Детский фольклорный коллектив «Спадчына» стал лауреатом 3 степени на областном смотре-конкурсе фольклорного искусства детей и молодёжи “Ад прашчураў да зор”

Культура

Штогадовы абласны агляд-конкурс фальклорнага мастацтва дзяцей і моладзі “Ад прашчураў да зор”, які нядаўна прайшоў у Расонах, сабраў больш за 350 артыстаў з розных рэгіёнаў Прыдзвіння. Было што паказаць на мерапрыемстве і ўшачанам.

Конкурс праводзіцца на Віцебшчыне з 2004 года, і кожны раз колькасць удзельнікаў расце, з’яўляюцца новыя дзіцячыя калектывы, якія папулярызуюць мясцовыя традыцыі і абрады, паказваюць высокі мастацкі ўзровень выканання і веданне фальклорнай спадчыны вобласці. Ушаччыну на конкурсе прадставіў ужо вядомы сваімі перамогамі дзіцячы фальклорны калектыў “Спадчына” Матырынскага сельскага Дома культуры. На суд журы і ўвазе шматлікіх гледачоў быў прадстаўлены абрад калядавання, які суправаджаўся інструментальным выкананнем музыкі рэгіёна, танцамі, песеннай творчасцю. Праграма нашых канкурсантаў атрымала даволі высокую адзнаку сярод усіх прадстаўленых, і “Спадчына” вярнулася дадому з Дыпломам лаўрэата трэцяй ступені.

У рамках агляду-конкурсу праходзіў і турнір народных побытавых танцаў у дзвюх узроставых катэгорыях. Ён стаў дэбютным для трох ушацкіх пар – самых малодшых удзельнікаў “Спадчыны” (7-10 гадоў), якія толькі нядаўна пачалі танцаваць – Рамана Літвіна і Златы Бойчанка, Арсенія Логінава і Ангеліны Шалонька, Мацвея Макрыдзіна і Дзіяны Муша. Яны выступілі дастойна, а апошнія сталі фіналістамі на заключным этапе.

– Усе нашы ўдзельнікі малайцы, грунтоўна рыхтаваліся і вельмі стараліся падчас выступлення, і прыемна, што наша работа па захаванні фальклорных традыцый не застаецца непрыкмечанай, – гаворыць кіраўнік калектыву, метадыст раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Галіна Сяргееўна Рудзёнак. – Спыняцца на дасягнутым не збіраемся, а такія вось удалыя выступленні з’яўляюцца выдатным стымулам да новых здзяйсненняў.

Вольга КАМАРКОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *