В Ушачском районе с помощью авиации МЧС установлен памятник на могиле Рыгора Бородулина

Общество

Гул верталёта апоўдні ў панядзелак прыцягнуў увагу многіх ушачан. Так нізка авіяцыя ў цэнтры Ушачы лётае рэдка, ды і выключна ў святочныя дні. А 16 лістапада верталёт Міністэрства па надзвычайных сітуацыях сапраўды зрабіў некалькі кругоў, перш чым заглушыў вінты на крутым узгорку вуліцы Усходняй. Сюды перад гэтым кранам акуратна згрузілі валун – помнік Рыгору Барадуліну. І вось ужо спецыялісты МНС са сталіцы трывала мацуюць яго і верталётам апускаюць на бетонную пліту, залітую напярэдадні ўшачанамі.

Месца пахавання яшчэ не добраўпарадкавана як след, ды і не даведзены да канца сам помнік, на якім высечаны крыж і лаканічнае “Рыгор Барадулін. Сын. 1935-2014”. Падобны надпіс на абеліску маці, побач з якой пажадаў быць пахаваным наш знакаміты зямляк. Скульптар Ігар Засімовіч працаваў на Ушаччыне з каменем некалькі тыдняў. А яшчэ ў 1995 годзе ў вершы “Прашэнне” Рыгор Іванавіч напісаў: “Калі я адыду, пастаўце мне валун сівы і крыж на валуне”. Усё зроблена па волі паэта. Валун наш, ушацкі, з-пад Кубліч. Да апрацоўкі ён важыў пад тры тоны, а зараз больш дзвюх. Пад яго залілі пастамент, на які пайшло пяць кубоў бетону.

Наогул у раёне быў праведзены не адзін суботнік па добраўпарадкаванні магілы паэта, на якіх былі задзейнічаны практычна ўсе прадпрыемствы раёна – будаўнікі, меліяратары, камунальнікі, дарожнікі, выратавальнікі, а таксама грамадскія арганізацыі. Менавіта ў раёне землякамі Барадуліна былі выкананы ўсе асноўныя і працаёмкія работы, акрамя непасрэдна творчай на камяні і яго спуску авіяцыяй на магілу.

Спачатку быў іншы эскіз, зроблены пад звычайны абеліск, паколькі баяліся, што не атрымаецца ўстанавіць валун у цэнтры могілак – месцы, да якога не пад’едзе ніякая тэхніка. Узгаднілі з выратавальнікамі, якія і здзейснілі ў панядзелак гэту ўнікальную аперацыю. Першы намеснік начальніка авіяцыі МНС Рэспублікі Беларусь палкоўнік Т.І.Курсевіч, які родам з Глыбоччыны, даючы інтэрв’ю, адзначыў, што аперацыя была няпростай, паколькі зверху месца пахавання Барадуліна поўнасцю закрыта 35-метровымі соснамі, кіравалі спускам наземныя службы МНС.

Аднак усё атрымалася і хутка ўсё будзе зроблена так, як пры жыцці жадаў Р.Барадулін.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *