Усадьба семьи Карбовских в числе лучших в агрогородке Ореховно

Благоустройство

Вуліца Лясная ў Арэхаўне нават у пачатку кастрычніка сустракае прахожых не толькі звыклымі колерамі восеньскай лістоты, а і стракатымі фарбамі ўсё яшчэ прыгожых палісадаў. Той жа, хто ўпершыню ідзе па гэтай вуліцы, абавязкова спыніцца ля дзівоснага альпінарыя, які стварылі ля сваёй сядзібы Уладзімір Браніслававіч і Ірына Целясфораўна Карбоўскія.

Зрэшты, гаспадыня да нашай увагі аднеслася з уласцівай ёй сціпласцю – маўляў, ёсць у аграгарадку больш сучасныя дамы і прывабныя падворкі. Але ж недарэмна старшыня Сарочынскага сельвыканкама Л.Я.Птушка менавіта сядзібу Карбоўскіх называе ў ліку самых прыгожых – і не пагадзіцца з гэтым цяжка. Ідэйным натхняльнікам стварэння на месцы былога балотца прыгаданага вышэй альпінарыя належала іх дачцэ Антаніне, якая жыве ў сталіцы, але ў Арэхаўна прыязджае вельмі часта. Намаганнямі жанчын на вялікім кветніку з ранняй вясны да замаразкаў, змяняючы адзін аднаго, цвітуць анюціны вочкі і рамонкі, петуніі і “пеўнікі”, бягоніі і цыніі. Прыклаў майстэрскую руку да стварэння ландшафтнай кампазіцыі і гаспадар сядзібы, для якога няма сакрэтаў ні ў будаўнічым рамястве, ні ў апрацоўцы дрэва. Уладзімір Браніслававіч не толькі змайстраваў малыя архітэктурныя формы, але і выкапаў адмысловую саджалку, якая апаясвае астравок з раскідзістай вярбой, пабудаваў праз яе масткі і нават зрабіў з галін прыгожы пляцень, што абрамляе гэты райскі куточак.

Утульна, прыгожа і непасрэдна ля дома гаспадароў. Асабліва арыгінальнай падаецца тэраса на ўваходзе, апорамі для даху якой служаць натуральныя бярозавыя ствалы. Гэта таксама плён фантазіі і ўмелых рук галавы сям’і, які зусім не можа сядзець без справы – вось і ў дзень, калі завіталі на сядзібу Карбоўскіх, застаць мужчыну не ўдалася, бо ён дапамагаў сябру ў будаўніцтве. Хапае спраў і ў Ірыны Целясфораўны – найперш гэта догляд за немалым агародам, які сёлета парадаваў добрым ураджаем. Упершыню паспрабавалі вырошчваць дыні і кавуны – і хоць сонца было малавата, эксперыментам засталіся задаволены. Каронная ж агародніна гаспадыні – таматы, якіх яна вырошчвае каля 20 сартоў. Сярод самых любімых – ружовы велікан, плады якога сёлета дасягалі кілаграмовай вагі. “Кожная расліна патрабуе асаблівага догляду, пэўнай падкормкі, аховы ад хвароб. Прычым, на розных участках свае асаблівасці. Мы, напрыклад, падкормліваем памідоры аксідатам торфу, а ад фітафторы выкарыстоўваем медны купарвас – падсыпаем яго нават у глебу. Ну і, вядома ж, захоўваем усе тэхналагічныя моманты вырошчвання”, – тлумачыць агародніцкія дасягненні гаспадыня.

Ёсць у Карбоўскіх і падсобная гаспадарка – куры, трусы, парася. “Сорамна жыць у вёсцы і не мець на зіму шматка сала!” – кажа Ірына Целясфораўна. Ды і дзіўным, напэўна, было б, каб не трымалі яны ніякай жыўнасці, бо абое – прафесіяналы жывёлагадоўчай галіны: да таго, як некалькі год таму пайсці на заслужаны адпачынак, жанчына працавала на сарочынскім комплексе заатэхнікам па кармах, а яе муж – галоўным ветурачом.

За невялікі час знаёмства ўпэўнілася, што гаспадары не толькі надзвычай працавітыя, але і добрыя, шчырыя, гасцінныя людзі. Невыпадкова штодня пасля заняткаў спяшаецца на Лясную да дзядулі і бабулі дзевяцікласніца Саша. “З пачатковай школы прывыкла рабіць у нас урокі, – з цеплынёй расказвае пра ўнучку Ірына Целясфораўна. – Зараз, канечне, дапамагчы па прадметах ёй мала чым магу, ды яна і сама няблага спраўляецца: нават у раённых алімпіядах дыпломы заваёўвае!” Вельмі прыемна, калі радуюць дзеці і ўнукі, і ў многім гэта – плён выхавання, станоўчага прыкладу, які падаюць прадстаўнікі старэйшага пакалення гэтай сям’і.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *