О вакансиях, услугах сиделки и возможности разместить пожилых в отделении круглосуточного пребывания. В редакции прошла «прямая линия», посвящённая социальным вопросам

Калейдоскоп

На “прамую лінію”, якую праводзілі днямі ў рэдакцыі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Пятроўна ВАСІЛЕЎСКАЯ і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна Алеся Уладзіміраўна ХВАШЧЭЎСКАЯ, звярнулася нямнога грамадзян. Тым не менш, пачуць адказы на ўзнятыя імі пытанні будзе карысна многім нашым чытачам.

– Мой сын пражывае ў Кубліцкім сельсавеце і ўжо доўгі час не можа знайсці работу. Звяртаўся ў мясцовае сельгаспрадпрыемства, аднак падыходзячых вакансій там не аказалася. Як быць у такой сітуацыі?

– Не вельмі зразумела, чаму пры пошуку працоўнага месца малады чалавек абмежаваўся выключна гаспадаркай. У тым жа Кубліцкім сельсавеце не першы месяц адкрыта вакансія рабочага па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў. Думаю, магчыма знайсці і іншыя варыянты. У любым выпадку Вашаму сыну лепш звярнуцца ў раённую службу занятасці, дзе з пераліку існуючых вакансій спецыялісты падбяруць для яго падыходзячую. Калі ўсё ж знайсці працоўнае месца адразу не атрымаецца, маладому чалавеку параяць зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнага. Гэта дасць яму магчымасць пры з’яўленні неабходнай вакансіі адным з першых даведацца пра яе і прэтэндаваць на працаўладкаванне. Ну а калі Ваш сын захоча, ён зможа прайсці прафесійнае навучанне беспрацоўных па запатрабаваных у раёне спецыяльнасцях па накіраванні службы занятасці насельніцтва.

– Ва Ушацкім раёне пражывае мая пажылая мама. Прыязджаць да яе атрымліваецца не так часта, таму хацелася б на зімовы перыяд размясціць яе ў аддзяленне кругласутачнага прабывання для пажылых людзей і інвалідаў у аграгарадку Вяркуды. Ці можна гэта зрабіць?

– Канечне. У аддзяленні створаны ўсе неабходныя ўмовы для камфортнага пражывання, адпачынку адзінокіх пажылых людзей і інвалідаў. Надаецца значная ўвага забеспячэнню належнага мікраклімату, працатэрапіі, заняткам па інтарэсах. Зусім невыпадкова, што тут ужо знайшлі сабе прытулак тыя, хто не можа абыходзіцца без чужой дапамогі, на сённяшні дзень гэта 23 чалавекі. Між іншым, свабодныя месцы ў аддзяленні ёсць.

– Колькі каштуе такая паслуга?

– З адзінокіх непрацаздольных грамадзян бярэцца штомесячная плата ў памеры 85 працэнтаў ад сумы пенсіі (але не больш за 80 працэнтаў ад поўнага кошту паслуг). Калі ж у чалавека ёсць працаздольныя дзеці, апошнія павінны даплаціць да поўнага кошту паслуг установы. Але ж, думаецца, гэта нішто, калі на коне самае дарагое – здароўе блізкіх вам людзей. Удакладніць канкрэтныя сумы, атрымаць дадатковую інфармацыю можна непасрэдна ў аддзяленні па тэлефоне 2­54­74.

– У нас мнагадзетная сям’я. Ведаю, што для такой катэгорыі грамадзян – а дакладней для аднаго з бацькоў – прадугледжаны дадатковы выхадны дзень у тыдзень, які, зрэшты, аплачваецца. Паколькі я працую пазменна, разлічваць на такі “бонус” не магу. Таму да свайго наймальніка – дырэктара ПМК­66 – звярнуўся муж. Вось толькі на такую просьбу яму вусна адмовілі. Што ра­біць у такой сітуацыі?

– Нездарма ў народзе кажуць: хто не стукае, таму не адчыняюць. Не палянуйцеся падысці да наймальніка яшчэ і папрасіць даць на заяву пісьмовы адказ. У выпадку адмоўнага рашэння па ўзгаданым пытанні з гэтым дакументам можна будзе звярнуцца ў суд, паколькі права на дадатковы аплачваемы выхадны дзень Ваш муж, сапраўды, мае.

– Страціўшы здольнасць да самаабслугоўвання, хворыя людзі, іх родныя часта шукаюць памочнікаў. Чула, што тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прапануе ўшачанам паслугі сядзелкі.

– Сапраўды. На іх аказанне можа разлічваць чалавек, які страціў магчымасць самаабслугоўвання і руху. Сядзелка будзе знаходзіцца з ім у дзённы час па рабочых днях ад 10 да 40 гадзін у тыдзень, пры неабходнасці перасцеле ложак, прыгатуе ежу, прыбярэ ў хаце і іншае. Паслугі сядзелкі аказваюцца на платнай аснове на падставе пісьмовай заявы; дакумента, што пацвярджае асобу; медыцынскай даведкі, якая пацвярджае неабходнасць чалавека ў такіх паслугах. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць у аддзяленні тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання ТЦСАН па нумары 2­92­89.

– Дзякуй за тлумачэнні. Спадзяюся, для многіх ушачан атрыманыя звесткі дапамогуць справіцца з жыццёвымі цяжкасцямі.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



1 комментарий по теме “О вакансиях, услугах сиделки и возможности разместить пожилых в отделении круглосуточного пребывания. В редакции прошла «прямая линия», посвящённая социальным вопросам

  1. «…да свайго наймальніка – дырэктара ПМК­66 – звярнуўся муж. Вось толькі на такую просьбу яму вусна адмовілі. Што ра­біць у такой сітуацыі?»
    Калі Вы звернецеся пісьмова, то зразумела ж, кіраўніцтва МПМК-66 не адмовіць Вам. Аднак Вы павінны разумець і тое, што кіраўніцтва арганізацыі пачне шукаць падставу, каб звольніць Вашага мужа. И не таму, што былой МСО кіруюць нелюдзі, а таму што будаўнічая арганізацыя знаходзіцца у крытычным эканамічным стане. Трымаць у штаце непаўнавартую працоўную адзінку яны сабе дазволіць не могуць.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *