Как вести себя во время грозы

Cлужба-101

Самая вялікая небяспека пры навальніцы – паражэнне маланкай. Кожны год маланкі наносяць значныя страты гаспадаркам і жылым пабудовам. Небяспечныя яны і для людзей. На мінулым тыдні ў Рагачоўскім раёне маланка ўдарыла ў васьмігадовага хлопчыка. Ён гуляў на вуліцы каля дома, побач былі бацькі. Толькі пачаў накрапваць дожджык, у гэты ж момант у дзіця ўдарыла  маланка. Як сцвярджаюць урачы, хлопчыку цудам удалося выжыць.

Маланка ўяўляе сабой электрычны разрад у атмасферы. Набліжаючыся да зямлі, яна накіроўваецца да высокіх будынкаў, дрэў, слупоў, а таксама да месцаў, якія маюць добрую электрычную праводнасць глебы.

Удар маланкі па чалавеку можа прывесці да смерці. Небяспечным з’яўляецца і так званае крокавае напружанне, якое ўзнікае пры “расцяканні” току разраду маланкі па зямлі. Радыус паражэння дзеяння крокавага напружання можа дасягаць 30 метраў.

У лесе маланка дзейнічае выбарачна, трапляючы перш за ўсё ў дуб, таполю, вярбу, ясень, бо ў іх утрымліваецца шмат крухмалу. Хваёвыя дрэвы, а таксама некаторыя лісцевыя (ліпа, грэцкі арэх, бук) утрымліваюць шмат масла, таму аказваюць большае электрычнае супраціўленне – у іх маланка ўдарае радзей.

Як пазбегнуць удару?

Надзейным сродкам аховы жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў ад маланкі можа быць толькі спраўны маланкаадвод. Разам з гэтым не губляйце і самі пільнасці падчас навальніцы і выконвайце вызначаныя меры перасцярогі. Не выходзьце з дому, зачыніце вокны, дзверы, паклапаціцеся, каб не было скразняку. Падчас навальніцы не паліце печку, бо дым мае высокую электраправоднасць і верагоднасць удару маланкі ў комін узрастае. Не станавіцеся ля сцяны, побач з якой расце высокае дрэва. Радыё і тэлевізар адключыце ад сеткі, не карыстайцеся электрапрыборамі і мабільным тэлефонам.

Калі няма магчымасці схавацца ў будынку, не знаходзьцеся на ўзвышшах, адкрытых месцах, паблізу буйных металічных аб’ектаў, вільготных сцен. У лесе лепш схавацца пад нізкае дрэва. Ні ў якім разе не знаходзьцеся ля вады: маланка, якая ў яе трапіла, можа паразіць чалавека на адлегласці ажно некалькіх кіламетраў. Калі навальніца заспела вас у машыне, не пакідайце яе, зачыніце вокны, апусціце аўтамабільную антэну. Калі ехалі на веласіпедзе ці матацыкле, спыніце рух і перачакайце навальніцу на адлегласці каля 30 метраў ад іх.

Як дапамагчы пацярпеламу

Ахвяру маланкі трэба пакласці на подсцілку, расшпіліць каўнер, пояс, апырскаць твар вадой, даць панюхаць нашатырны спірт. Калі чалавек не прыйшоў у прытомнасць, неабходна зрабіць яму штучнае дыханне і як мага хутчэй выклікаць медыкаў.

В.КАРЭЙША, інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *