Экзамен на готовность. В Ушачском районе прошли тактико-специальные учения

Cлужба-101

У мінулы чацвер дарога паблізу вёскі Кавалеўшчына аказалася часова заблакіраванай. У выніку  моцных ападкаў і ўраганнага ветру ўтварыліся завалы, якія паралізавалі рух. Выехаць з Ушач у накірунку Завячэлля ці з адваротнага боку было немагчыма.

На шчасце, урагану на Ушаччыне не было, а па такім сцэнарыі развіваліся чарговыя тактыка-спецыяльныя вучэнні раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, у якіх былі задзейнічаны практычна ўсе службы – медыкі, дарожнікі, праваахоўнікі, газавікі, камунальнікі, работнікі электрасетак і іншыя. Каб быць гатовымі да надзвычайных сітуацый, выратавальнікі пастаянна праводзяць падобныя мерапрыемствы, ліквідуючы ўмоўны пажар, падтапленне ці праводзячы эвакуацыю.

– Практыка паказвае, што падобныя вучэнні вельмі патрэбныя, каб у выпадку стыхіі, здарэнняў дзеянні ўжо былі адпрацаваны і адладжаны, – гаворыць начальнік РАНС С.Я.Аваднёў, а яго словы пацвярджаюцца справамі.

Паваленыя дрэвы ў сціслы час былі ўбраны, а рух аўтамабіляў адноўлены.

Падводзячы вынікі тактыка-спецыяльных вучэнняў, намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па надзвычайных сітуацыях А.В.Галяковіч адзначыў, што падобныя мерапрыемствы – гэта экзамен на гатоўнасць для ўсіх службаў. Кожны з прысутных прааналізаваў памылкі і ў выпадку сапраўднага, а не ўмоўнага здарэння ўжо будзе ведаць дакладна, як дзейнічаць. Але лепш, каб такіх надзвычайных сітуацый ніколі не ўзнікала.

У гэты ж дзень пажарна-прафілактычныя мерапрыемствы выратавальнікі правялі ў ААТ “Ілью­шынскі” і КУСГП “Вялікадолецкае”. На месцах уборкі ўраджаю галоўны спецыяліст абласнога ўпраўлення МНС В.Шархун і першы намеснік начальніка РАНС В.Ганін праверылі наяўнасць пярвічных сродкаў пажаратушэння на тэхніцы і ўменне механізатараў іх выкарыстоўваць. Пажараў і надзвычайных здарэнняў падчас сёлетняй уборкі ўраджаю не дапушчана.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *