнікаў прайшоў на мінулым тыдні на базе Ушацкага лясгаса. Менавіта гэтае прадпрыемства было абрана паказальным невыпадкова. “Гэта сапраўды калектыў аднадумцаў, дзе працуюць на канчатковы вытворчы вынік, створаны належныя ўмовы для працы і адпачынку, дзе ёсць чым пахваліцца як па добраўпарадкаванні, так і ў плане спартыўных спаборніцтваў”, – так ахарактарызавала прадпрыемства, адкрываючы семінар начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Вольга Мікалаеўна Захарэнка.

А зрабіў экскурс у гісторыю прадпрыемства, расказаў пра перспектывы і планы дырэктар лясгаса Аляксандр Паўлавіч Рудасаў.
На сённяшні дзень гэта адзін з самых вялікіх калектываў раёна, у якім працуе 300 чалавек і тым не менш адчуваецца недахоп кадраў. Таму адзін з накірункаў – замена ручной працы лесарубаў на механізаваную. Асноўная дзейнасць – лесаводчая – сачыць за станам лясоў, рабіць санітарныя вырубкі, закладаць новыя пасадкі. Займаюцца, канечне, і высечкай. Аднак прытрымліваюцца залатога правіла лесавода. Калі за год на гектары лесу вырастае 3,5 кубаметра драўніны, то высякаецца ўсяго 2,1. У нас добрая тэндэнцыя з захаванасцю лясоў, хоць ні адзін лесавод, нават з самым вялікім вытворчым стажам, не можа спілаваць уласнае спелае дрэва, паколькі расці яму да гэтай стадыі 80 гадоў. Лясгас – валаўтваральнае прадпрыемства раёна па папаўненні бюджэту. А таксама паказальнае па добраўпарадкаванні. Сама тэрыторыя лясгаса, памяшканне ўнутры, з пакоем псіхалагічнай разгрузкі, фае з фантанам і такім супакойваючым убранствам, альтанкі для адпачынку і месцы для курэння. Душавыя з гарачай вадой, што існуюць не толькі на тэрыторыі лясгаса, але і ва ўсіх лясніцтвах, і нават на пітомніку, дзе працуе ўсяго тры чалавекі. Кожнае лясніцтва мае машыну з абагрэвам для падвозу лесарубаў на дзялянкі. Каб і надалей прырастаць у плане добраўпарадкавання, закладзены цяпліцы, у якіх прыжываюцца хвойнікі розных парод. Робіцца гэта, каб не траціць вялізныя сродкі на набыццё раслін (саджанцы каштуюць ад 40 да 240 тысяч рублёў), а ў перспектыве і прадаваць самім. Чаранкаваннем, дарэчы, займаецца намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аляксей Мікалаевіч Апёнак. Ён і працягваў расказваць пра ўмовы, якія створаны на прадпрыемстве, сістэму ідэалагічнай работы ў калектыве, яе разнастайныя метады і формы.
Напрыклад, кожнаму работніку па кантракце дабаўлена два дні да адпачынку і мінімум 10 працэнтаў да акладу, у асноўным жа кантрактная надбаўка складае 20 працэнтаў. У лясгасе не могуць працаваць людзі з вуліцы – вальшчык ты ці вадзіцель-трылёвачнік, абавязкова трэба прайсці абучэнне: летась прайшоў падрыхтоўку і павысіў сваю кваліфікацыю 31 работнік. На прадпрыемстве імкнуцца замацаваць маладых спецыялістаў, у мінулым годзе прыбыло пяць чалавек і сёлета тры. Па дагаворы з лясгасам абучаюцца тры чалавекі, яшчэ 8 – без дагавора. Пастаянна праводзяцца спаборніцтвы паміж структурнымі падраздзяленнямі. У іх зайздростны калектыўны дагавор. Вось толькі адзін яго пункт: юбіляры і імяніннікі ў залежнасці ад стажу работы атрымліваюць падарункі коштам ад 2 да 10 базавых велічынь, а на дзень пажылых людзей – ветэраны вытворчасці.
Удзельнікі семінара пабывалі ва Ушацкім і Сарочынскім лясніцтвах, дзе ўбачылі ўзорны стан па добраўпарадкаванні тэрыторый, не шкадуюць тут грошай на стэнды з нагляднай дакументацыяй.
Напэўна, лесаводаў не трэба вучыць патрыятызму, паколькі родам сваёй дзейнасці яны як ніхто іншы ўсё робяць для росквіту нашай зямлі, а таксама ствараюць узорныя куткі для адпачынку ў лясах, ля азёр і абапал дарог. Штогод у красавіку праходзіць добраахвотная акцыя “Тыдзень лесу”, а ў красавіку – “Наш чысты лес”, падчас якіх не меней 300 чалавек закладваюць новыя пасадкі, убіраюць месцы адпачынку, ствараюць новыя.
Асобным пунктам наведвання ўдзельнікаў семінара стаў дэндрапарк. У адрозненні ад Сарочынскага мінідэндрарыя, якому 9 гадоў, гэты зусім “зялёны”, яму няма і года. Аднак гэта тое перспектыўнае месца, дзе ў будучым прыемна будзе адпачыць кожнаму ўшачаніну і госцю. І заклікаў А.П.Рудасаў далучыцца да папаўнення дэндрапарка работнікаў усіх прадпрыемстваў і арганізацый – ці то прымаць удзел у работах па фарміраванні парка, на які ўжо пайшло 50 мільёнаў, ці то дзяліцца саджанцамі тых дрэў, якіх тут яшчэ няма. Справа на перспектыву, якую прыемна будзе назваць сваёй і перадаць нашчадкам.
Наогул другога такога калектыву, дзе б так працавала пераемнасць пакаленняў, напэўна, няма. Тут памятаюць, што стваралася рукамі папярэднікаў, і нават вуліца носіць імя былога дырэктара лясгаса. Лес, як і памяць, мае доўгі век.
Другая частка семінара была прысвечана асаблівасцям арганізацыі ідэалагічнай работы ў перыяд правядзення выбарчай кампаніі. В.М.Захарэнка азнаёміла ідэалагічных работнікаў з этапамі кампаніі, закранула асабліва важныя моманты заканадаўства.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *