В подсобном хозяйстве семьи Подголо не только разные породы кур, но и фазаны с павлинами

Личное подсобное хозяйство

Бачыць паўлінаў раней мне даводзілася хіба што на карцінках ды ў заапарку. А вось сям’я Алесі і Аляксея Падгола з Наваселля любуецца гэтай прыгожай птушкай штодня на сваёй сядзібе. Дарэчы, гэта не адзіная экзатычная птушка, якая пасялілася ў іх у гаспадарцы. Але аб усім па парадку.

“Гэта маё захапленне!”

Расказваць пра птушак, павадкі, чым іх карміць Алеся можа доўга. Складваецца ўражанне, што займаецца птушкагадоўляй з дзяцінства, а на самой жа справе ўсяго пару гадоў. Калі сям’я восем  гадоў таму набыла дом у Наваселлі, паспявалі не толькі абжывацца, будавацца, а і займацца развядзеннем “стандартнай” падсобнай гаспадаркі – трымалі карову, свіней, курэй. У цяперашні час гэтую жыўнасць выцеснілі разнастайныя пароды птушак.

– Вы не паверыце, але для мяне гэта не проста звычайнае вядзенне падсобнай гаспадаркі, гэта маё захапленне! Раней я любіла вырошчваць пакаёвыя кветкі, якіх толькі іх не было ў доме! А потым неяк інтарэсы змяніліся і пацягнула на развядзенне птушак, – расказвае А.Падгола.

Дарэчы, развядзенне птушкі на падворку заключаецца не ў іх колькасці, а менавіта ў разнастайнасці парод. Практычна ў кожнага вясковага гаспадара ёсць куры, у гэтай сям’і таксама, але ніводнай звычайнай – усе яны мясаяечных парод. Пачыналася ж усё з пароды брама, якая найперш прыцягвае сваім прыгожым знешнім выглядам. Затым з’яўляліся ўсё новыя і новыя віды. Кітайская шаўковая белая – мяккая, быццам бы цацачная, хоць і не вылучаецца высокай прадукцыйнасцю, але іх мяса і яйкі вельмі карысныя. Добра прыжыліся маленькія бентамкі, выдатна адчуваюць сябе галашэі, не толькі прыносяць яйкі, а і з’яўляюцца ўпрыгожаннем двара паўлоўскія. Куры пароды вельзумер сапраўдныя веліканы – петухі вырастаюць да 6 кілаграмаў. Экзатычныя аўраканы не маюць хвастоў і нясуць сінія яйкі. Ёсць у гэтым курыным сямействе і прадстаўнікі пароды фенікс, якія наадварот вылучаюцца доўгім хвастом. Прыхільнікі фэн­-шуя асабліва цэняць гэтую пароду курэй, бо лічыцца, што яна прыносіць удачу.

Хутка курыная сям’я папоўніцца новымі пародамі, у інкубатар ужо закладзены яйкі і на свет праз пару тыдняў вылупяцца прадстаўнікі такіх парод, як белахахлатка, амрокс, маран, кохінхін, амерукана, арпінгтон і іншыя. Яйкі для развядзення птушкі гаспадыня шукае і набывае ў такіх жа апантаных птушкаводаў, часам дзеля гэтага едзе ў іншыя гарады і суседнія раёны.

Акрамя курэй у птушынай гаспадарцы ёсць качкі, звычайныя і шыракагрудыя індыкі, а таксама перапёлкі. Апошнія асаблівых умоў для вырошчвання і развядзення не патрабуюць, а яйкі гэтых маленькіх птушак з’яўляюцца вельмі карысным вітамінным і гіпаалергенным прадуктам.

У мінулым годзе сям’я завяла ў сваёй падсобнай гаспадарцы парачку фазанаў. Спецыяльна за імі ездзілі ў Полацк. Яны мірна ўжыліся з вялікай птушынай кампаніяй, надта не патрабавальныя ў ежы – любяць пшаніцу і капусту, не баяцца холаду. А іх яйкі, як запэўнілі гаспадары, вельмі смачныя і адрозніваюцца саладкаватым смакам.

Каб трымаць усю гэтую птушыную армію, канечне, неабходна і шмат месца. І калі летам яны ўволю могуць нагуляцца ў спецыяльна абсталяваных загонах каля дома, то зімой перасяляюцца ў пабудаваныя руплівым гаспадаром ацяпляемыя хлявы.

Зараз па мерках гаспадыні птушкі маецца зусім нямнога – каля паўсотні галоў, улетку іх колькасць будзе намнога большай.

Паўліны – мара  дзяцінства

– Аднойчы, калі я ўжо захапілася птушкагадоўляй, муж сказаў ці то жартам, ці ўсур’ёз, што з дзяцінства марыў пра паўлінаў. Можа мы і іх завядзём? І я адразу падумала – а чаму б і не. Адшукала ў інтэрнэце на “куфары” аб’явы аб іх продажы, прывезлі ж гэтую незвычайную птушку з Магілёўскай вобласці,  – расказвае Алеся.

Так, ужо год у гаспадарцы жыве і парачка індыйскіх сініх паўлінаў. Птушка лічыцца адной з самых прыгожых у прыродзе, хаця з’яўляецца блізкай роднай звычайнай курыцы, але ж дамашнія куры не валодаюць такой прыгажосцю!

Яшчэ з даўніх часоў паўліны лічыліся прыкметай дастатку арыстакратаў і знаці, заводзілі іх для ўпрыгожвання садоў і паркаў, іх пер’ямі аздаблялі інтэр’ер і адзенне. Мяса ж паўлінаў падавалі ў час баляў, кажуць, што любіў гэты далікатэс і цар Іван Грозны. Ну а ў сям’і Падгола мяса паўлінаў есці не збіраюцца, бо і рука не падымецца на такую прыга­жосць. Дарэчы, яркі колер, пер’е і шыкоўны вялікі хвост маюць толькі самцы. Самка ж выглядае больш сціпла. Хоць і могуць гэтыя птушкі вытрымаць вялікі мароз больш дваццаці градусаў, аднак жывуць зараз у асобным хляву. Абавязковым атрыбутам для самца тут з’яўляецца люстэрка, у якое ён вельмі любіць паглядзецца. Летам жа паўліны праводзяць час у спецыяльным вальеры, любяць і прагуляцца па двары каля дома, але ніколі не адыходзяць далёка, хіба што ўзляцяць на агароджу. У ежы паўліны, аказваецца, непераборлівыя: напрыклад, зараз у іх рацыён уваходзіць ячмень, бульба з мукой.

Самае ж цікавае, як расказвае гаспадыня, будзе ў сакавіку, калі ў паўлінаў пачынаюцца  гульні і перыяд размнажэння. Тады “жаніх”, каб прыцягнуць увагу сваёй пары, раскрывае хвост веерам і ходзіць, дэманструючы сябе ва ўсёй красе, робіць незвычайныя рухі, падобныя да танцаў. А вось голас у паўліна не такі цудоўны, як выгляд – рэзкі і вельмі гучны. “Пэўна, усё Наваселле чуе нашу птушку!” – гавораць іх уладальнікі. Існуе меркаванне, што падаюць паўліны голас напярэдадні дажджу ці пры набліжэнні якой­небудзь пагрозы.

Канечне, раскрыць свой хвост для маёй фотакамеры паўлін не згадзіўся і толькі асцярожна паглядваў у бок незнаёмага госця.

“Вялікая сям’я – гэта цудоўна!”

І калі ўсё паспявае зрабіць гэтая маладая жанчына! Акрамя “птушынай фермы” трэба займацца і прысядзібным участкам – каб пракарміць сябе і ўсю жыўнасць, садзяць бульбы і іншай агародніны вельмі шмат! З экзатычных небеларускіх раслін на агародзе заўсёды вырошчваюць кавуны і абсалютна кожны год вырастаюць яны вялікія і смачныя. А летась у жанчыны яшчэ прыбавілася абавязкаў – яна стала старэйшынам Наваселля.

Ва ўсім Алесю падтрымлівае муж, ра­зам з якім яны выхоўваюць чацвёра дзяцей. Аляксей працуе ў раёне электрычных сетак, а Алеся зараз у дэкрэтным адпачынку з малодшым Лёнечкам. Другі сынок Ігар ужо ходзіць у другі клас, ну а старэйшыя Таня і Эльвіра – сапраўдныя маміны памочніцы! Улетку разам з маці шчыра працуюць на прысядзібным участку, калі трэба – прыглядаюць за малодшымі братамі, дапамагаюць у хатняй гаспадарцы. А яшчэ бацькі вельмі ганарацца поспехамі дачок у спорце. У пакоі дзяўчынак на сценах ужо не змяшчаюцца медалі і граматы за ўдзел у спаборніцтвах па дзюдо, а таксама стральбе. Вось і на мінулым тыдні Таццяна вярнулася з прызавым месцам з першынства Віцебскай вобласці па дзюдо, а Эльвіра на гэтым тыдні прымала ўдзел у абласных спаборніцтвах “Снежны снайпер”. Гледзячы на поспехі сваіх сясцёр, захапіўся дзюдо і Ігар.

Членамі сям’і тут лічаць яшчэ і невялічкага папугая, а таксама сабаку-далмацінца.

– Вялікая сям’я – гэта не цяжкасці, а шчасце, гэта цудоўна. У нас ніколі не бывае сумна, вялікі дом заўсёды напоўнены дзіцячымі галасамі, – гавораць бацькі.

Напрыканцы сустрэчы гасцінная гаспадыня запрашала заязджаць улетку яшчэ, каб паглядзець, як папрыгажэе пасля зімы паўлін і якія новыя віды птушак тут яшчэ з’явяцца.

Вольга КАМАРКОВА.



2 комментария по теме “В подсобном хозяйстве семьи Подголо не только разные породы кур, но и фазаны с павлинами

  1. О, даже и не знала, что у нас в районе кто-то павлинов у себя в хозяйстве держит! некоторые факты об этих птицах даже стали для меня открытием. Интересно было почитать. Женщина и вправду молодец, как всё успевает!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *