Ушачанка Кристина Зуева на республиканской спартакиаде среди детско-юношеских школ по борьбе самбо завоевала бронзу

Cпорт

Спартакіяда сярод дзіцяча­-юнацкіх спартыўных школ па барацьбе самба, якая праходзіла 20­-21 кастрычніка ў рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі “Стайкі”, сабрала выхаванцаў спецыялізаваных устаноў з усіх абласцей Беларусі. Прыемна, што на такім прадстаўнічым турніры сярод мацнейшых юнакоў і дзяўчат краіны не згубіліся і нашы землякі.

Сваё важкае слова сказалі выхаванцы Ушацкай ДЮСШ Сняжана Чарапанава і Дзмітрый Кашыцкі (трэнеры – Святлана Мікалаеўна Фядосенка і Валерыя Мікалаеўна Джураева). Цікава, што зараз яны з’яўляюцца навучэнцамі Віцебскага вучылішча алімпійскага рэзерву, але пасля пераходу туды яшчэ на працягу двух гадоў на спаборніцтвах абласнога і рэспубліканскага ўзроўню працягнуць выступаць за Ушачы. С.Чарапанава выйграла ўсе паядынкі ў сваёй катэгорыі і стала пераможцам турніру, а Д.Кашыцкі ў спаборніцтвах юнакоў узяў “бронзу” ў адной з самых прэстыжных катэгорый вагой да 66 кілаграмаў – тут за першынство змагаўся 41 удзельнік!

На ганаровы п’едэстал узыходзілі ўсе прадстаўнікі нашага раёна, якія прымалі ўдзел у турніры – дзесяцікласніца Ушацкай школы Крысціна Зуева (на здымку) у катэгорыі вагой да 60 кілаграмаў саступіла ў паўфінале толькі будучай чэмпіёнцы спартакіяды, а ў паядынку за трэцяе месца ўпэўнена перамагла. Можна сказаць, што заваяваная дзяўчынай бронза – з “залатым” адлівам, бо на спаборніцтвах такога ўзроўню яна ўдзельнічала ўпершыню. Некалькі год таму Крысціна, якая падавала добрыя надзеі, перанесла складаную траўму і спыніла заняткі.

– Вельмі працавітая дзяўчына, – характарызуе сваю выхаванку трэнер Вера Васільеўна Кіліна. – Да пералому рукі займалася сур’ёзна, з ахвотай. Так склалася, што яе перапынак у занятках дзюдо супаў з перыядам майго дэкрэтнага водпуску. І калі я зноў прыступіла да працы, а дзяўчына вырашыла ўзнавіць трэніроўкі, была толькі рада. Рыхтаваліся, бо самба, у адрозненні ад дзюдо, мае шэраг асаблівасцей – больш захопаў, свабоды дзеянняў, патрабуе значнай вынослівасці з­за працягласці паядынкаў. Крысціна ўпартая, выкладалася ў кожнай схватцы і заслужыла гэты поспех.

Дзяўчына сцвярджае, што перад паядынкамі ў яе няма і ценю боязі перад саперніцамі, нават тытулаванымі. А вось хваляванне заўсёды прысутнічае, але толькі перад выхадам на барцоўскі дыван.

– Стараюся спраўляцца з эмоцыямі, – кажа Крысціна. – А ўзнавіць наведванне секцыі дзюдо вырашыла ў тым ліку і пад уплывам выбару прафесіі. Магчыма, яна не зусім звычайная для прадстаўніцы слабага полу – хачу стаць кадравым афіцэрам! Таму буду паступаць у Ваенную акадэмію: або на пагранічны факультэт, або на псіхолага.

Дзякуючы ўдаламу выступленню, каманда дзяўчынак Ушацкай дзіцяча-­юнацкай спартыўнай школы ўсяго двума ўдзельніцамі заняла шостае месца з дваццаці шасці ДЮСШ і СДЮШАР. Спаборніцтвы насілі таксама статус адборачных да першынства свету па самба на Кіпры. І яно не абыдзецца без удзелу нашых землякоў – С.Чарапанава ўвайшла ў склад зборнай каманды краіны.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *