Ягодно-грибной сезон в разгаре. Отправляясь в лес, не заблудитесь!

Профилактика и безопасность

Ягадна­-грыбны сезон набірае абароты, вабіць у лясы ўсё большую колькасць аматараў “ціхага палявання”. У той жа час прыбаўляецца клопатаў у супрацоўнікаў міліцыі і выратавальнікаў: пакуль грамадзяне збіраюць дарункі лесу, яны вымушаны “збіраць” саміх грыбнікоў і ягаднікаў…

Калі ў лесе перыядычна не выбіраць арыенціры, заблукаць можна вельмі проста. Праўша забірае ўлева, ляўша, адпаведна, управа – чалавек можа хадзіць кругамі бясконца.

На жаль, часта грамадзяне грэбуюць элементарнымі правіламі ўласнай бяспекі, самаўпэўнена разлічваюць на сябе: не бяруць у лес цёплае адзенне, ежу, запалкі, компас, нават не паведамляюць сваякам, куды адлучыліся з дому. За што часам і церпяць.

Перад тым, як адправіцца за ляснымі дарамі, абавязкова пацікаўцеся прагнозам надвор’я, узважана ацаніце стан свайго здароўя. Асабліва гэта датычыцца людзей пажылога ўзросту, бо лес прадугледжвае павышаныя фізічныя нагрузкі – не выключана, што яны справакуюць абвастрэнне захворванняў. Не адлучайцеся далёка ад знаёмых, з якімі прыйшлі. Выратаваць сваё здароўе і нават жыццё, зберагчы нервы блізкім дапаможа мабільны тэлефон, праўда, калі ён мае надзейны зарад батарэйкі.

Калі вы ўсё ж заблукалі, не панікуйце, спыніцеся і ўспомніце, адкуль прыйшлі. Патэлефануйце родным або ў міліцыю, раскажыце, дзе прыкладна знаходзіцеся. Прыслухайцеся да розных гукаў: раптам пачуеце брэх сабак з вёсак ці гул машын на дарозе. Іх і трэба выбраць у якасці арыенціру.

Часта толькі ад аператыўнасці праведзеных вышуковых работ залежыць, будзе чалавек выратаваны ці не. Калі знік хтосьці са знаёмых ці сваякоў, не займайцеся “самадзейнасцю”, а як мага хутчэй звярніцеся ў міліцыю і МНС.

Здараецца, што “ціхае паляванне” заканчваецца для чалавека трагічна. Звяртаемся да ўсіх, хто наведвае лес: калі вы знойдзеце там адзенне, абутак, вёдры, нейкія іншыя рэчы, абавязкова патэлефануйце па нумары 102.

І нарэшце, абмяжуйце паход у лес сваіх пажылых сваякоў. Лепш зімой застацца без грыбоў ды варэння, чым вінаваціць сябе ў знікненні блізкага чалавека.

А.АНДРОСАЎ, выконваючы абавязкі начальніка Ушацкага РАУС.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *