Немногочисленный коллектив Ушачского ПСУ «Энергосбыт» решает большие производственные задачи

К профессиональному празднику Экономика и малый бизнес

22 снежня сваё прафесійнае свята адзначае і яшчэ адзін невялікі калектыў, які адносіцца да кагорты энергетыкаў — раённы вытворча-збытавы ўчастак філіяла «Энергазбыт». З гэтай нагоды наша сённяшняя размова з яго начальнікам М.С.Шэўчанкам.

— Максім Сяргеевіч, раскажыце, калі ласка, нашым чытачам пра спецыфіку работы «Энергазбыта»?

— Асноўнымі нашымі задачамі з’яўляюцца рэалізацыя электраэнергіі па дзеючых тарыфах, кантроль за станам абаненцкай запазычанасці і яе зніжэннем, кантроль за выкананнем спажыўцамі ўстаноўленых велічынь і рэжымаў спажывання электраэнергіі. Таксама мы сочым за эксплуатацыяй прыбораў уліку, робім іх замену, кантралюем дакладнасць пададзеных абанентамі даных, вядзём работу па выяўленні безуліковага спажывання электраэнергіі і яе крадзяжу.

Сёння на тэрыторыі Ушацкага раёна зарэгістравана 9520 асабовых рахункаў бытавых абанентаў.

— Вядома ж, не ўсе абаненты своечасова аплачваюць спажытую электраэнергію, пэўна, ёсць няпроста неплацельшчыкі, але і парушальнікі?

— На жаль, некаторыя сапраўды імкнуцца зэканоміць, абыходзячы электралічыльнік. Сярод такіх спосабаў — схаваная праводка, якую, напрыклад, акрамя асноўнай законнай хаваюць пад шпалерамі. Зусім нядаўна неплацельшчык, які хацеў такім чынам зэканоміць, атрымаў штраф у памеры 15 мільёнаў рублёў. Нярэдкасць і выпадкі, калі грамадзяне робяць накіды на правады. Толькі за лістапад рэйдавай групай было складзена тры акты за такую «самадзейнасць» на агульную суму 15 мільёнаў рублёў. Не заўсёды своечасова маюць магчымасць аплаціць электраэнергію прадпрыемствы і арганізацыі. Аднак за лістапад нам упершыню на працягу года ўдалося ў сярэднім выйсці на 100-працэнтную аплату.

— Чула, што зараз у гарпасёлку ідзе замена старых электралічыльнікаў на новыя. З чым гэта звязана?

— Так, ідзе замена электрычных індукцыйных лічыльнікаў на электронныя. Новыя лічыльнікі дазваляюць больш дакладна вызначыць улік электраэнергіі і яе страты пры транспарціроўцы. Акрамя гэтага асаблівасцю электроннага з’яўляецца магчымасць перадачы даных спажываемай электраэнергіі праз устроены радыёмодуль на камп’ютар. Гэта значыць, што супрацоўніку энергазбыту не давядзецца заходзіць у кожны дом, каб зняць паказанні, а зрабіць гэта можна дыстанцыйна. Такія лічыльнікі ўстаноўлены на некаторых вуліцах гарпасёлка, зараз работы вядуцца ў Ліпаўцы. Аднак кантралёры прадоўжаць весці работу па праверцы правільнасці разлікаў за электраэнергію, цэласнасці прыбораў уліку.

— Калі ва ўшачан узнікаюць пытанні, яны звяртаюцца ў ваш «стол даведак». Нагадайце яго рэжым работы.

— «Стол даведак» з панядзелка па пятніцу працуе з 8.00 да 20.00, у суботу — з 9.00 да 17.00. Можна патэлефанаваць па нумары 2-73-63 і даведацца пра аплату за электраэнергію, запазычанасць, ільготы. Нашы спецыялісты даюць кансультацыі па рабоце прыбораў уліку, ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур. Тут жа на месцы можна і аплаціць электраэнергію.

— З такім вялікім аб’ёмам работ спраўляецца ваш нешматколькасны калектыў. Некалькі слоў пра яго напярэдадні прафесійнага свята.

— Колькасць персаналу раённага ўчастка на сённяшні дзень складае 13 чалавек. Гэта электраманцёры, вадзіцелі, лінейныя кантралёры, тэхнік, інспектар, спецыялісты «стала даведак», кантралёр-аператар. Кожны год абсалютна ўсе работнікі праходзяць праверку ведаў па спецыяльнасці, вельмі высокія патрабаванні па ахове працы. Дарэчы, каб трапіць у наш калектыў, трэба валодаць навыкамі і ўменнямі па энергетыцы, прайсці шматлікія ўзгадненні, таму выпадковых людзей няма. Нашы работнікі павінны кантактаваць з людзьмі. Спецыялістам «стала даведак» трэба ўмець правільна і даходліва растлумачыць, данесці інфармацыю абаненту. Лінейным кантралёрам, якія робяць абход домаўладанняў, наогул часам прыходзіцца нялёгка: не ўсе парушальнікі прызнаюць сябе вінаватымі. Але нягледзячы на ўсе цяжкасці калектыў у цэлым спраўляецца са сваімі задачамі. Асобна хацелася б адзначыць электраманцёра Анатоля Васільевіча Лапёнка, лінейнага кантралёра Аляксандра Пятровіча Сыроўчанку.

Віншую ўсіх работнікаў нашага калектыву, а таксама ўсіх энергетыкаў раёна з прафесійным святам. Поспехаў вам у працы і сямейнага дабрабыту!

— Дзякуй за размову!

Падрыхтавала В.КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *