Фитнес-занятия в физкультурно-оздоровительном комплексе «Юность-Ушачи» привлекают ушачанок

Cпорт Здравоохранение

Аэробіка, фітнес, ёга – гэты спартыўны арсенал для актыўных ушачанак, якія вядуць здаровы лад жыцця і жадаюць заўсёды быць у зайздроснай форме, з нядаўняга часу папоўніўся пілатэсам і зумбай. Магчымасць наведваць цікавыя і надзвычай карысныя заняткі ў прадстаўніц прыгожай паловы з’яві­лася з адкрыццём фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы”.

– Распрацоўваючы праграму, аб’яўляючы набор жадаючых, шчыра кажучы, не чакалі такой актыўнасці з боку ўшачанак, – расказвае кіраўнік названых секцый Юлія Казак, харэограф па спецыяльнасці. – Першапачаткова планавалі адкрыць па адной групе пілатэсу і зумбы. Аднак жадаючых аказалася настолькі многа, што давялося павялічваць гэтую колькасць удвая.

Вось ужо на працягу амаль месяца ўшачанкі два разы на тыдзень наведваюць заняткі: адны – па аўторках і чацвяргах, іншыя – па серадах і пятніцах, як каму зручней. А палове сёмай вечара іх чакае пілатэс. Яго практыкаванні скіраваны на ўмацаванне мышцаў цела і выконваюцца павольна, плаўна. Пры гэтым вялікая ўвага надаецца правільнаму дыханню. Пры рэгулярных занятках піла­тэсам цела становіцца больш гнуткім, падцягнутым. Цікава, што практыкаванні для яго былі прыдуманы больш за 100 гадоў назад немцам Джосэфам Пілатэсам, які лічыў, што “здароўе – першы складнік шчасця”.

А вось энергічная зумба, заняткі якой у фізкультурна-аздараўленчым комплексе пачынаюцца ў 19.30, – зусім малады напрамак фітнесу. Яго ў 90-х выпадкова прыдумаў калумбійскі танцор і харэограф Альберта Перэс. Зумба так спадабалася ўсім, што літаральна за некалькі гадоў стала папулярнай больш чым у 185 краінах свету. Зацікавіліся праграмай з элементамі сальсы, самбы, фламенка і на Ушаччыне. Гэта вясёлая, актыўная трэніроўка. Яна дапамагае прапрацаваць максімальную колькасць мышцаў. За гадзіну танцаў страчваецца каля 400-500 ккал.

Адна за адной на чарговую трэніроўку прыходзяць дзяўчаты, маладыя мамы, жанчыны. Цікаўлюся, чым прывабліваюць іх новыя фітнес-заняткі:

– Кожны раз пасля пілатэсу адчуваю моцны прыліў сіл, – кажа Святлана Бугай. – Радуюць паступовае павелічэнне нагрузак і практыкаванні, карысныя для жаночага здароўя. Насамрэч, вельмі добра, што ў нас ёсць магчымасць займацца сабой, сваёй фігурай. А рабіць гэта ў прасторных, светлых залах новага комплексу прыемней удвая.

– Зумба дазваляе развіваць каардынацыю, рухавасць, – далучаецца да размовы Анастасія Станкевіч. –  Тут мы адпачываем душой, забываючыся пра асабістыя праблемы. Завадная музыка, прыемная кампанія – што яшчэ патрэбна для танцаў і добрага настрою?

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *