Приходите с друзьями, ведите детей! Про условия посещения «Юность-Ушачи» читайте в нашем материале

Калейдоскоп

“Не перадаць словамі, мы толькі што з басейна і ў поўным захапленні. Цёпла, прасторна, трэнажоры! Гадзіны больш чым дастаткова, таму зараз аднаўляем страчаныя калорыі ў кафэ, дзе таксама вельмі дэмакратычныя цэны”. Першымі маімі суразмоўцамі з ліку наведвальнікаў комплексу аказаліся настаўніцы Ушацкай школы В.Спірчонак і М.Ядрэўская. Вольны ад урокаў жанчыны прысвяцілі сабе і, канечне, жывучы тут жа, на Віцебскай, будуць наведваць “Юнацтва”  пастаянна.

А вы толькі збіраецеся? Тады спатрэбяцца нашы слушныя парады. А расказала пра ўмовы наведвання фізкультурна-аздараўленчага комплексу дырэктар ДЮСШ Святлана Мікалаеўна Фядосенка.

Для наведвання басейна не трэба прад’яўляць даведку ад дэрматолага. Яна не патрэбна, паколькі тут маецца складаная шматузроўневая сістэма ачысткі вады. За суткі яна поўнасцю абарочваецца чатыры разы, фільтруецца з дапамогай розных рэагентаў, і самае галоўнае, ультрафіялетавымі промнямі.

Мужчынам, якія маюць кароткую стрыжку – да трох сантыметраў, можна плаваць без галаўнога ўбору, жанчынам дазваляецца апрануць душавую шапачку, а вось дзецям з даўгімі валасамі спатрэбіцца набыць спецыяльную гумавую. Дарэчы, апошнія сталі самым хадавым таварам, 20 штук раскупілі з крамы “Усё за капейку” за два дні, таму завезлі яшчэ 300. Басейн жа адначасова можа прымаць 16-20 чалавек. Там камфортная тэмпература, прасторныя дарожкі, каскад для масажу цела, а таксама шэсць водных трэнажораў. Усё гэта ўваходзіць у кошт наведвання, разлічанага на гадзіну.

Без зменнага абутку вас не пусцяць не толькі ў басейн, але і ў любую іншую залу – верхняя вопратка і боты, чаравікі пакідаюцца ў гардэробе. Пры любой зале: трэнажорнай, тэніснай або аэробікі (акрамя вялікай для гульнявых відаў спорту) ёсць свае раздзявалкі, дзе вы пераапранаецеся ў спартыўную форму. Там жа душавыя, туалеты. І калі пасля трэнажораў вы прымаеце душ па жаданні, то вось перад наведваннем басейна – абавязкова.

На кожным з 26 трэнажораў маецца апісанне, для чаго ён прызначаны. Займацца на працягу гадзіны за 2 рублі пры разавым наведванні ў самы запатрабаваны час можна як самастойна, так і пры дапамозе спецыяліста, які падкажа і адрэгулюе нагрузку.

У тэніснай зале вам выдадуць ракеткі і шарык, кошт “арэнды” стала на гадзіну для дваіх чалавек – 2 рублі 50 капеек. А калі няма з кім пакінуць дзіця, дапаможа “Гульнявы пакой”. Выцягнуць яго адтуль, мяркую, будзе праблематычна, паколькі памяшканне аснашчана па апошнім піску моды. Пакой пачне працаваць у самым хуткім часе пасля падбору патрэбнага спецыяліста па доглядзе за дзецьмі.

Пастаянна паступаюць і пытанні наконт запісу на аэробіку. Фітнэс хутка распачнецца, а пры дастатковай колькасці наведвальнікаў магчымы і іншыя віды калектыўных заняткаў, напрыклад, ёгай.

У фізкультурна-аздараўленчым комплексе ёсць саўна, якая сустрэла прыемным цяплом і пахам дрэва. Дарэчы, з чорнай вольхі там не толькі палок і сцены, а і купелі, куды можна акунуцца, каб астудзіцца, а таксама пакой для адпачынку. Саўна мае асобны ўваход, разлічана на 6-8 чалавек і яе ўжо ацанілі аматары сухой пары з Лепеля. Засталіся ў захапленні і ад паслугі, і ад кошту (арэнда усёй на дзве гадзіны складае 50 рублёў), а зэканомленыя сродкі пусцілі на басейн і кафэ. Гандлёвая нацэнка ў ім невысокая, ніжэй чым у рэстаране гарпасёлка, асартымент шырокі, а ўмовы выдатныя. Разлічана яно на 30 месцаў – можна праводзіць сямейныя святы, як, дарэчы, і ў не менш утульным канферэнц-зале на другім паверсе. Гэты паўкруглы і напалову шкляны пакой проста створаны для прэзентацый, канферэнцый, карпаратываў за шведскім сталом (пры ўмове, што вы закажаце яго самі).

У “Юнацтве-Ушачы”  можна арандаваць залы, басейн ці некалькі яго дарожак, а таксама размясціць гасцей у гасцініцы, разлічанай на 18 месцаў, ёсць двух-, трох- і чатырох-месныя нумары, а таксама аднамесны, у якім усё абсталявана для зручнасці інваліда. Кошт пражывання за суткі – 6 рублёў 40 капеек. А спыніцца там могуць не толькі спартсмены, але і любыя госці Ушаччыны.

Так што прыходзьце самі, клічце сяброў, рэкламуйце іншагароднім знаёмым.

Зрэшты, рэкламай ў “Юнацтве-Ушачы” з’яўляецца ўсё – ад шыкоўных умоў да вельмі нізкіх цэн. “Трэба, каб паслугі былі даступны ўсім”, – такім прынцыпам карысталася кіраўніцтва раёна пры фарміраванні і зацвярджэнні кошту. Прычым, сістэма скідак вельмі гібкая. Так, разавае наведванне басейна ў самы запатрабаваны час з 17 да 22 у буднія дні і з 8 да 22 гадзін ў выхадныя каштуе 2.80 для дарослага і 2 рублі для дзіцяці. Пры набыцці абанемента цана змяншаецца прапарцыянальна колькасці наведванняў: на 4 – 10 рублёў, 8 – 19,20, за 12 вы заплаціце 26,40, а за месячны безліміт – 38 рублёў, такім чынам зменшыўшы разавае штодзённае наведванне да 2 рублёў 10 капеек. Пры безлімітным абанеменце на тры месяцы яно будзе каштаваць 2 рублі для дарослага і ўсяго 1,40 для непаўналетняга. Дарэчы, калі вы прыйшлі ў басейн з дзіця, кошт таксама меншы, як і пры набыцці сямейнага абанементу. Ніжэйшыя расцэнкі і пры плаванні з 8 да 17 у буднія дні: 2,20 для дарослага і 1,6 для дзіця.

Зніжаны кошт для пенсіянераў, інвалідаў: 1,9 за гадзіну, а таксама калі вы займаецеся не ў адным, а ў некалькіх залах. Бясплатна могуць плаваць у басейне дзеці-сіроты, тыя, што засталіся без апекі бацькоў ці знаходзяцца ў сацыяльным прытулку.

Пералічылі далёка не ўсе расцэнкі, паколькі варыянтаў вельмі шмат. Удакладняйце на месцы, спрабуйце, што вам больш па душы, аздараўляйцеся. А выбраць ёсць з чаго, у тым ліку і па часе: комплекс працуе з 6.30 да 22.30 гадзін. А ў гэтую нядзелю ў новым будынку можна пахварэць за матуль і сябровак падчас традыцыйнага жаночага турніру па валейболе.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *