Конкурс социальных работников Ушаччины прошёл в районном Доме культуры

Общество

Кажуць: той, хто робіць добрыя справы, жыве ўдвая даўжэй. Калі верыць у праўдзівасць гэтага меркавання, то можна быць упэўненым: тыя людзі, якія сабраліся ў мінулую сераду ў РДК на раённы конкурс сацыяльных работнікаў, маюць усе шансы стаць доўгажыхарамі. А як інакш? Кожны дзень, не шкадуючы сіл і часу, у рамках прафесійных абавязкаў і па закліку сэрца яны дапамагаюць пажылым грамадзянам, шчодра дораць ім  увагу, дабро і цеплыню.

Кожны год прадстаўнікі гэтай нялёгкай і надзвычай міласэрнай прафесіі збіраюцца разам, каб даказаць сваё майстэрства, падзяліцца з калегамі ўдачамі і клопатамі, прадэманстраваць таленты, якіх, дарэчы, у іх нямала. Вось і сёлета пазмагацца за права стаць лепшымі на сцэну выйшлі дзве каманды. Адна з іх, за якую выступалі Галіна Ягораўна Юдзінцава, Ніна Мікалаеўна Гатаўская, Васіль Васільевіч Літвіновіч і Святлана Мікалаеўна Анкудовіч, сваю моц і амбіцыі абазначыла гаваркой назвай «Міласэрная, Чалавечная Служба Выратавання» ці «МЧСВ». Але Таццяну Уладзіміраўну Коршун, Вольгу Уладзіміраўну Хамёнак, Людмілу Іванаўну Крывёнак і Зою Мікалаеўну Пранік гэтым не напалохалі — ды і ці ж можна чымсьці збянтэжыць каманду з аптымістычнай назвай «Гоп з падскокам»?

Ужо з першага конкурсу — «Візітнай карткі» — сацыяльныя работнікі ярка заявілі пра сябе. Рассмяшылі прысутных прыпеўкі «МЧСВ»-саўцаў, у якіх расказвалася пра ўдзельнікаў каманды, іх характары і захапленні. Зусім іншыя эмоцыі выклікала выступленне каманды «Гоп з падскокам»: слёзы нагарнуліся на вочы, калі  Л.І.Крывёнак пачала выконваць песню пра адзінокую бабулю, якая ля парога чакае адзінага на свеце блізкага чалавека — свайго сацработніка.

У конкурсе «Эрудыт і практык» удзельнікі каманд паказалі свае веды па асноўных напрамках сацыяльнай работы. Годна выступілі падчас конкурсу капітанаў Г.Я. Юдзінцава і В.У.Хамёнак. Выпрабаванні пацвердзілі, што сацыяльныя работнікі Ушаччыны лёгка выканаюць любую даручаную справу: і гузік прышыюць, і вады прынясуць, і падлогу памыюць. Не разгубяцца, калі спатрэбіцца аказаць першую медыцынскую дапамогу, бо добра ведаюць, як прывесці ў прытомнасць чалавека, накласці павязку ці жгут.

Не сціхалі апладысменты і падчас апошняга конкурсу — творчага. Было тут усё: вершы, песні, танцы, але самае яркае — канечне ж, міні-прадстаўленні. Уразілі надзвычайным артыстызмам удзельніцы каманды «МЧСВ», якія ў ролі розных па характары сацыяльных работнікаў імкнуліся дагадзіць свайму падапечнаму — у яго часова ператварыўся В.В.Літвіновіч. Сапраўдны фурор выклікала казачнае прадстаўленне другой каманды — трэба было бачыць, як змяніліся, папрыгажэлі дагэтуль знямоглыя Баба-Яга і Лясун пасля таго, як трапілі ў ТЦСАН і атрымалі сацыяльнага работніка.

Членам журы пад старшынствам начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святланы Пятроўны Васілеўскай было няпроста вызначыць лепшых. І ўсё ж з невялікай перавагай пераможцам выйшла каманда «Гоп з падскокам». Усе ўдзельнікі конкурснай праграмы атрымалі памятныя падарункі, а святочны настрой усім прысутным паспяхова стварылі работнікі раённага Дома культуры.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *