В агрогородке Глыбочка открыт новый сельский Дом культуры

Благоустройство Саветы і жыццё

Адкрыцця сельскага Дома культуры ў Глыбачцы чакалі даўно. Апошні аграгарадок хоць і быў здадзены згодна Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла ў 2010 годзе, але ўсё ж лічыўся незавершаным з-за адсутнасці нармальных умоў для культурнага жыцця жыхароў не толькі цэнтральнай сядзібы, а таксама і навакольных вёсак.

Мерапрыемства, што праходзіла ў апошнюю суботу мінулага года, стала сапраўдным навагоднім падарункам глыбачанцам. Яшчэ больш важкім рабіў яго той факт, што ўведзены ў эксплуатацыю аб’ект лічыўся “праблемным” – здаць яго працяглы час не ўдавалася з-за адсутнасці фінансавых сродкаў. Не менш мясцовых жыхароў радаваліся адкрыццю Дома культуры намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Іванавіч Бухалка, які непасрэдна курыраваў усе работы на аб’екце, і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вольга Мікалаеўна Захарэнка.

– Работы пачаліся ў 2010 годзе, – успамінае асноўныя этапы рэканструкцыі прыстасаванага памяшкання М.І.Бухалка. – Спачатку за іх выкананне зусім ніхто не хацеў брацца, бо яны не абмяжоўваліся толькі капітальным рамонтам і ўнутранай апрацоўкай. Патрэбна было шмат зрабіць па добраўпарадкаванні, прадумаць камунікацыі. Амаль два гады памяшканне Дома культуры стаяла без сістэмы ацяплення, бо справіцца за год было нерэальна, матэрыяльныя сродкі патрабаваліся значныя. Асноўныя віды работ выканала УП “Прагрэс”, прыцягваліся да завяршэння будаўніцтва і іншыя прадпрыемствы.

Зараз жыхары Глыбачкі маюць сучаснае памяшканне, сапраўдны “ачаг культуры”, бо тут размясціліся і сельская бібліятэка, і мясцовае аддзяленне Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў. Утульныя зала і сцэна, памяшканні для работнікаў устаноў культуры – створаны ўсе ўмовы не толькі для дзяцей, але і для дарослых. Вельмі спадзяецца на тое, што менавіта дарослыя стануць пастаяннымі наведвальнікамі Дома культуры, старшыня Глыбачэнскага сельвыканкама Людміла Валянцінаўна Храмцова, якая спецыяльна да яго адкрыцця прымеркавала ўзнагароджанне пераможцаў агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні на тэрыторыі сельсавета.

Па традыцыі не засталася без падарункаў на наваселле і гаспадыня новага памяшкання – дырэктар Дома культуры Аксана Уладзіміраўна Жогаль. Іх акрамя старшыні мясцовай улады культработнікам-землякам уручыла і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КУСГП “Глыбачаны” Ірына Францаўна Ждановіч. М.І.Бухалка разам з В.М.Захарэнкай перарэзалі чырвоную стужку.

Утульная глядацкая зала з цяжкасцю ўмясціла ўсіх жадаючых. Уважліва слухалі жыхары Глыбачкі словы В.М.Захарэнкі, якая адзначыла вялікую дапамогу ў завяршэнні будаўніцтва аб’екта нашага дэпутата, старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі, раённай улады.

Першы канцэрт на новай сцэне аказаўся ўдалы, нягледзячы на некаторыя збоі абсталявання. Не шкадавалі далоняў гледачы пасля выступленняў ушацкіх артыстаў, падрыхтаваўшых цікавую навагоднюю праграму, якая выйшла далёка за рамкі запланаванай – доўга не адпускалі глыбачанцы загадчыка аўтаклуба Пятра Алексяёнка, выступленні якога ў розных жанрах асабліва прыйшліся ім да спадобы. Як і песні ў выкананні мясцовай “зорачкі” – Дар’і Жогаль. Дзяўчына зараз з’яўляецца навучэнкай Полацкай гімназіі №2, але спяваць і вучыцца вакалу пачынала на радзіме, у мясцовым філіяле Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў. “Нібы агеньчык на сцэне запалілі, а голас – як званочак”, – гаварылі жанчыны ў зале.

– Заўсёды з задавальненнем прымаю ўдзел у мерапрыемствах, калі прыязджаю дадому, – кажа Дар’я. – Вельмі рада за землякоў, у якіх нарэшце з’явілася магчымасць наведаць такі ўтульны Дом культуры, за маленькіх навучэнцаў мясцовай школы, якія зараз маюць усе магчымасці для развіцця сваіх талентаў, паверце, што наша зямля імі вельмі багатая…

Заставалася толькі пагадзіцца са сказаным і таксама парадавацца за жыхароў Глыбачкі, яны разыходзіліся па дамам пасля завяршэння мерапрыемства задаволеныя. А ля будынка, нягледзячы на яшчэ ранні час, ужо пачала збірацца моладзь, бо першая дыскатэка ў доўгачаканым новым Доме культуры – падзея зусім не радавая.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *