На базе Ушачской школы прошёл районный слёт юных спасателей-пожарных

Cлужба-101 Наши дети

Для розных пакаленняў вучняў успаміны, звязаныя з падзеямі, мерапрыемствамі школьнага жыцця, свае, асаблівыя. Скажам, вучні 70­х гадоў мінулага стагоддзя з заміраннем у сэрцы прыгадаюць “Зарніцы”, падчас якіх ім, як сапраўдным вайскоўцам, прыходзілася пераадольваць кіламетры “франтавой” дарогі – па лясным бураломе, з насілкамі ў руках, на якіх ляжыць “паранены”. “Зарніца” – падзея, якую з нецярпеннем чакалі савецкія вучні, а гонар паўдзельнічаць у ёй трэба было заслужыць добрай вучобай і актыўнай грамадска­карыснай працай. Турыстычныя злёты і піянерскія кастры абавязкова ўсплывуць у памяці вучняў 80­-90­х гадоў. А чаго вартыя паходы і экскурсіі, маршруты якіх пралягалі далёка за межамі БССР!

Маладая суверэнная Беларусь у выхаваўчым працэсе шырока выкарыстоўвае спектр патрыятычных мерапрыемстваў былой, савецкай эпохі. Сучасныя вучні з такім жа задавальненнем у красавіку ўдзельнічаюць у ваенна­патрыятычнай гульні “Зарніца”, у маі ўсіх аматараў чакаюць турыстычныя злёты, а дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву ўстаноў адукацыі з бацькамі актыўна праводзіцца экскурсійная дзейнасць.

Зараз усё большая ўвага надаецца бяспецы жыццядзейнасці дзяцей і падлеткаў. З гэтай нагоды 16 красавіка на базе Ушацкай школы прайшоў раённы злёт юных выратавальнікаў­-пажарных, арганізацыяй правядзення якога займаліся прадстаўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях і раённага цэнтра дзяцей і моладзі. У конкурснай праграме прынялі ўдзел прадстаўнікі чатырох устаноў адукацыі раёна. Яркую, запамінальную агітбрыгаду прадэманстравалі вучні Ушацкай школы. Выдатнай страявой хадой вылучыліся вялікадальчане і плінцы. А ў спаборніцтвах па пажарным спорце не было роўных хлопцам з Глыбачанскай школы. Напал барацьбы не згасаў ні на хвіліну. Сапернікі, як кажуць, дыхалі ў спіну адзін аднаму, ну а асаблівая барацьба разыгралася за другое і трэцяе месцы. У выніку чэмпіёнскі рад выглядаў наступным чынам: першае месца – у каманды Ушацкай школы, другое – Вялікадолецкай, трэцяе – Глыбачанскай. Старшыня журы, намеснік начальніка Ушацкага РАНС А.М.Уліновіч уручыў пераможцам дыпломы і зазначыў, што ўсе ўдзельнікі паказалі высокі ўзровень ведаў і навыкаў, якія будуць нялішнімі ў іх далейшым жыцці. Каманды атрымалі таксама каштоўныя падарункі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

А вось якімі ўражаннямі падзяліліся ўдзельнікі выйграўшай каманды.

Іван Аноп, капітан:

– Мая місія заключалася ў правільным кіраўніцтве атрадам пры падрыхтоўцы конкурсу “Агляд строю”. Скажу адразу, што гэта нялёгкая задача: члены каманды збіваліся, блыталіся. Самае ж складанае пачалося, калі трэба было ісці ў нагу і пры гэтым спяваць. Але, як кажуць, цяжка ў вучэнні… Сёння мы справіліся з хваляваннем і выступілі добра.

Марына Харак:

– Я штогод удзельнічаю ў злёце юных выратавальнікаў­-пажарных і заўсёды марыла перамагчы. Але раней нашай камандзе не шанцавала: то заблытаецца пажарны рукаў, то спатыкнецца ўдзельнік каманды – у выніку наша школа займала другое або трэцяе месцы. Сёлета ж вось яно – запаветнае першае. Ура!

Безумоўна, сярод шматлікіх мерапрыемстваў, якія запомняцца школьнікам гэтага пакалення, будзе злёт юных выратавальнікаў-­пажарных.

Л.ДАВЫДАВА, дырэктар раённага цэнтра дзяцей і моладзі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *