Меняем плиты своевременно! Где можно приобрести газовые плиты в Ушачах?

Калейдоскоп

Сучасную кухню проста немагчыма ўявіць без газавай пліты. Кожны год у філіялы “Віцебскаблгаза” паступае нямала паведамленняў аб паху газу ў кватэры ці доме. Прааналізаваўшы прычыны такіх сітуацый, газавікі зрабілі вывад, што ў большасці выпадкаў прычынай гэтаму становяцца значнае перавышэнне тэрмінаў эксплуатацыі газавых прыбораў, часам нават да 20 гадоў. Тэрмін жа службы газавай пліты не перавышае 10­-12 гадоў – ён устанаўліваецца заводам­-вытворцам. Пасля названага тэрміну элементы пліты губляюць свае ўласцівасці, а запчастак проста не знойдзеш, таму што іх перастаюць вырабляць на старыя мадэлі. Таму, калі тэрмін годнасці вашай пліты на зыходзе ці яна ўжо адпрацавала сваё, самы час паклапаціцца пра набыццё новага абсталявання. У цяперашні час вытворцы прапануюць спажыўцам мноства варыянтаў гэтага неабходнага ў доме абсталявання, таму часам выбраць пліту бывае складана. Прадмет кухоннай абстаноўкі можа мець розныя паверхні, канфоркі, духоўкі і масу дадатковых функцый, без якіх хтосьці лёгка абыходзіцца, а нехта – ніяк. У выпадку штодзённай гатоўкі на ўсю сям’ю і стандартную кухню лепш аддаць перавагу чатырохканфорачнай мадэлі з эмаліраванай паверхняй. Прафесіяналам у сферы кулінарных эксперыментаў можна выбраць пліты з камбінаванымі духоўкамі і мноствам функцый. Для тых жа, каму не патрэбна вялікая пліта з дадатковымі ўласцівасцямі, ёсць выдатны варыянт – настольная газавая пліта. Ды і зрабіць такую пакупку па кішэні кожнаму. Газавая настольная пліта эканоміць месца на кухні і за гэта цэніцца многімі гаспадынямі. Яна ўпішацца нават у самую маленькую кухню, яшчэ адной асаблівасцю з’яўляецца тое, што пры неабходнасці яе можна з лёгкасцю перамясціць.

Ва Ушачах газавыя пліты сёння прапануюць пакупнікам у магазіне “Будматэрыялы” райспажыўтаварыства. Кошт на традыцыйныя чатырохканфорачныя ў залежнасці ад мадэлі, вытворцы і функцый вагаецца ад 2 мільёнаў 553 тысяч рублёў да 3 мільёнаў 354 тысяч рублёў. Ёсць у продажы і настольная двухканфорачная газавая пліта, цана на якую зусім невялікая – 440 тысяч рублёў. Дарэчы, жыхары раёна, якія не маюць магчымасці ехаць за плітой у райцэнтр, могуць зрабіць заказ праз свае вясковыя магазіны.

Газавае абсталяванне прапануюць ушачанам і ў прыватным магазіне, што размясціўся ў цэнтры гандлю і паслуг насупраць раённага Дома культуры. Тут прадстаўлены шырокі асартымент пліт “Гефест”.

Дапамагчы з продажам, дастаўкай пліты і падключэннем могуць і спецыялісты газавай гаспадаркі, дзе цэнтралізавана закупляюцца пліты “Гефест” як звычайныя, так і настольныя. І калі спажыўцу патрэбна абсталяванне, ён можа звярнуцца ў арганізацыю і выбраць патрэбную мадэль. Даволі зручны варыянт замены старой пліты. Па ўсіх узнікаючых пытаннях замены газавага абсталявання неабходна звяртацца па тэлефоне 2-­71­-04. Калі ж вы набылі пліту ў іншым месцы, то звярнуцца да спецыялістаў газавай гаспадаркі ўсё роўна прыйдзецца – нагадаем, што самастойная замена  абсталявання забаронена.

Калі ж вашай пліце больш, чым указана ў пашпарце (аднак не больш 20 гадоў) і вы не жадаеце яе мяняць, газавая служба па вашай заяве зробіць дыягностыку. Калі абсталяванне прызнаецца спраўным – даецца на год дазвол на эксплуатацыю (паслуга платная), калі аварыйным – газ адключаецца.

Таму лепшае рашэнне – своечасова замяніць старое газавае абсталяванне, якое ўяўляе пагрозу для вас і вашых родных.

Вольга КАМАРКОВА.

Топ лепшых газавых пліт.

Самымі папулярнымі мадэлямі газавых пліт у 2015 годзе сталі Гефест,  Bosch, Zanussi. Сярод пліт вядомай беларускай маркі адной з самых прадаваемых прызнана мадэль Гефест 3200­06 K19.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *