Больш за дзвесце малых населеных пунктаў Ушаччыны штодня абслугоўваюць аўтамагазіны райспажыўтаварыства. Крамы на колах прывозяць усе неабходныя вяскоўцам тавары, стараюцца, каб жыхары маленькіх вёсачак не адчувалі сябе абдзеленымі і маглі набыць усё неабходнае.
– Пра работу нашай аўталаўкі можна сказаць толькі добрыя словы! Усяго нам хапае, ёсць выбар і прадукты свежыя. А як зручна, што работнікі выконваюць тыя ці іншыя заяўкі. Напрыклад, я трымаю падсобную гаспадарку і пры неабходнасці хлопцы прывозяць мне камбікорм. Лічу, што на сяле гандлёвае абслугоўванне нармальнае, – гаворыць жыхарка Угрынак Надзея Аўдочанка, робячы ў чарговы раз пакупкі ў аўтамагазіне.
– У мяне ў падсобнай гаспадарцы толькі куры, таму ў аўталаўцы набываю ўсе прадукты, акрамя яек. Дзякуй хочацца сказаць нашым прадаўцам за добрае абслугоўванне, – далучаецца да размовы яшчэ адзін пакупнік Аляксей Гаруськін.
Сапраўды, у аўтамагазіне, які мы засталі на маршруце, у продажы былі ўсе неабходныя тавары, прычым у асартыменце. Напрыклад, тыя, хто хацеў набыць малако ці смятану, мог выбраць вырабы Лепельскага, Полацкага або Брэсцкага камбінатаў. Добрым попытам заўсёды карыстаецца і харчовая прадукцыя ўшацкай вытворчасці.
Ужо больш пяці гадоў абслугоўвае жыхароў Ушаччыны вадзіцель-прадавец Міхаіл Рубанік. Напрыклад, па серадах і суботах яго чакаюць не толькі ва Угрынках, а і Лажанях, Мар’янполлі, Загуззі, Анікеўшчыне, Зерчаніцах і іншых населеных пунктах маршруту. Да кожнага вясковага пакупніка ён імкнецца знайсці падыход і абслужыць якасна.
Вольга КАМАРКОВА.